
Прыўзняты, калі не сказаць, святочны настрой. Участак палетка ААТ «Шані-аграпрадукт» паміж аграгарадком Шані і вёскай Шубічы абрамлены рознымі сцягамі, якія развяваюцца пад лёгкім ветрыкам. Тут жа ў два рады выстаўлены палотнішчы з назвамі сельгаставарыстваў нашага раёна. Можна нават бліжэй азнаёміцца з тэхнікай беларускай вытворчасці, якая сімвалізуе ў некаторай ступені нашу самастойнасць і эканамічную перспектыўнасць. Што ж за дзея тут адбываецца? Нават буслам стала цікава, якія пэўны час кружылі над палеткам, прадвяшчаючы ўсім нам спакой і шчаслівае жыццё.
А ўсё вельмі проста. Наш раён другі год запар стаў першым на Брэстчыне па намалоце ста тысяч тон новага ўраджаю! Што сказаць, адчуваеш гонар за аграрыяў, якія паказалі сваю дасведчанасць у абранай справе, не шкадавалі ні сіл, ні часу, каб паказаць такі высокі рэзультат.

Каб раздзяліць радасць перамогі з хлебаробамі Пружаншчыны, сабралася шмат людзей. Прыехалі паважаныя госці з Брэста, канечне, не маглі прамінуць такую важную падзею і прадстаўнікі райвыканкама разам з дырэктарамі гаспадарак раёна. Адметна, што павіншаваць пераможцаў прыехалі прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый. Усе, нават тыя, хто не ўдзельнічае ў жніве, павінны на свае вочы бачыць працаўнікоў, рукамі якіх ствараецца дабрабыт краіны, быць адзіным цэлым са сваім народам, з гонарам несці імя шчырага беларуса. І проста неабыякавыя людзі наведаліся на свята, якія таксама вераць у нашых хлебаробаў, зычаць ім усяго самага найлепшага, каб сілы не згасалі і паболей віншаванняў прымалі.
— Прыязджаць з віншаваннямі на Пружаншчыну падчас жніва — гэта становіцца ўжо добрай традыцыяй, якую перапыняць нельга. Толькі наперад, да новых перамог! З кожным годам расце ўпэўненасць, што разам мы можам многае, нават нягледзячы на капрызнае надвор’е. Упэўнены, што патэнцыял у пружанскіх хлебаробаў яшчэ не вычарпаны і яго хопіць на многія гады наперад. Няхай нават на сённяшні дзень з хмаркамі, але мірнага вам неба над галавой, паважаныя сельскія працаўнікі. Будзьце ўпэўнены, што ваша праца заўсёды будзе цаніцца, вы — прыклад таго, як трэба любіць родную зямлю не на словах, а на справе, — адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Адзін з важных момантаў мерапрыемства — уручэнне старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу неймаверна прыгожага, з мукі новага ўраджаю каравая! Вось ён — сімвал стваральнай працы і спакойнага жыцця!
А калі падумаць, што можа парадаваць старшыню райвыканкама, яшчэ раз упэўніцца ў простай ісціне, што Пружаншчына — радзіма адданых справе людзей? Канечне, іх працоўныя перамогі, калі раён выходзіць у перадавікі і кожны ведае, для чаго выдаткоўвае свае сілы і што будзе заўтра. Міхаіл Міхайлавіч ад душы віншаваў усіх са статысячным намалотам. Але расслабляцца няма калі, бо жніво яшчэ не скончана, таму пакупаліся ў прамянях славы і зноў выходзім на палеткі, каб у хуткім часе справіць чаканыя дажынкі.

Выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў падкрэсліў, што раней і думаць не маглі пра такія намалоты. Але вочы баяцца, а рукі робяць. Паступова памянялася тэхніка, пачалі ўкараняцца новыя метады апрацоўкі зямлі. І вынік, як мы бачым, не прымусіў сябе чакаць. Калі разам ды ў адзіным парыве, то можна дасягнуць многага. На гэта пастаянна накіроўвае і Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. А калі Прэзідэнт верыць у свой народ, то і мы павінны апраўдаць яго давер працоўнымі дасягненнямі.
Калі нехта не верыць у свае сілы, сумняваецца ў сваіх здольнасцях, тады паглядзіце, калі ласка, на нашых хлебаробаў, якія не проста забяспечваюць краіну збажыной, а ў некаторых выпадках робяць немагчымае. А яны ж таксама некалі толькі пачыналі свой працоўны шлях у сельскай гаспадарцы, упершыню асвойвалі тэхніку, знаходзілі да яе падыход. Але адужалі ўсе перашкоды, і цяпер маем такія высокія вынікі на жніве. Такую думку выказаў намеснік старшыні Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Бараноўскі і дадаў, што жыць на роднай зямлі і для яе — самае вялікае шчасце для чалавека.
Хто там стаіць са стужкамі, на якіх напісана тры тысячы? Ды ўжо знаёмыя нам старшы камбайнер Міхаіл Фядотаў і камбайнер Мікалай Бірук з ААТ «Жураўлінае», якія зноў занялі першае месца на вобласці. Ужо нават цяжка падабраць словы, каб выказаць захапленне гэтымі працавітымі хлопцамі. Далучымся да слоў Міхаіла Грышкевіча: віншуем, мужыкі, і моцна паціскаем руку!
Караваі не мінулі і непасрэдных удзельнікаў жніва. Каму, калі не ім, першымі паспрабаваць духмяны хлеб са свежай мукі, каб яшчэ раз упэўніцца ў важнасці сваёй работы і ў тым, што хлеб, сапраўды, усяму галава, і так будзе заўсёды.
Памятныя падарункі як даніна павагі цяжкай працы хлебаробаў. І песні, якія краналі душу кожнага прысутнага на свяце, лейтматывам якіх была адна думка — мы любімыя дзеці любімай краіны. Дык будзем жа трымацца разам, сеяць добрае і пажынаць шчаслівае. Як робяць нашы хлебаробы.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі
