Суббота, 12 октября 2024

Прадстаўнікі ТВВАД і РАУС не спыняюць кантроль за пляжамі раёна

265

Купальны сезон на тэрыторыі нашага раёна завершыцца 30 верасня. Надвор’е ўжо не дазваляе купацца, але адпачываючых каля вады хапае. Таму мы вырашылі зрабіць яшчэ адзін сумесны рэйд разам са старшынёй раённага таварыства выратавання на водах Юрыем Амельянчуком і намеснікам начальніка аддзела правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргеем Зюзіным. На гэты раз мы наведалі дазволеныя і забароненыя месцы для купання, дзе паглядзелі на іх стан, а таксама падвялі неканчатковыя вынікі гэтага купальнага сезона.

Усяго аб’ектамі нашага наведвання сталі тры вадаёмы: па вуліцы Вінаградава ў г. Пружаны, у аграгарадках Шані і Лінова. У сувязі з тым, што надвор’е на вуліцы было хоць і цёплае, але ўжо не такое гарачае, як у жніўні, падчас рэйдавага мерапрыемства на дадзенных месцах адпачывальнікаў мы не засталі.

У сваю чаргу, асаблівую ўвагу надалі стану дазволеных аб’ектаў і паглядзелі, як яны захаваліся да канца купальнага сезона. Зона адпачынку каля вадаёма, што размяшчаецца ў аг. Лінова, знаходзілася ў здавальняючым стане, пашкоджання маёмасці не назіралася. На вадаёмах, забароненых для купання, у аг. Шані і па вуліцы Вінаградава ў нашым горадзе знаходзіліся неабходныя знакі, якія інфармуюць грамадзян, што тут купанне забаронена.

— У гэтым годзе ў нашым раёне патанулі два чалавекі, абодва знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Калі параўноўваць гэты паказчык з мінулым годам, то назіраецца дынаміка па зніжэнні: год таму такіх было трое, і ўсе яны таксама знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Што датычыцца асноўных парушэнняў, выяўленых на працягу купальнага сезона, то варта вылучыць плаванне на матрацах і знаходжанне ў зонах адпачынку дзяцей да 14 гадоў без суправаджэння дарослых. Аднак у гэтых напрамках назіраецца станоўчая тэндэнцыя, такіх выпадкаў становіцца менш, — адзначыў старшыня ТВВАД Юрый Амельянчук.

У сваю чаргу, намеснік начальніка аддзела правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Зюзін падзяліўся сваімі высновамі аб купальным сезоне.

— Сёлета ў месцах масавага адпачынку грамадзян выяўлена 52 парушэнні адміністрацыйнага заканадаўства. Асноўная прычына прыцягнення да адказнасці —спажыванне спіртных напояў і купанне ў забароненых месцах. Са станоўчага боку адзначу ўдзел у рэйдавых мерапрыемствах супрацоўнікаў РАНС, ТВВАД і добраахвотнай дружыны райвыканкама. Нашай жа галоўнай задачай з’яўляецца не пакаранне грамадзян, а прафілактыка правапарушэнняў, — падкрэсліў Сяргей Анатольевіч.

Хоць сёлета на вадаёмах Пружаншчыны і назіраецца станоўчая дынаміка па колькасці няшчасных выпадкаў, аднак поўнасцю пазбегнуць іх, на жаль, не ўдалося. Галоўнай жа прычынай трагедый на вадзе было і застаецца ўжыванне спіртных напояў. Хочацца верыць, што да наступнага купальнага сезона нашы грамадзяне стануць яшчэ больш адказнымі, а ў графе патанулых будзе стаяць абсалютны нуль.

Руслан Басак.

Фота аўтара