Уначы з 30 красавіка на 1 мая 1944 года пружанцы прачнуліся ад моцнага выбуху. Жыхары акупаванага фашыстамі райцэнтра за гады ваеннага ліхалецця вымушана прывыклі да стральбы, выбухаў, неспакойных начэй. Але на гэты раз грымнула, лічы, у самым цэнтры Пружан — і амаль адразу полымя пажару асвятліла горад. Баючыся выйсці з дамоў, людзі занепакоена глядзелі ў вокны, маці прыціскалі да сябе напалоханых дзяцей. Няшмат людзей дакладна ведалі, ШТО здарылася. Сярод іх была жыхарка вуліцы Шарашоўскай Кацярына Нічыпаровіч.

«Падарунак» фашыстам да Першамая
Інфармацыю пра тое, як пружанскія падпольшчыкі вырашылі паднесці «першамайскі падарунак» фашысцкім акупантам, я знайшла ў архіўнай падшыўцы раённай газеты «Красное Знамя» за 1946 год.
Аўтар артыкула «Сустрэча 1 Мая» ў падрабязнасцях расказвала, як Дзмітрый Пацяруха праз сувязную Марусю перадаў падпольшчыцы Кацярыне Нічыпаровіч міну з гадзіннікавым механізмам. Як, ідучы на заданне, Каця хвалявалася, нягледзячы на цёплы сонечны дзень, хуталася ў шарсцяную вялікую хустку. Як прайшла па вуліцы Савецкай да Чырвонаармейскай, з-за вугла зірнула ў бок вялікага дома, дзе жылі нямецкія пагранічнікі. Надыходзіў абедзенны час, і адтуль выходзілі афіцэры.
Калі ўсе сышлі, вартавы адышоў ад дзвярэй, усеўся на камені і задрамаў, абняўшы вінтоўку. Уваходныя дзверы апынуліся незамкнёнымі, Каця ўвайшла. У калідор выходзілі дзверы пакояў. Сваім ключом дзяўчына адчыніла адны з іх, дзе, на яе думку, жыў «галоўны» немец. Узяла ў рукі міну. Куды пакласці? Падняла матрац нікеліраванага ложка, потым падушку… Пот каціўся па яе твары, рукі дрыжалі. Паклала і паспешна выйшла, зачыніла пакой. У калідоры паглядзела праз акно на вуліцу — вартавы ўсё гэтак жа драмаў. Каця выйшла і, не аглядаючыся, пайшла прэч – зноў па Савецкай, міма рынка, павярнула на Шарашоўскую, дадому…
Яе пачалі трывожыць думкі: ці правільна ўстанавіла міну, ці спрацуе тая, як было намечана, праз 12 гадзін? Хваляванні аказаліся дарэмнымі. Апоўначы страшны выбух скалыхнуў паветра. Жандары і паліцэйскія рушылі да палаючага будынка. Але тушыць пажар было немагчыма: у агні пачалі ўзрывацца боепрыпасы, ляцелі асколкі гранат. Фашысты ў адной бялізне выскоквалі з агню…

Партызанская сувязная
Прачытала эмацыянальна напісаны артыкул і, шчыра кажучы, засумнявалася: ён быў больш падобны на мастацкі твор, чым на дакументальны аповед. Удакладніць інфармацыю дапамог інтэрнэт-праект «Партызаны Беларусі». Дакументы, змешчаныя тут, сведчаць, што Кацярына Міхайлаўна Нічыпаровіч яшчэ ў чэрвені 1942 года стала сувязной партызанскай групы Дарафеева і Паддубнага, якая дзейнічала на тэрыторыі Пружанскага раёна. З лютага 1943 года, калі адбылося зліццё дробных атрадаў, яна ўжо называецца сувязной партызанскага атрада імя Кірава брыгады імя Панамарэнкі Брэсцкага злучэння. Выконвала розныя даручэнні, накшталт збору адзення і зброі для партызан, распаўсюджання інфармацыі. Але апісанне яе подзвігу аказалася нешматслоўным. У прадстаўленні да медаля «Партызану Айчыннай вайны» І ступені зазначана: «Па заданні антыфашысцкага камітэта … узарвала дом, дзе жылі нямецкія пагранічнікі, у г. Пружаны па вул. 1 Мая, згарэла некалькі чалавек немцаў, каса грашовая і ўся маёмасць».
Пра падобны выбух 23 верасня 1943 года ў Мінску фільмы здымалі. Памятаеце знакаміты «Гадзіннік спыніўся апоўначы»? Зразумела, што там знішчылі гаўляйтэра Беларусі, а тут — чатырох пагранічнікаў у невялікіх чынах, але ж рызыка, лічы, аднолькавая.
З дакументаў таксама даведалася, што Дзмітрый Пацяруха — ураджэнец вёскі Калядзічы, разведчык і баец партызанскага атрада імя Кірава, на той час быў старшынёй антыфашысцкай арганізацыі Пружанскага раёна. А хто такая Маруся?
Адказ на гэтае і шэраг іншых пытанняў знайшоўся ў асабістым архіве жыхара Пружан палкоўніка ў адстаўцы Антона Фёдаравіча Нічыпаровіча, які свята захоўвае памяць пра партызанскае мінулае сваёй маці.

«Вось такая ў мяне была мама…»
Марыя Пастухова прыехала ў Пружаны ў другой палове 1940 года з расійскага Іванава — яе муж быў накіраваны па партыйнай лініі на будаўніцтва аэрадрома ў Засімавічах. Тут яна пасябравала з мясцовай жыхаркай Кацярынай Нічыпаровіч. Маладыя жанчыны былі амаль равесніцамі: Маша з 1913 года нараджэння, Каця — з 1915-га. Пачалася вайна, і Марыя разам з жонкамі іншых ваеннаслужачых вымушана была сысці ў лес (пра лёс яе мужа нічога не вядома). Праз некаторы час па заданні партызан яна вярнулася ў Пружаны. Сяброўкі ўладкаваліся на працу прыбіральшчыцамі ў нямецкую казарму. У вялікім будынку таксама размяшчаўся склад зброі і абмундзіравання.
З успамінаў К.М. Нічыпаровіч, дасланых іванаўскім следапытам: «Марыя пасялілася ў пакоі побач са складам, а ў мяне былі ключы ад пакояў. Я мыла ганак і назірала за вартавым, а яна прабіралася ў складзе і апранала на сябе некалькі пар салдацкай бялізны, а ў вядро насыпала патроны. Усё гэтае хавалі, а потым перапраўлялі партызанам. Складаней было праносіць зброю: хавалі яе пад паліто або сукенку і ішлі па двары міма вартавога, прыціснуўшыся адна да адной. Вінтоўкі загортвалі ў палавікі… Калі ж атрымалі заданне напярэдадні Першамая ўзарваць казарму, Марыя прынесла ў вядры міну і адразу сышла ў партызанскі атрад…»
Раніцай пасля выбуху Кацярына таксама пакінула горад — праз каталіцкія могілкі, напрасткі адвяла свайго 9-гадовага сына Антона на лясны хутар Квасаўшчына каля Шанёў, у партызанскую зону. Тут і правялі яны два з паловай месяцы да вызвалення Пружан.
Час выбраў іх
На шчасце, сям‘ю пружанскіх мяшчан Нічыпаровічаў абышлі калі не цяжкасці ваеннага ліхалецця, то страты. Усе тры сыны ганчара Антона Іванавіча і яго жонкі Ганны Фамінічны апранулі салдацкія шынялі, хоць па-рознаму склаліся іх франтавыя лёсы. Сувязіст Уладзімір праявіў гераізм у баях за Румельсбург, быў узнагароджаны медалём «За адвагу», у сакавіку 1945-га атрымаў цяжкае раненне, якое прывяло да інваліднасці. Ездавы мінамётнай роты Міхаіл вызначыўся падчас прарыву абароны немцаў на заходнім беразе Нарава і таксама вярнуўся дадому з баявымі ўзнагародамі.
Фёдар, муж Кацярыны, быў прызваны ў армію яшчэ да пачатку вайны, трапіў у нямецкі палон. Пасля вызвалення з лагера апрануў ужо шынель салдата Чырвонай Арміі, але яго, як «нядобранадзейнага», накіравалі ў нестраявы, гаспадарчы ўзвод. Ішлі баі на тэрыторыі Усходняй Прусіі, падчас бамбёжкі Фёдар быў цяжка паранены, перажыў дзве ампутацыі, вярнуўся дадому з адной нагой.
Кацярына пайшла працаваць на малочны завод, летам 1946-га нарадзіла дачку Лілію, расціла дзяцей, трымала гаспадарку і сваім гераічным мінулым дзяліцца не любіла. Нават не ўсе сваякі ведалі пра ўнёсак гэтай простай жанчыны ў набліжэнне Вялікай Перамогі.
Захавальнік памяці — сквер імя Гудзімава
Белыя плямы ў гэтай гісторыі ўсё ж застаюцца. Ёсць некаторая розніца ў датах і назвах у дакументах розных часоў, існуе некалькі меркаванняў наконт таго, дзе размяшчаўся ўзарваны будынак. Але давайце і мы, як некалі Кацярына Нічыпаровіч, зазірнем з вуліцы Савецкай на Чырвонаармейскую. Што бачым? Будынкі бібліятэкі (узведзена на месцы «белай» турмы), аддзела «Ахова», жылая двухпавярхоўка… Далей — сквер з музеем ваеннай тэхнікі і Алеяй Памяці. У міжваенны перыяд на гэтым месцы размяшчалася сядзіба інжынера і землеўладальніка Юзафа Чарноцкага. Значную частку вялікага будынка займаў абывацельскі клуб з папулярным рэстаранам, у адным з бакавых крылаў мясцілася адвакацкая кантора Стэфана Свянціньскага, зяця Чарноцкага. На карце ваенных часоў на гэтым участку Flughafenstrasse — Аэрадромнай вуліцы, як немцы называлі цяперашнюю Чырвонаармейскую, пазначаны «драўляны дом з пляцам». Мне здаецца, што менавіта тут і разгарнуліся, дакладней, разгарэліся падзеі.
Пасля вайны пружанцы нямала папрацавалі, каб аднавіць родны горад. Нават школьнікі пасля ўрокаў выходзілі на разборку завалаў. Недзе на былых пажарышчах узняліся новыя збудаванні, а на месцы згарэлай сядзібы камсамольцы разбілі сквер. Цяпер ён носіць імя лётчыка Сцяпана Гудзімава, які адным з першых на світанку 22 чэрвеня 1941 года ўступіў у паветраны бой з фашыстамі, здзейсніў паветраны таран. Сімвалічна, што менавіта гэтае месца захоўвае памяць пра лётчыкаў 33-га знішчальнага палка, які базіраваўся на куплінскім аэрадроме. І пра партызанку Кацярыну Нічыпаровіч, якая паўтарыла подзвіг Алены Мазанік.
Ірына Сядова. Фота з архіваў А.Ф. Нічыпаровіча і
адкрытых інтэрнэт-крыніц
