Среда, 15 июля 2026

На мінулым тыдні раённае грамадскае аб‘яднанне «Белая Русь» правяло справаздачна-выбарчую канферэнцыю.

813

Пра гэтую арганізацыю заўсёды хочацца расказваць добрымі вершамі. Чаму так? Справа ў тым, што там да ўсяго, нават здавалася, да такога афіцыёзу, як справаздачы і выбары падыходзяць творча, па-сяброўску, прыемна. Але я не паэт, а рыфмаплёцтвам не прывык займацца. Буду расказваць рэпартажнай прозай.

Пратакол і справаздача

Як заўсёды на такога роду мерапрыемствах задзейнічаны афіцыйны пратакол: абвяшчэнне павесткі дня, выбары прэзідыума з паважанымі і аўтарытэтнымі людзьмі, сакратарыята, рэдакцыйнай камісіі і інш. У прэзідыум канферэнцыі старшыня грамадскай арганізацыі Таццяна Кашкан прапанавала выбраць старшыню раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кудраўца, начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяну Гаманчук, старшыню пярвічнай арганізацыі установы аховы здароўя «Пружанская ЦРБ» Марыю Грышкевіч.


З дакладам «Аб выніках работы Пружанскай РА РГА «Белая Русь» за перыяд з 21.05.2022 па 26.06.2025 і задачах на перыяд з чэрвеня 2025 па май 2030 года» выступіла старшыня раённай арганізацыі Таццяна Кашкан. Работа «Белай Русі» на працягу ўсяго справаздачнага перыяду была бачна не на словах, а на справе. Шматлікія дабрачынныя акцыі, конкурсы, фестывалі, у якіх прымалі ўдзел актывісты і ўсе неабыякавыя грамадзяне, якіх раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» мабілізавала, гавораць самі за сябе. А гэта — «Залатое пяро «Белай Русі», «Беларусь сінявокая», «Белая Русь» — працаўнікам сяла», «Я люблю Рэспубліку Беларусь! Я ганаруся табой, мая Радзіма!», «Калі мы адзіныя — мы непераможныя!», «Мае бацькі — мая любоў, мой гонар!», «Па старонках сямейнага альбома», «Перамога дзеда — мая Перамога», «Сімвалы маёй краіны» і многія іншыя. Дзякуючы такім актыўным дзеянням работу арганізацыі заўважаюць, таму і ўліваюцца ў паўнаводную раку «Белай Русі» новыя члены. Каб пералічыць усе дасягненні раённай арганізацыі, трэба асобны выпуск газеты. Скажу адно: такой бы кіпучай энергіі павучыцца, пераняць вопыт. Як сама лідар, так і актывісты заўсёды гатовы падзяліцца сваімі задумкамі, планамі.

Многа добрых слоў у адрас арганізацыі сказаў Мікалай Кудравец, які даў здавальняючую ацэнку праводзімай работы. Пра гэта гаварылі і выступаючыя старшыні пярвічак. Дэлегаты канферэнцыі пагадзіліся з дадзенай адзнакай.
Былі і іншыя справаздачныя даклады структур арганізацыі.

Выбары і ўзнагароды

Справаздачы закончыліся, прыступілі да выбараў. Альтэрнатывы Таццяне Кашкан не было. А гэтага і не патрабавалася. Ведаючы Таццяну Канстанцінаўну, скажу, што энергіі, задумак у гэтага чалавека дастаткова. Тым больш, што яна гатова да іх рэалізацыі. А гэта вельмі важна. Таму аднагалосна на новы тэрмін старшынёй РА РГА «Белая Русь» была абрана Таццяна Кашкан. Правялі выбары яе намесніка, савета арганізацыі, прэзідыума і дэлегатаў на абласную канферэнцыю.
Фінальнай часткай справаздачна-выбарчай канферэнцыі стала ўзнагароджанне лепшых актывістаў арганізацыі.


Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара