Дзень настаўніка, які адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, — гэта цудоўная магчымасць у чарговы раз сказаць велізарны дзякуй педагогам за высакародную працу, за бясконцае цярпенне, мудрасць і цеплыню сэрцаў, любоў да кожнага свайго вучня, выхаванца, падарыць ім кветкі і ўвагу.
У мінулую пятніцу ў вялікай зале Палаца культуры было адзначана на пачатку святочнага мерапрыемства, што Дзень настаўніка — свята асаблівае, таму што да яго мае дачыненне кожны чалавек, кім ён ні быў. Бо мы ўсе ў свой час прайшлі праз рукі гэтых душэўных, светлых людзей, а некаму за шчасце і цяпер сядзець за партай і спасцігаць добрае і разумнае, быць побач са сваімі самымі лепшымі педагогамі.
— Дзякуй за вашу работу, складаную, але такую важную для краіны. Вы працуеце з дзецьмі — самым каштоўным для нашай Радзімы. Даяце ўрокі жыцця, вучыце быць людзьмі, развіваеце ў кожным талент. Ваша самааддача дазваляе ганарыцца настаўнікамі Пружаншчыны. Паклон ветэранам педагагічнай працы за перададзеныя веды і мудрасць. А маладым кадрам слова на дарогу: працягвайце традыцыі, развівайцеся, дзейнічайце! Моцнага ўсім здароўя, аптымізму, каб усе мары абавязкова ажыццявіліся! — цёплыя словы ад старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча ў залу, якая была проста перапоўнена атмасферай чуласці, душэўнасці і непадробнай любові да абранай справы.
Сапраўды, што значыць быць настаўнікам, ды яшчэ і ў Пружанскім раёне? На гэтае пытанне і адказвалі па відэасувязі педагогі. Выснова адна: тут створаны ўсе ўмовы для працы, толькі наперад і з песняй на душы.

— У вас велізарнае сэрца, у якім знаходзіцца месца кожнаму вучню. Настаўнік — гэта тварэц ўсяго самага найлепшага, што толькі можа быць на свеце. Усяго вам толькі добрага, дарыце надзею на светлае будучае! Ведайце, што ваша праца заўсёды будзе ў пашане, — пажаданне ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Кацярыны Папко.
Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч падкрэсліў, што вельмі радасна раздзяліць з прысутнымі гэтае свята. У нас прыгожая і стабільная краіна, і ў гэтым заслуга таксама настаўнікаў, якія прывіваюць сваім дзецям патрыятызм. Шчасця, дабрабыту ў сем’ях, каб хапала сілы кожны дзень ісці з усмешкай на працу.

Праз відэа да віншаванняў Руслана Васільевіча далучыліся і навучэнцы школ раёна.
— Педагог — незвычайны чалавек, у яго ёсць асаблівасць — жыць сваёй працай. І чужых дзяцей у нас няма, усіх лічым сваімі, перажываем разам з імі з-за няўдач і радуемся новым перамогам. Паспяховасці вам, шаноўныя, ідзіце смела са сваімі выхаванцамі да новых ведаў, дарыце ім цеплыню сонца і яснасць кожнага дня, — канечне, не застаўся ўбаку ад такога ўрачыстага дзейства і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік.
Хатняй цеплыні, паслухмяных вучняў, невычэрпнай энергіі жадаў старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Дзмітрый Мацяш. Нават сімвалічна, што перад настаўнікам устаюць усе — будучыя генералы, дактары навук, міністры. Быццам загадзя дзякуюць за трывалыя веды, якія абавязкова спатрэбяцца ў будучыні. А старшыня Пружанскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Таццяна Кашкан заўважыла, што педагог — прафесія ад Бога. А кожны дзень, пішучы на дошцы словы «Класная работа», гэта і пацвярджаем. Міру, даўгалецця пад светлым небам Беларусі!

У кожнага з нас у сэрцы застаўся вобраз лепшага настаўніка, таго, хто вёў цябе за руку ў першы клас, адкрываў таямніцы нязведанага, быў прыкладам ва ўсім. Тым, на каго хацелася раўняцца. Няхай жа так будзе заўсёды, каб педагога перапаўняў гонар за сваіх дзетак. Цяжка не пагадзіцца са словамі старшыні Пружанскага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірыны Казарэз.

Мноства пахвальбы ў адрас настаўнікаў, прызнанне іх шчырай працы праз шматлікія ўзнагароды, шчымлівыя песні, неверагодныя танцы. Вы гэтага заслужылі, нашы дарагія! Верце ў сябе і сваіх выхаванцаў, ніколі не спыняйцеся на дасягнутым. Вы ў нас самыя лепшыя!
Больше фото тут
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
