Четверг, 16 июля 2026

Нашы льнаводы стартавалі!

386

Чым адметная наша сінявокая краіна, чым заваблівае гасцей, якія незабыўныя ўражанні пакідае? А вазьміце хаця б вялікую колькасць азёр, якія адбіваюць у блакітнай вадзе прыгожае неба з хмурынкамі! Чаго толькі вартыя васількі, пра якія яшчэ пісаў слаўны беларускі паэт Максім Багдановіч, асацыіруючы іх з сімвалам роднай старонкі! І льняныя палеткі, якія падчас цвіцення нагадваюць неабсяжнае мора, што пераліваецца хвалямі, прымушаюць кожнага беларуса ганарыцца сваім краем, яго непаўторнасцю.

Пра «паўночны шоўк» могуць гадзінамі гаварыць на Пружанскім ільнозаводзе, дзе дадзеная культура і ёсць асноўная сыравіна для перапрацоўкі. Асабліва ганарыцца напрацоўкамі прадпрыемства яго дырэктар Мікалай Жогал. Ён, як ніхто, бачыць перспектыву яго развіцця. І цяпер, як і шмат гадоў таму, трымае на кантролі чарговае церабленне льну.

У панядзелак бягучага тыдня дадзены від работ праводзіўся на палетках каля вёскі Доўгае і аграгарадка Сухопаль адзінаццаццю самаходнымі церабілкамі, якія аснашчаны кандыцыянерамі для камфорту механізатараў. Што, гледзячы на апошнія гарачыя дні, вельмі зручна. З навінак — усталяваныя аўтапілоты, якія самі падрульваюць, ажыццяўляюць кантроль за тэхнікай і самой уборкай, адным словам, даюць палёгку людзям.

Усяго патрэбна ацерабіць 2958 га, у тым ліку 300 у Бярозаўскім раёне. На 6 ліпеня пружанскія льнаводы ўжо выйшлі на лічбу ў 1300 га. Значыць, будзем вельмі спадзявацца, і хутка завершаць церабленне. Смачна пад’еўшы ў абед і на вячэру прыгатаванымі ў сваёй сталовай стравамі, механізатары ў сярэднім робяць па 25 га ў дзень.

Сёлета спякотная пагода ўнесла свае карэктывы ў работу прадпрыемства. Давялося раней брацца за ўборку. Але ўсё роўна абавязкова ўлічвалася стадыя ранняга жоўтага паспявання льну, калі назіраецца самае вялікае ўтрыманне валакна. А далей даём культуры вылежацца, добра, калі ў гэты час было ў меру дажджу і сонца. Таксама працуе грыбок, каб валакно аддзялялася ад сцябла і мела шэры колер. Гэта ў ідэале, а так даводзіцца спадзявацца, што надвор’е не падвядзе і льнозавод забяспечыць сябе годнай ільнотрастой.

Цяпер жа праз дзён дзесяць патрэбна ачасаць галоўкі на насенне і абмалаціць іх. Лепшы матэрыял будзе выдаткаваны на будучую сяўбу.
Работа нашых ільнаводаў, як і сельская гаспадарка ў цэлым, на першы погляд, руцінная і нічым не адметная. З года ў год адно і тое ж. Але ж колькі ў ёй закладзена жыццёвага сэнсу, колькі карысці краіне гэтыя працаўнікі прыносяць! За гэтымі людзьмі дабрабыт і прэстыж кожнага з нас. Не будзем забываць аб гэтым.

На здымку: механізатары Мікалай Апалейчук, Сяргей Мардань і Аляксандр Чабак абмяркоўваюць з намеснікам дырэктара прадпрыемства Дзмітрыем Жогалам ход цераблення льну.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік