
Не лішнім будзе напомніць, што 2025 год у нашай краіне аб’яўлены Годам добраўпарадкавання, які заклікае зрабіць наш агульны дом яшчэ больш утульным і прывабным.
Беларусь — сапраўды краіна для жыцця, спакойнага, з усімі выгодамі, з верай у шчаслівае будучае. Узяць хаця б нашу Пружаншчыну. Кожны жадаючы мае сваё месца працы, зарабляе немалыя грошы, за якія, у сваю чаргу, можа купіць усё неабходнае з ежы, адзення, абутку і г.д. Поўны дастатак, жыві ў сваё задавальненне. Ёсць дзе адпачыць душой і целам. Усё трымаецца на кантролі, той жа стан дарог, горад з вясны патанае ў кветках, усюды чысціня, камфорт, не пакрыўджаны ўвагай і людзі ў сельскіх населеных пунктах. Што ім застаецца? Канечне, з павагай адносіцца да таго, што ўжо зроблена, і самім прымаць непасрэдны ўдзел у навядзенні парадку на малой радзіме.
Самае крыўднае заключаецца ў наступным: чаму не ўсе разумеюць гэту простую ісціну і не хочуць нават захаваць прыгажосць і ўладкаванасць, якія ствараюцца ў тым ліку і для іх? Тут ужо нават не ідзе гаворка пра тое, каб самім прыкласці рукі і зрабіць больш прывабнай родную старонку. Абы не псавалі, думалі над сваімі ўчынкамі.
Не за гарамі вясна, калі камунальныя службы актыўна пачнуць азеляняць горад, у тым ліку высаджваць на газонах кветкі. Зноў раённы цэнтр будзе ахутаны неймаверным водарам, прывабліваць вока прахожых незвычайным кветкавым дызайнам. Усё быццам бы светла, толькі чамусьці засмучаюць недарэчныя сцяжыны на тых жа газонах, зробленыя не староннім чалавекам, а, у першую чаргу, жыхарамі горада.
Што, не хапае пешаходных пераходаў? Ды не, тут усё ў парадку, у крокавай даступнасці. Справа, відаць, у іншым. Па-першае, абыякавасць да працы іншых, якая, па словах брытанскага пісьменніка Бернарда Шоу, з’яўляецца самым вялікім грахом у адносінах да бліжняга, сапраўды вяршыняй бесчалавечнасці. Нехта робіць, а я буду гадзіць — вельмі сумнеўная жыццёвая пазіцыя. Па-другое, гэта ж як трэба разленавацца, каб не прайсці па тратуары дзясятак крокаў да пешаходнага пераходу! Ці часу зусім не хапае, ці сярод нас з’явіліся звышчалавекі, якім астатнія павінны прыслужваць, падчышчаць за імі спаганенае?
І яшчэ адна акалічнасць непрыемна здзіўляе. Згодны, што зіма ў апошні час не засыпае нас снегам, не пужае маразамі пад мінус 20 градусаў. Мы ўжо з гэтым звыкліся. Мусіць, гэта і ёсць падстава, каб адчыняць насцеж уваходныя дзверы ў шматпавярхоўках, так сказаць, праветрываць? Некаму з жыльцоў не хапае кіслароду ў кватэры, дык адкрывайце вокны ў сябе, прычым тут пад’езд? Атрымліваецца, што астатнія, нават не даючы згоды, яшчэ і ацяпляюць паветра на вуліцы, выкідваюць рублі на вецер. Па-мойму, бязглуздзіца поўная. Упэўнены, што гаспадар уласнага дома ніколі да такога не дадумаецца, бо беражліва распараджаецца грошамі, якія аддае на ацяпленне памяшканняў.
Я паважаю старасць, гатовы хоць чым дапамагчы пажылым людзям, калі патрэбна будзе. Але як вам такое, калі холад у пад’езд запускаецца, бо дачка або сын падперлі дзверы, каб састарэлыя маці ці бацька пагулялі па вуліцы. Яны самі не адчыняць дзверы?! Дык, паважаныя, гэта вашы родныя, наглядайце за імі. Не можаце самі, тады найміце сядзелку, каб тая даглядала вашых бацькоў. З любой сітуацыі можна знайсці выхад, вось жаданне гэта рабіць не ва ўсіх знаходзіцца. Нават дзверы адрэгуляваць так, каб лёгка адчыняліся. Дык думаць жа трэба, а тут…
У нашай краіне многа ўвагі ўдзяляецца выхаванню моладзі. Які ж станоўчы прыклад паказваюць любіцелі пахадзіць напрамкі і прыхільнікі свежага паветра? Чаму яны могуць добраму навучыць, калі самі жывуць па сваіх правілах, а не па маралі і прынцыпах добрасуседства? Канечне, хочацца спадзявацца, што некага напісанае і прымусіць задумацца. Але ў жыцці як? Раз нашкодзіў, другі, трэці, і пайшло па накатанай. А вярнуцца да сумлення вельмі складана.
Калі хочаш, каб гэты свет быў яркім, пазітыўным, насычаным цікавымі падзеямі, добрымі навінамі, то не чакай, што ўсё за цябе зробяць чужыя дзядзькі і цёткі. Бярыся і сам нешта рабіць, выпраўляйся ў лепшы бок, калі патрэбна. Можа, з таго што і атрымаецца?
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік