
Калі хочацца многага, бачыш перспектывы на будучае. Шмат чаго плануеш, бо ўсё жыццё наперадзе. Цвёрда стаіш на сваёй зямлі, ганарышся сваімі землякамі і стараешся быць карысным, з’яўляешся не проста сузіральнікам, а прымаеш непасрэдны ўдзел у агульных справах краіны. Распачалося жніво, дык чаму і не дапамагчы ва ўборцы ўраджаю?
Дапамагаюць маладыя людзі, ды яшчэ і як! Нават тэмп задаюць для старэйшых калег. Як, напрыклад, маладзёжны экіпаж з ААТ «Жураўлінае» ў складзе старшага камбайнера Віталя Сіманюка і камбайнера Васіля Пліскава. Хлопцы на камбайне «GS-2124», які гаспадарка атрымала ў мінулым годзе, на бягучым тыдні першымі ў вобласці намалацілі 1000 тон зерня! Сёлета Пружаншчына што ні тыдзень радуе нас сваімі адданымі роднай зямлі хлебаробамі, якімі ганарыцца не толькі Брэстчына, але і рэспубліка!
Адразу на палетку, каб не адрываць ад важнай справы надоўга, і віншавалі Віталя і Васіля з нагоды такой важнай для экіпажа перамогі, бо яна надае ўпэўненасці ў сваіх сілах і, канечне, натхняе на пакарэнне новых працоўных вяршынь.
— І зноў Пружаншчына, куды вельмі прыемна прыязджаць. Бо гэты куточак Беларусі здавён насяляюць людзі, у якіх закладзена з маленства працавітасць. Што пацвярджае ў чарговы раз маладзёжны экіпаж з ААТ «Жураўлінае». Жадаю камбайнерам цярпення ў гарачую пару, каб нішто не перашкодзіла дасягнуць новых перамог і слаўна закончыць жніво-2026! — цёплыя словы ад намесніка старшыні Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксандра Бараноўскага.
Велізарны дзякуй быў адрасаваны хлопцам за сумленную працу і старшынёй Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольгай Зубковай. Яна таксама пажадала веры ў свае сілы, каб заўсёды сонечна было на душы і надвор’е спрыяла сёлетняй уборцы.
Першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Максіменка зазначыла, што маладосць — пара, калі хочацца тварыць і жыць на поўную сілу. І Віталь з Васілём гэта пацвярджаюць, імкнуцца да лепшага. Няхай жа ўдача заўжды спадарожнічае маладзёжнаму экіпажу, а перамогі будуць не толькі на працы, але і ў звычайным жыцці.
— Каб тэхніка не падводзіла, удача спадарожнічала. Здароўя моцнага. Упэўненасці, што заўтра абавязкова будзе яшчэ лепш, чым сёння. Вы задалі высокі тэмп на сёлетняй уборцы, таму адступаць ужо няма куды, толькі наперад! Гаспадарка ганарыцца вамі і заўсёды гатова вас падтрымаць у любых пачынаннях, — адзначыў дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.
Вельмі хацелася б, каб усе гэтыя пажаданні абавязкова ўвасобіліся ў жыццё. Каб шматлікія ўзнагароды і падарункі засталіся для маладзёжнага экіпажа цёплым успамінам аб іх шчырай працы і сталі натхненнем для новых высокіх здзяйсненняў. Гэтым хлопцам пад сілу многае!
Вадзім Раўнейка
Фота Алега Сідарэнкі
