Вторник, 13 мая 2025

Калонка галоўнага рэдактара.

350

Знайдзіце кампраміс спачатку
для буслянкі.

Любоў Іванаўна патэлефанавала на нумар службовага тэлефона і з горыччу і слязьмі распавяла пра гора, якое напаткала нешматлікае насельніцтва пенсіянераў вёскі — разбурылі адзінае гняздо бусла. Па словах жанчыны, пара буслоў прыляцела гэтай вясной на старое месца гнездавання і пачала адбудоўваць новае жытло. Ды не тут было. Зноў прыехалі супрацоўнікі электрасетак, скінулі фундамент будучага гнязда і прыварылі нейкія, як кажа Любоў Іванаўна, вілы. У гэтым «агрэгаце» буслік заблытаўся, ледзь не параніўся. Усім сялом бедавалі. Прасілі, каб, замест перашкоды, усталявалі кола, як зрабілі шмат у якіх вёсках, але ў адказ пачулі, што зараз няма такіх прыстасаванняў. Куды толькі не звярталіся, ніхто не дапамог вырашыць праблему. Тэма далёка не новая, на старонках газеты неаднаразова яе ўздымалі. Прыстасаванні ладзілі, але зрабіць сістэмнымі дзеянні так і не звыкліся. Добра разумею абодва бакі гэтага пытання: людзей, якія любяць прыроду, шануюць буслоў, як сімвал шчасця, сям’і, краіны, і электрыкаў, якія дбаюць, каб у кожнай хаце была электраэнергія, птушкі ж псуюць лініі электраперадач. Спадзяюся, кампраміс будзе знойдзены. Але ж асноўная мэта гэтага матэрыялу не буслянка, а альтэрнатыва хоць у чым. Перашкаджае гняздо — прапануй замест слупа нешта іншае, каб і птушкам было даспадобы, і людзям, і справе. А яшчэ мне падабаецца выраз: крытыкуеш — прапануй. Не падабаюцца табе нейкія дзеянні, то пакажы, як трэба рабіць. Неаднойчы даводзілася чуць падчас кампаніі па падпісцы на раённую газету моўны кідок, маўляў, а што там у вас чытаць. Пры сустрэчным пытанні, а што б хацелі, адказу не чуеш ці толькі дзяжурны выраз: што-небудзь. Потым высвятляецца, што чалавек ніколі не выпісваў і не чытаў газету. Чагосьці хочацца, а чаго — і сам не ведае. Можа фэйкаў? Дык гэта не да нас.


Неяк у сацыяльнай сетцы пад чарговым ролікам жыхаркі Грузіі, якая праслаўляе беларускія малочныя і мясныя прадукты, напоі, расказвае пра іх якасць і смак, з’явіўся каментарый, маўляў, усё гэта глупства, ніхто беларускія прадукты не купляе. Пасля аказалася, што супярэчлівы каментатар ніколі нічога беларускага не спрабаваў. Гэта ўжо тып такі, якому абы насуперак рабіць, гаварыць, пісаць.


Успамінаю расказ калегі, як у сетцы з’явіўся ролік, зняты жыхаркай з акна сваёй кватэры пра ўборку работнікамі камунальнай службы двара. Каментарый аператаркі быў накшталт, а дзе яны раней былі, калі толькі цяпер пачалі ўборку. Выйсці ж самой, узяць у рукі граблі ці мяцёлку, арганізаваць суседзей — жадання няма, крытыкаваць жа — колькі заўгодна. Падводзячы вынікі маіх роздумаў, скажу, што бессэнсоўныя выразы — няма дзе бавіць вольны час, чаго чытаць, куды пайсці, чым замяніць і іншыя — накіроўваюць на адказ: расплюшчыць вочы, выцягнуць затычкі з вушэй, падняцца з канапы і зрабіць некалькі крокаў насустрач жыццю, святлу і згодзе. І ўсё будзе, акрамя манны нябеснай.


Віктар Ільюшчанка