Пакуль у вялікай зале Палаца культуры ў мінулую суботу школьнікі знаёміліся з прапановамі ад арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў адукацыі раёна, у дыскатэчнай пачыналася не менш цікавае мерапрыемства. Падчас яго старшакласнікі маглі праверыць, наколькі хутка яны могуць знайсці адказ на тое ці іншае заданне і адказаць самім сабе на пытанне «Дзе логіка?» — менавіта такую назву насіла інтэлектуальная гульня.

Мяркуючы па ўсім, яе правядзенне мае ўсе шанцы стаць традыйным. Сёлетняя гульня, якую, нагадаем, можна назваць пружанскім аналагам аднайменнага расійскага шоу на «ТнТ», стала другой па ліку. Як і ў мінулым годзе, прынялі ўдзел у ёй шэсць каманд. На жаль, склад удзельнікаў не змяніўся. Чаму на жаль? Таму што бачыць сярод тых, хто «варушыць мазгамі» на інтэлектуальных разборках, канечне, хацелася б і вучняў іншых школ раёна.

Кіраўнік падлеткавага клуба «Teens-фармат» Пружанскага гарадскога Палаца культуры Анастасія Ціхановіч падрыхтавала 7 раўндаў. Па сутнасці, гульня арыентавана менавіта на развіццё логікі, але і ўлічвае тое, што мысленне многіх сучасных школьнікаў — кліпавае, гэта значыць, што інфармацыю яны ўспрымаюць фрагментамі або карцінкамі.

Уласна, менавіта карцінкі і сталі галоўнымі «дзеючымі героямі» ў пытаннях. Па іх удзельнікі гульні знаходзілі агульнае, здагадваліся, што аб’ядноўвае малюнкі і не толькі. Як запрошаны член журы, магу сказаць, што адным з самых цікавых стаў этап, дзе трэба было пазнаць вядомага сёння чалавека па яго дзіцячым фота.

А, бадай, самым складаным выдаўся раўнд, падчас якога патрабавалася расшыфраваць па малюнках прыказку ці прымаўку. Ён жа і выявіў пераможцаў, разрыў паміж баламі ў якіх — мінімальны.

Такім чынам, каманда «Бліцкрыг» з СШ № 5 узяла рэванш за мінулагодняе другое месца і на гэты раз стала абсалютным пераможцам, набраўшы 25,5 бала. Літаральна адзін бал саступіў ёй «Фарсаж» з гімназіі, трэцім стаў «Атрад Дамблдора» з CШ № 3 г. Пружаны (у іх 23,5 бала).
Дыпломы за ўдзел атрымалі «Эрудыты» з гімназіі, каманда «Пазітыў», якая прадстаўляла Параслянскую СШ, і зборная «Сябры» з СШ № 1 імя ЧБВА.

Паміж пытаннямі радавалі сваімі кампазіцыямі салісткі ансамбля «Меладзін» Лілія Саваш і Надзея Карташэвіч.
Спадзяёмся, што праз год правераць сваю логіку і іншыя школьнікі раёна, якія сустрэнуцца на пляцоўцы цікавай і захапляльнай гульні.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з гульні глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_300135261
