Суббота, 17 января 2026

Наш край багаты шчырымі працаўнікамі, якія надаюць упэўненасці нашым прадпрыемствам у заўтрашнім дні, імі ганарацца і ставяць у прыклад. Не выключэнне ў дадзеным выпадку і ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка»

870
Начальнік цэха жывёлагадоўлі Вераніка Яшкявічус:
галоўнае не пасада, а давер людзей і жаданне быць патрэбнай.

І ў дадзеным таварыстве стаўка робіцца на перспектыўную моладзь, даецца магчымасць праявіць сябе, не баючыся пралікаў. Кіраўніцтва прадпрыемства ў асобе дырэктара Аляксандра Камісарука бачыць у кожным чалавека з яго праблемамі і клопатамі. Ніхто не пакінуты без увагі, заўсёды атрымаеш падтрымку як у выглядзе добрых слоў, так і фінансавую. І да працы падвязуць, і жыллё добраўпарадкаванае дадуць, калі маеш у гэтым патрэбу. Не прыдумана ніводнага слова, а адзначана самімі героямі чарговага рэпартажу пра сумленных работнікаў.

Узяць да прыкладу начальніка цэха жывёлагадоўлі Вераніку Яшкявічус. Жыве ў Аранчыцах у доме з усімі выгодамі і да працы рукой падаць. Ужо ў гэтым ёй можна пазайздросціць. А пазнаёмілася з птушкафабрыкай падчас праходжання практыкі, калі вучылася ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы па спецыяльнасці «Заатэхнія». І з задавальненнем ураджэнка Століншчыны ў 2020 годзе сюды ж прыйшла на адпрацоўку. Здаецца, было зусім нядаўна, а за гэты час паспела завочна скончыць Віцебскую ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, цяпер вось Вераніка — зааінжынер. Расставіла прыярытэты ў жыцці, вызначыла для сябе, што дадзенае таварыства — гэта стабільнасць, калі ты не баішся за сваё заўтра. Дык і мяняць нічога не трэба!

Калі адчуваеш шчырасць у размове, тады пераконваешся, што так яно і ёсць. Вераніка сапраўды любіць сваю справу. Яна паспявае правесці кантроль якасці прадукцыі, папрацаваць з дакументацыяй. Але самым важным момантам лічыць узаемадзеянне з падначаленымі, якіх налічваецца 26 чалавек.

Па словах выконваючага абавязкі галоўнага ветурача
Рамана Дзімідчыка, калі верыш у сябе і сваіх калег —
абавязкова ўсё атрымаецца.

Ці хочацца праведаць малую радзіму? Канечне, там жа ў сям’і з адзінаццаці дзяцей прайшло дзяцінства і юнацтва. Ды і як жа пакінеш без увагі бацькоў Аляксандра Уладзіміравіча і Ніну Аляксандраўну, якія і прывілі любоў да жывёлы, калі бралі з сабой малую Вераніку на ферму, на сваім прыкладзе паказвалі, што клапаціцца аб жывым — гэта шчасце па жыцці. І атрымліваецца: калі быт наладжаны ўсебакова, тады верыш у свае сілы, неба без хмурынак і гарызонт светлы.

Можа, нейкая заканамернасць, не выключана і выпадковасць, але ёсць у Кобрыне школа № 6, выпускнікі якой перасякаюцца потым на Аранчыцкай птушкафабрыцы. Размова пра дырэктара прадпрыемства Аляксандра Камісарука, галоўнага бухгалтара Наталлю Качанаву і выконваючага абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача Рамана Дзімідчыка. Апошні, атрымаўшы ў Віцебскай акадэміі прафесію ўрача ветэрынарнай медыцыны, быў размеркаваны ў ААТ «Баранавіцкі райаграсэрвіс». А роўна два гады таму па пераразмеркаванні малады чалавек уладкаваўся на птушкафабрыку. Перспектыўны, ініцыятыўны і прафесійна граматны. Так характарызуе Рамана кіраўніцтва прадпрыемства.

Такую пасаду, сапраўды, не даручыш абы-каму. Вельмі вялікі ж участак работы. Штодзень патрэбна правесці клінічны агляд птушкі на прадмет здароўя. Ніхто не адмяняў лячэбных мерапрыемстваў і вакцынацыі маладняку. Даводзіцца Раману займацца закупкай прэпаратаў і дэзынфіцыруючых сродкаў. Санітарны стан памяшканняў і тэрыторыі птушкафабрыкі, без якога ніяк не дамагчыся станоўчага выніку ў рабоце. Самае галоўнае, што спецыяліст усюды паспявае, усё трымае на кантролі. Хоць часам даводзіцца і ў выхадныя дні папрацаваць, але ж тое, чым займаешся ў радасць.

Нядаўна Раман вырашыў для сябе, што ездзіць з Кобрына не з рукі. І адразу яму выдзелілі дом прысядзібнага тыпу ў Аранчыцах. Стала больш часу, каб сабрацца з думкамі, спланаваць наступны дзень, нават пабыць у цішыні і яшчэ раз упэўніцца — ты шчаслівы чалавек, калі ўсё ў цябе ідзе ладам.

Хутка Новы год. Традыцыйна на нашых сталах будзе стаяць салата «Аліўе», адным з галоўных інгрэдыентаў якой з’яўляецца курынае яйка. Ці забяспечыць нас сваёй прадукцыяй Аранчыцкая птушкафабрыка? Гледзячы толькі на Вераніку і Рамана, адназначна скажам, што падстаў для пераднавагодняга хвалявання зусім няма. Такія людзі не падвядуць.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік