Пятница, 10 апреля 2026

Нашым любімым, непаўторным прысвячаецца

754

Беларуская жанчына заслужыла па праве, каб яе любілі, паважалі, з ёй лічыліся і прыкладалі ўсе намаганні, каб жыццё кожнай было насычаным і цікавым. У гэтую нядзелю мужчыны будуць праяўляць непамерную любоў да прыгожай паловы чалавецтва, адорваць жанчын кветкамі і пяшчотай. І нагода гэтаму — Дзень жанчын.

Дарэчы, па нашай краіне, дзякуючы падпісанаму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам Указу № 1, крочыць Год беларускай жанчыны. Важнасць жанчыны шматгранная: яна — захавальніца сямейнага ачага і адначасова — актыўны творца, паспяхова самарэалізуючы сябе на працы, у грамадскім жыцці. Сумяшчаючы мудрасць, інтэлігентнасць, прафесіяналізм, сучасная жанчына паспяхова сумяшчае сямейныя каштоўнасці з работай.

Мы ўслаўляем жаночы вобраз— маці, бабулі, працаўніцы, якія здольны сумяшчаць у сабе ласку і строгасць, міласэрнасць і рашучасць. Яна прыўносіць у гэты свет прамяністасць і жаданне тварыць дзеля яе. Жанчына захоўвае і развівае грамадства, сама цярплівасць, клопат і энергія стварэння. А 8 Сакавіка — падстава ўзняць яе на п’едэстал, паказаць, што, сапраўды, прадстаўніцы цудоўнага полу — гэта святое, без іх жыццё меркне.

Матуля… Якое шчасце, калі яна побач. Калі ў цябе ёсць магчымасць прыехаць у родны дом, убачыць вочы, у якіх свеціцца шчасце ад сустрэчы. Абняць яе, прытуліцца да натруджаных рук. І сказаць «дзякуй» за бяссонныя ночы, за мацярынскую любоў, за тое, што гатова была на ўсё, каб толькі табе было добра і ўтульна. Яна ахвяруе сабой дзеля сваіх дзяцей і думкі не дапускае, што можа быць інакш. Гэты чалавек ніколі не падвядзе! Матуля стане сцяной, калі адчуе хоць малую пагрозу для сына ці дачкі. Яна — гэта наш арыенцір, як і для каго трэба жыць, што ставіць у прыярытэце. Душа яе самая што ні на ёсць светлая, чыстая і адкрытая. Так хацелася б, каб матулі жылі вечна, не ведалі гора і бяды, заўсёды ўсміхаліся і радаваліся за сваіх дзяцей.

Бабулі… Тыя, хто расказваў нам казкі, да каго ездзілі на канікулы. Яны разумеюць цябе з паўслова, чакаюць унукаў, каб песціць і галубіць. Для бабулі ты — цэлы свет, калі ўсё робіцца дзеля цябе. Вось пагладзіла па галаве — і адразу праходзяць смутак і боль, надыходзіць супакаенне, становіцца лёгка на душы. Няхай ім адплаціцца па заслугах, будзе спакой на душы і здароўе не падводзіла.

Нашы другія палавінкі… І прыгатаваць дома трэба, і чысціню падтрымліваць, і мужа прыбранага на працу адправіць. Гэта збоку здаецца, што нічога цяжкага ў гэтым няма. На самой справе, да ўсяго ж трэба падысці з душой. Таму ў нас, мужчын, жыццё куды лягчэйшае. Хто з дзецьмі больш часу праводзіць? Зразумела, яна. Каму мы абавязаны падтрымкай? Бясспрэчна, ёй. Дзеля каго патрэбна быць заўсёды на вышыні? Адназначна, яе. Каб у будні і ў святы адчувалі нашы мілыя і адзіныя апору і абарону.

Дачушкі… Зайздросціць патрэбна тым татам, якія маюць іх, такіх непасрэдных, гаваркіх і самых прыгожых на свеце. Гэта ж якая радасць ісці з імі за руку па вуліцы, бачыць шчаслівыя вочы, калі вяртаешся з працы. А як вам заплятанне стужак у валасы? А паходы ў магазіны лялек і вялікая колькасць розных сукеначак? Гэта ж такое задавальненне трымаць на руках кволае стварэнне, якое абдымае цябе за шыю і ціхенька шэпча на вуха: «Тата — ты ў мяне самы лепшы!».

Жанчына ў наш час можа выконваць не толькі ролю гаспадыні каля печы. Яна, такая крохкая на першы погляд, кіраваць умее і мужам, і прадпрыемствам. У адрозненне ад мужчын, схільных да хуткай рызыкі, жанчыны часцей прымаюць узважаныя рашэнні, мысляць доўгатэрмінова і лічаць за лепшае мець высокую верагоднасць поспеху перад рашаючым крокам. Яны больш паспяхова будуюць дыялог і ствараюць камандную атмасферу, што дапамагае матываваць персанал. Жанчыны ў нас унікальныя, могуць, калі захочуць, усё. За гэта мы іх і любім.

Сельская гаспадарка. Ну, як тут уявіш дадзеную галіну эканомікі без жанчын!? Яны ніводнай капейкі не ўпусцяць, пракантралююць увесь працэс работы. Ужо не гаворачы пра іх любоў да ўсяго жывога на зямлі. Напрыклад, хоць і сярод мужчын можна знайсці аператараў машыннага даення, але столькі душы яны ўсё роўна не ўкладуць у справу, як жанчыны. За што б яны ні ўзяліся, абавязкова давядуць пачатае да канца і пераправераць, ці ўсё зроблена і на сваім месцы.

ААТ «Жураўлінае» па праве ганарыцца сваімі працаўніцамі, яны проста незаменныя і самыя лепшыя. Яны заўсёды на варце справядлівасці, не крывяць душой, ад прыроды гатовы дзяліцца цяплом, у іх на рабочых месцах парадак. І працоўнай дысцыпліны прытрымліваюцца, да чаго і мужчын прывучаюць. Нашы жанчыны — гэта гонар сельгаставарыства і адна з прычын, каб прыехаць да нас у госці!

Са святам, з Днём жанчын! Жадаю цудоўнага настрою, многа сюрпрызаў, каб на душы заўсёды была вясна. Няхай у гэты святочны дзень кожная знойдзе ўсё самае важнае ў жыцці. Шчасця вам, заставайцеся такімі ж пяшчотнымі і прамяністымі!

Аляксандр Пішч, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае»

У Дзень жанчын хочацца пажадаць прыгожай палове нашага раёна акіян кветак і бясконцага запасу любові і ўсмешак. Няхай усе вашы мары становяцца рэальнасцю, а кожны дзень прыносіць новыя радасці і шчасце. Вы, мілыя жанчыны, як сонца, заўсёды асвятляеце нашу жыццёвую дарогу і саграваеце нас сваёй душэўнасцю. Няхай вашы дасягненні будуць непараўнальнымі, а ўдача бясконцай. І не забывайце, што вы — сапраўдныя жанчыны, здольныя справіцца з усімі жыццёвымі цяжкасцямі і ператварыць іх у незабыўныя прыгоды. Так што не бойцеся выходзіць за рамкі сваіх магчымасцей, вы на ўсё здольныя! Няхай гэтае свята будзе пачаткам чагосьці новага і цудоўнага ў вашым жыцці. Кожны дзень будзе напоўнены душэўнай цеплынёй і клопатам блізкіх, сэрцы будуць адкрыты для новых уражанняў і прыемных сюрпрызаў.

З 8 Сакавіка! З велізарнай павагай і любоўю, мужчынская палова дружнага калектыву