Звяртаючыся да журналістаў па дапамогу, людзі заўсёды чакаюць ад нас зваротнай рэакцыі. Мы стараемся рэагаваць на просьбы і выязджаем на месца так званага «здарэння», каб усё ўбачыць на свае вочы і аперыраваць толькі фактамі. Здымаем на фота, шукаем адказных і просім даць каментарый. Калі пытанне вырашаецца на карысць нашых чытачоў, яны заўсёды тэлефануюць нам ці пішуць, каб выказаць словы падзякі за праведзеную работу. Нам таксама прыемна, што наш маленькі ўклад у добрую справу мае вагу.
Ці патрэбныя дошкі аб’яў у пад’ездах?

Пытанне: Чаму б у пад’ездах шматпавярховак падчас капрамонту не зрабіць дошкі аб’яў? Напрыклад, па вул. Кастрычніцкай зрабілі прыгожыя пад’езды, а сцены ў доме № 60 ужо сапсаваны кавалкамі наклеенай паперы.
Ад рэдакцыі. Пытанне, на самай справе, простае, але вельмі хвалюючае. Сапраўды, на ўсіх пад’ездах пастаянна расклеены рэкламныя аб’явы, прычым дзе давядзецца, паколькі месца для такога віду маркетынгу не прадугледжана. А калі не хапае дзвярэй, клеяць на сценах. Забараніць гэта рабіць ці адсачыць расклейшчыкаў проста немагчыма. Зразумела, што гэта работа ў асноўным прыватных асоб ці кампаній, якія такім чынам робяць сабе рэкламу і шукаюць патэнцыйных кліентаў. Іх таксама можна зразумець, але гэта выглядае неэстэтычна. Адны аб’яўкі зрываюцца, іншыя клеяцца, трэція звісаюць… Даўней казалі, што ўваход у любую хату, як і парог, павінен заўсёды быць чыстым і дагледжаным, тады адразу становіцца ясна, хто жыве за гэтымі самымі дзвярыма.
Пытанне вырашаецца вельмі проста: пры будаўніцтве новых дамоў ці капрамонце старых можна і трэба прадугледзець такую простую рэч, як рэкламная дошка, і прымацаваць яе ў кожным пад’ездзе. Тады застанецца толькі спадзявацца на свядомасць нашых грамадзян, якія гэты від прэферэнцый будуць выкарыстоўваць выключна па прызначэнні.
Куды падзець буйнагабарытную (няспраўную) бытавую тэхніку?

Пытанне настолькі часта задаваемае, што да яго адказу падключыліся не толькі журналісты, але і мясцовыя органы ўлады, і ў яго вырашэнні з’явіліся істотныя зрухі.
Да буйнагабарытнай бытавой тэхнікі адносяць вялікія прыборы, якія выкарыстоўваюцца для паўсядзённых гаспадарчых задач, такіх як прыгатаванне ежы, мыццё або захаванне прадуктаў харчавання.
Для агульнага разумення ўдакладнім, што канкрэтна адносіцца да асноўных буйнагабарытных бытавых прыбораў:
— халадзільнае абсталяванне: маразільнік, халадзільнік, кулер;
— прыборы для гатавання ежы: кухонная пліта, мікрахвалевая печ;
— абсталяванне для мыцця/прання і сушкі: пральная машына, сушылка для бялізны, сушыльная шафа, посудамыйная машына;
— прыборы для ацяплення, астуджэння і вентыляцыі: кандыцыянер, воданагравальнік, кухонная выцяжка, бытавыя кандыцыянеры.
На сённяшні дзень праблема вырашана наступным чынам. На пастаяннай аснове буйнагабарытную бытавую тэхніку (невыкарыстоўваемую) прымаюць у насельніцтва ў прыёмным пункце КУВП «Камунальнік» па вул. Свабоды, 73А за аплату альбо па заяўках па тэл. 4-18-49. Кошт — 15 кап. за 1кг.
Тэхніка павінна быць у поўнай камплектацыі. Па частках яе можна здаць толькі на металалом. Прыём таксама ажыццяўляе акцыянернае таварыства, рэклама якога на 15-й старонцы.
Для дзяцей усё магчыма
Пытанне: У горадзе шмат прыдваравых тэрыторый, дзе
з’явіліся дзіцячыя пляцоўкі. Чаму б не зрабіць такую ж па вул.
Ефрасінні Полацкай?
Ад рэдакцыі. Гледзячы на тое, як змяніўся наш горад за апошнія годы, душа цешыцца і сэрца спявае. Для невялікага райцэнтра — прарыў з прыцягненнем добрых інвестыцый для яго пераўтварэння. Спачатку гэта было звязана з юбілейнай датай горада, потым з правядзеннем маштабных мерапрыемстваў рэспубліканскага значэння. Калі горад пачаў квітнець на вачах, заўсёды хочацца яшчэ большага. Але да любога сур’ёзнага праекта трэба падыходзіць з веданнем справы, а будаўніцтва дзіцячых пляцовак — працэс сур’ёзны і адказны, і ўвасобіць яго «як мага хутчэй» не атрымаецца. Паколькі размова ідзе не толькі аб забавах дзяцей, але і пра іх бяспеку. Гэта работа патрабуе важкіх фінансавых укладанняў, праектаў і дазволаў, таму на ўсё патрэбны час і грошы.
З іншага боку, паставіць проста дзіцячую горку з пясочніцай ужо не атрымаецца, як кажуць, не той час. Цяпер упор робіцца на цэлыя комплексы, так званыя «дзіцячыя гарадкі» з рознымі відамі гульнявых лакацый, узроставых асаблівасцей дзяцей і іх патрэб.
Праблема вырашальная, але не ўсё адразу. З улікам паэтапнага развіцця інфраструктуры горада мы спадзяёмся, што гарадскія ўлады не пакінуць па-за ўвагай дзяцей па вул. Ефрасінні Полацкай.
Падрыхтавала Ірына Велясевіч
