
Здаецца, што можа быць прасцей за збор і ўтылізацыю смецця. Аднак,
як паказвае жыццё, гэты працэс не менш складаны за іншыя камунальныя сферы. Прычым пры яго арганізацыі даводзіцца ўлічваць не толькі тэхнічныя, але і этычныя акалічнасці.

Як расказвае намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Кандрацюк, з тэхнічнага боку прадпрыемства робіць усё магчымае, каб наладзіць збор і ўтылізацыю смецця па ўсяму Пружанскаму раёну.
— Летась набылі тры новыя смеццявозы, у бягучым годзе мяркуем купіць яшчэ столькі ж спецаўтамабіляў,— дзеліцца Аляксандр Мікалаевіч.— Дзякуючы гэтаму маем магчымасць яшчэ больш удасканаліць графік абслугоўвання насельніцтва і прадпрыемстваў. Тое ж тычыцца і кантэйнераў, колькасць якіх штогод павялічваецца. Не выключэннем будзе і сёлета: у планах набыццё 100 адпаведных рэзервуараў.

Дарэчы, у дадатак камунальнае прадпрыемства будзе заказваць смеццявоз для пагрузкі буйнагабарытных адходаў. Такая машына ўжо мае магчымасць выгружаць вялікія кантэйнеры, у якія грамадзяне змогуць выкідваць аб’ёмныя рэчы — мэблю, будаўнічыя матэрыялы і гэтак далей. З гэтай нагоды на вуліцы Касцякова арганізавана і спецыяльная пляцоўка, куды можна дастаўляць буйнагабарытнае смецце.
Варта адзначыць, што паралельна «Камунальнік» праводзіць аптымізацыю месцаў размяшчэння пляцовак для збору адходаў. У прыватнасці, па просьбе жыхароў навакольных пяціпавярховак была перанесена пляцоўка ў раёне вуліцы Вашкевіча. Цяпер яна знаходзіцца на роўнай адлегласці ад большасці шматкватэрных дамоў, адпавядае санітарным нормам і патрабаванням лагістыкі.
— У дадатак там была ўсталявана відэакамера, каб заахвоціць грамадзян захоўваць зробленае добраўпарадкаванне і навакольную чысціню. І такую практыку будзем распаўсюджваць на іншыя дзеючыя пляцоўкі,— падкрэслівае спецыяліст.
Па яго словах, у бліжэйшы час відэакантроль будзе наладжаны за месцам збору смецця ў раёне вуліцы Юбілейнай. Гэта якраз той самы этычны накірунак, які даводзіцца браць да ўвагі камунальшчыкам. Нярэдка на такія пляцоўкі выкідваюцца вялікія рэчы, што з’яўляецца парушэннем правілаў, таму што яны прызначаны толькі для бытавога смецця. Па прычыне чаго ў бліжэйшы час давядзецца пераносіць кропку смеццязбору ў раёне вуліцы Савецкай.
— Дагэтуль гэта месца лічылася самым зручным, больш за тое, мясцовыя жыхары па ўласнай ініцыятыве даглядалі канструкцыі, нават пафарбавалі іх. Аднак знайшліся і такія, хто ўзяў за правіла вывозіць туды (практычна ў цэнтр горада) вялікія рэчы, ператвараючы акуратную пляцоўку ў стыхійную звалку.
У выніку, як зазначае Аляксандр Кандрацюк, кропку будуць пераносіць у больш схаваны ад позіркаў куток, такім чынам «прыбіраючы» за гараджанамі.
Падобныя сітуацыі здараюцца і ў сельскай мясцовасці. Там камунальшчыкі таксама аптымізуюць графікі і схемы збору і ўтылізацыі смецця, каб ахапіць нават самыя аддаленыя населеныя пункты. Зараз вядзецца рэканструкцыя пляцовак у Хараве, Калядзічах і Кабылаўцы, каб яны адпавядалі новым стандартам пад размяшчэнне еўракантэйнераў. Аднак паралельна даводзіцца зноў змагацца з этычнымі праблемамі, дакладней, паводзінамі абслугоўваемага насельніцтва. Адныя імкнуцца сабраць як мага больш смецця з агарода, хаця прадстаўнікі прадпрыемства неаднаразова папярэджвалі аб абмежаванні наконт раслінных адходаў. У выніку аўтамабіль затрымліваецца на маршруце, пачынаюцца скаргі з боку тых, хто не дачакаўся. А нядаўна адбылася зусім небяспечная сітуацыя. Грамадзянін разам з іншым смеццем выкінуў свежы попел з печы, які разгарэўся ўнутры смеццявоза. Давялося выгружаць сабранае на праезнай частцы і тэрмінова ліквідаваць узгаранне, каб уратаваць машыну.
Вось і атрымліваецца, што гэта сфера не менш важная, а мы яшчэ больш яе ўскладняем сваім зняважлівым стаўленнем. Трэба ўсё-такі паважаць працу іншых.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
