Понедельник, 16 февраля 2026

Наша апытанне. Цуд пачынаецца з… ёлкі

564

Так лічыць юны жыхар Пружан Мікалай Антакоў (на здымку), а да яго далучаюцца ўсе, хто ў перадсвяточныя дні пабываў на ёлачным базары.

Карэспандэнты пабывалі на ёлачным базары, наладжаным на базе Пружанскага лясгаса. Аказалася, што жадаючых набыць жывую ялінку або прыгожы букет з галінак хвоі веймутавай нямала. Дапамагалі ў выбары прыгажуні і яе ўпакоўцы інжынер-энергетык лясгаса Дзмітрый Смурага, інжынер-лесапатолаг Сяргей Чэрнік, а таксама загадчыца гаспадаркі Кацярына Жалнерчык.
Нацешыўшыся перадсвяточнай атмасферай, мы пацікавіліся ў наведвальнікаў ёлачнага базару, як яны рыхтуюцца да Новага года і чаму аддаюць сваю перавагу жывым ёлкам.

Эдуард Канановіч:

— Да Новага года пачынаем рыхтавацца загадзя. Кожны год купляем жывую ёлку ці яе галінкі, бо пах хвоі сапраўды надае атмасферу свята. Лічу, што Новы год — сямейнае свята. Таму збіраемся ў коле сям’і, з дзецьмі і ўнукамі. Традыцыйна ставім на стол розныя смачныя стравы, чакаем віншавання нашага Прэзідэнта — і пад бой курантаў наліваем у бакалы шампанскае…

Марыя Велісевіч:

— Штогод перад святам наведваю ёлачны кірмаш, дзе выбіраю прыгажуню, прывезеную менавіта з лесу. Жывая ёлка мне падабаецца больш, чым штучная, адзін смалісты пах чаго толькі варты… Свята адзначаем у сямейным коле і заўсёды даволі весела! Для мяне Новы год — заўсёды надзея на лепшае.

Сяргей Майкевіч:

— Новы год — гэта сапраўднае сямейнае свята! Да яго пачынаем рыхтавацца ўжо з 20-х чыслаў снежня. У нашай сям’і перавага аддаецца жывой ёлцы, бо яе прысутнасць і пах ужо ствараюць атмасферу свята. Мой унук Мікіта з нецярпеннем чакае Новага года, а мы стараемся зрабіць усё, каб ён яму запомніўся, хаця адзначаем свята па-рознаму, залежыць гэта ад стану душы і здароўя.

Меркаваннямі цікавіўся Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік