
16–17 красавіка ў Мінску прайшоў заключны этап V Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў «Нашчадкі традыцый».

Гэты конкурс накіраваны на патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі, далучэнне дзяцей да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, вывучэнне рэгіянальных народных традыцый і развіццё дзіцячай даследчай творчасці ў галіне народнага мастацтва.
Маштаб мерапрыемства ўражвае: у рэгіянальных этапах прынялі ўдзел больш за 1600 навучэнцаў з 470 устаноў адукацыі краіны. Было распрацавана звыш 490 даследчых праектаў. На заключны рэспубліканскі этап адабралі 39 лепшых работ, а ў фінале па выніках папярэдняга тура былі прадстаўлены 18 праектна-даследчых прац.
Заключныя мерапрыемствы праводзіліся Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На працягу двух дзён фіналісты з розных куткоў Беларусі абаранялі свае праекты ў трох намінацыях:
• «Культурныя традыцыі і абрады роднага краю»;
• «Музычная спадчына маёй Радзімы»;
• «Рукатворныя помнікі народнага мастацтва маёй краіны».
Журы вызначыла лепшых у кожнай намінацыі і ва ўзроставых катэгорыях. Усе фіналісты былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Асаблівыя віншаванні мы адрасуем юным даследчыкам — удзельнікам гуртка «Лінькі» Ліноўскай сярэдняй школы. У намінацыі «Культурныя традыцыі і абрады роднага краю» яны заваявалі дыплом ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь!
Шчыра віншуем навучэнцаў і іх кіраўніка Людмілу Бяскроўную з гэтым заслужаным поспехам! Жадаем новых адкрыццяў і плёну ў захаванні нашай нацыянальнай спадчыны!
