Четверг, 16 июля 2026

Народаўладдзе ў дзеянні. Аляксандр Пішч

736

Быць годным грамадзянінам сваёй краіны. Да гэтага павінен імкнуцца кожны з нас. Толькі агульнымі намаганнямі зможам яшчэ на большую вышыню ўзняць прэстыж роднай Беларусі, заявіць аб сабе на міжнароднай арэне як дзяржаве, дзверы якой заўсёды гасцінна адчынены для добрых людзей і якая гатова да плённага супрацоўніцтва. І тут не важна, чым ты займаешся: стаіш у станка, кіруеш прадпрыемствам, водзіш аўтамабіль ці аддаеш сябе працы ў сельскай гаспадарцы. Галоўнае, як лічыць дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Пішч, адчуваць еднасць з роднай старонкай, любіць кожны кавалачак зямлі.

Быць удзельнікам такога важнага для ўсёй краіны мерапрыемства вельмі пачэсна, для гэтага трэба праявіць сябе, заслужыць давер сваіх суайчыннікаў. І жыццёвы шлях Аляксандра Іванавіча сведчыць, што ў чалавека не разыходзяцца словы са справай, стараецца, у першую чаргу, для сваіх людзей, усяляк падтрымлівае іх.

Ды і справу па жыцці абраў самую што ні на ёсць мірную і ганаровую — сельскую гаспадарку. Гэта цяпер яго малая і любімая радзіма — Пружаншчына, а нарадзіўся Аляксандр Пішч у г. Ляхавічы. У свой час скончыў акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску, а калі ўжо прыступіў да працоўных абавязкаў у нашым раёне — завочна Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Пачынаў у 2006 годзе ў тагачасным ААТ «Руднікі», на пасадзе галоўнага заатэхніка. І прайшоў па ўсёй лесвіцы нялёгкай працы. З 2010 па 2016 гады Аляксандр Пішч працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Пасля да 2018 года займаў пасаду дырэктара ААТ «Радзіма». З часам набраўся вопыту, паверыў у свае сілы, пачаў праяўляць лідарскія здольнасці. Таму і даверылі Аляксандру Іванавічу кіраваць ААТ «Агра-Калядзічы». Не пасарамаціў, прымножыў багацце гаспадаркі, яе назва неаднаразова гучала на рэспубліканскім узроўні. Цяпер Аляксандр Пішч — дырэктар ААТ «Жураўлінае». І тут усё складваецца добра, створаны згуртаваны калектыў, кіраўнік бачыць кожнага працаўніка, яму давяраюць, яго паважаюць. У мінулым годзе быў абраны членам Савета Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання ад Брэсцкай вобласці. Значыць, ёсць сілы, каб жыць дзеля дзяржавы, развіваць яе эканамічны патэнцыял.

А што датычыцца Усебеларускага народнага сходу, то дэлегат з цеплынёй успамінае сустрэчу з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Назаўсёды ў памяці застануцца словы нашага лідара: у нашай Радзімы няма нікога, акрамя нас, таму трэба выстаяць у суровы час і пабудаваць яшчэ больш магутную Беларусь. І як яшчэ адзначае Аляксандр Пішч: ад кожнага з нас залежыць, як мы будзем жыць і што будзе на нашым стале.

Выконваючы свае працоўныя абавязкі, клапоціцца пра дабрабыт сельгаставарыства, у тым ліку кожнага працаўніка. Ды ўвогуле не забываецца пра ўсіх жыхароў Мокраўскага, Сухопальскага і Пружанскага сельсаветаў. Наводзіцца парадак у наваколлі, добраўпарадкуюцца населеныя пункты, пустуючыя землі ўводзяцца ў севазварот. Надаецца ўвага і на асноўных месцах працы. Каб зручна было працаваць, будуюцца навесы для цялят на комплексах, была праведзена рэканструкцыя майстэрні ў в. Мокрае. Задумана многа, і гэта правільна, бо, жывучы адным днём, разлічваць на ўстойлівае развіццё гаспадаркі не даводзіцца.

Ці існуе асабістае жыццё ў Аляксандра Пішча, дэлегата Усебеларускага народнага сходу? Яго шчасце — каханая жонка Алена Уладзіміраўна і трое самых любімых дзяцей — Уладзіслаў, Яна і Паліна. Менавіта яны натхняюць на новыя здзяйсненні, матывуюць да чарговых пачынанняў. А калі хочацца пабыць у адзіноце, паразважаць над учарашнім днём, Аляксандр Іванавіч адпраўляецца на паляванне. Блукаючы па лесе, прыводзіць думкі ў парадак і яшчэ раз упэўніваецца ў адвечнай ісціне: калі не мы, то хто?

Вадзім Раўнейка