Понедельник, 8 июня 2026

Новы Урад складзены

428

Ці, як заўважыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, новы-стары ўрад: некаторыя міністры атрымалі свае партфелі літаральна за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў, іншыя — крыху раней, і яны працягнуць сваю работу. Як растлумачыў Кіраўнік дзяржавы, гэта было зроблена для таго, каб людзі бачылі і разумелі, з кім будзе працаваць Прэзідэнт.

Аднак працаваць новы ўрад будзе з пэўнымі асаблівасцямі, якія агучыў Прэзідэнт: «Гэта асаблівасць заключаецца ў тым, што большую вагу ва ўрадзе будуць мець намеснікі Прэм’ер-міністра». Каб актуалізаваць задачы і акрэсліць пытанні, на якія будзе звернута асаблівая ўвага, Аляксандр Лукашэнка сабраў Урад разам. Для зручнасці і больш прадметных размоў усе былі падзеленыя на некалькі блокаў. Асобна з кожным блокам Аляксандр Лукашэнка правёў нарады, на якіх абмеркавалі будучую работу.

Агульная задача — эканамічны рост
Эканамічны блок урада ўзначаліць першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў. У гэты блок таксама ўключаны Міністэрствы антыманапольнага рэгулявання і гандлю, па падатках і зборах, фінансаў, эканомікі, сувязі і інфарматызацыі, Дзяржаўны камітэт па маёмасці.


Асноўнай задачай гэтага блока і першага віцэ-прэм’ера асабіста Прэзідэнт назваў эканамічны рост. І тут акцэнт — на інвестыцыі. «Вы ведаеце ініцыятыву «Адзін раён — адзін праект» — гэта ініцыятыва мае сваё развіццё, яна кантралюецца непасрэдна віцэ-прэм’ерам. Я гатовы да таго, каб на аснове гэтай ініцыятывы мы бачылі новыя ідэі. Але інвестыцыі павінны нарастаць. Мы плануем, што за пяцігодку атрымаем рост інвестыцый прыкладна на трэць»,— сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вось ваш напрамак — дзейнічайце»
Сацыяльны блок урада цяпер будзе працаваць пад кіраўніцтвам новага намесніка Прэм’ер-міністра Уладзіміра Караніка. Да гэтага ён узначальваў Гродзенскі аблвыканкам. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яму імпануе тое, што Уладзімір Каранік заўсёды адкрыта выказвае сваё меркаванне, не толькі ва ўрадзе, але і ў Прэзідэнта. Таксама падкрэсліў, што новы віцэ-прэм’ер — адукаваны чалавек, займаўся навуковай дзейнасцю, таму гэтую сферу таксама разумее. Добра вядома, што Уладзімір Каранік адкрыты да сродкаў масавай інфармацыі.

Міністэрства культуры: спыніць хістанні
Па словах Кіраўніка дзяржавы, усе міністры на сваіх месцах і выдатна ведаюць сваю сферу. «Іншая справа, што ёсць нейкія родныя, блізкія, знаёмыя. «Я лічу, што яны вельмі таленавітыя,— цытую некаторых міністраў.— Таму яны павінны працаваць». Нягледзячы на тое, што яны ворагі фактычна нашай дзяржавы і сядзяць да пары да часу пад венікам. У вашай структуры такіх дастаткова,— звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да міністра культуры Руслана Чарнецкага.— Мы перажылі з вамі гэты перыяд. Трэба ўмець дараваць. Калі гэта магчыма. Я гэта кажу ў гэтым коле, таму што як можна дараваць публічным людзям? Усе публічныя людзі. І калі вы выступалі супраць дзяржавы, гэта ж бачыў увесь народ».

Мінспорту і турызму: даваць вынік
Што тычыцца спорту, то Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на цвёрдасць, ваенную падрыхтоўку міністра Сяргея Кавальчука. Па словах Прэзідэнта, гэта нядрэнна, сёння патрэбна жорсткасць. А таксама папярэдзіў, што ў спорце трэба рыхтавацца да прыстойных змяненняў па зарплатах. «Гэта ж не справа, што мы за бюджэт усіх утрымліваем. Таму тут нам трэба парадак навесці». Беларускі лідар даручыў кіраўніцтву спартыўнай галіны разабрацца, каму колькі плаціць.

Міністэрства аховы здароўя: дзейнічаць
Прэзідэнт заўважыў, што ў сістэме аховы здароўя зараз шмат нараканняў. «Не будзе ніякіх там кланаў. Таму дзейнічайце. Вы назначаны Прэзідэнтам, і ніхто не мае права ў вас камяні кідаць»,— звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева.

Мінадукацыі:
толькі не спыняцца
У адукацыі, сродках масавай інфармацыі, па словах Прэзідэнта, адставаць нельга. Ён падкрэсліў, што адукацыю ўзначальвае малады міністр. І няхай многія на гэта скардзяцца, сфера ўжо прывыкла. «Рабіце так, каб і ў школе было добра, каб парадак быў, каб яна была храмам. І каб уступныя экзамены былі нармальнымі, даступнымі», — параіў Кіраўнік дзяржавы Андрэю Іванцу.

Мінінфарм: не адставаць
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння сродкі масавай інфармацыі на вастрыні. Па яго словах, вельмі добра, што міністр інфармацыі Марат Маркаў працягвае сам працаваць у СМІ. «Трэба не адставаць, трэба перамагаць. Ісці наперад і перамагаць. Іншага не дадзена»,— падкрэсліў Прэзідэнт.
БЕЛТА