
Да нас у рэдакцыю прыходзіць шмат лістоў з рознымі просьбамі, на якія мы, безумоўна, рэагуем і ўсяляк імкнёмся дапамагчы нашым чытачам разабрацца ў той ці іншай сітуацыі.
У 2011 годзе пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю ўсім вядомы гандлёвы павільён «Журавушка» па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Харчовая кропка карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі ў гараджан, але і ў жыхароў усяго раёна. Набыць прадукцыю, вырабленую аб’ектамі грамадскага харчавання ААТ «Жураўлінае», прыязджаюць з усяго наваколля. Гэта і свежае астуджанае мяса, якое завозіцца два разы на тыдзень, паўфабрыкаты. Гэтак жа ў продаж паступае сезонная садавіна з уласнага саду.
Усё б добра, але напярэдадні вялікіх свят павільён ператвараецца ў непрыступную крэпасць, якую ці то штурмам трэба браць, ці то зморам. Колькасць жадаючых набыць «свежыну», ды яшчэ і па адной цане за любую частку, у разы перавышае тэрыторыю павільёна, а пасля абеду натоўп толькі прырастае і заканчваецца далёка на вуліцы. У чаканні запаветных кілаграмаў людзі займаюць чаргу амаль з самай раніцы, а рэальна мяса прывозяць прыкладна з 12.00 да 13.00 гадзін. У продаж пасля раздзелкі яно паступае толькі праз дзве гадзіны, ды яшчэ кожны мяркуе адхапіць кавалачак лепей, доўга разглядае, думае, колькі браць. Вось і атрымліваецца, што час чакання расцягваецца на доўгія гадзіны.
Як нам растлумачылі ў аддзеле эканомікі ААТ «Жураўлінае», спроба павялічыць магчымасці і набыць дадатковыя пункты гандлю ўжо была. Спачатку ў цэнтры горада, у цяперашняй краме «Верас», якая належыць малочнаму камбінату, затым — на вул. Юбілейнай у прыватніка. Праіснавалі гэтыя кропкі нядоўга, паколькі «малочка» вырашыла насыціць краму толькі сваёй прадукцыяй і мясному аддзелу давялося сысці, а выкупіць аб’ект у арэндадаўцы не ўдалося, ён ніяк не захацеў расставацца са сваімі квадратнымі метрамі. Вось і атрымалася, што на працягу года арэнда памяшкання ў параўнанні з прыбыткам ад продажаў стала нерэнтабельнай і ў верасні мінулага года павільён давялося закрыць. Як сцвярджаюць спецыялісты, прадпрыемства гатова выкупіць прыдатнае памяшканне для магазіна, але свабодных гандлёвых плошчаў у горадзе пакуль няма.
— Такая сітуацыя з чэргамі рэальна адбываецца толькі ў перадсвяточныя дні. У гэты час мы рэалізоўваем каля 75 туш за адзін прывоз, а ў звычайны час — каля 30 без усякай чаргі. Розніца каласальная, ды і нагрузка на прадаўцоў павялічваецца ў разы. У адну змену працуе тры чалавекі, два на зале, адзін на касе і плюс рубшчык мяса. Стараемся ўсім дагадзіць, але стомленыя ў чарзе людзі часценька ў наш адрас адпускаюць крыўдныя рэплікі, і нам таксама даводзіцца цярпець. Мы ўсё разумеем, што пры такім ажыятажы ў пэўныя дні любая крама здасца маленькай, але гэта ўжо не ад нас залежыць, —гаворыць загадчыца «Журавушкі» Раіса Цохан.
Сітуацыя, нарэшце, высветлілася і ўсё стала зразумела. Безумоўна, у любую пару года ўсім хочацца свабодна купіць неабходны тавар у камфортных умовах. Але нават у вялікіх гарадах, у буйных гандлёвых цэнтрах у перадсвяточныя дні адбываецца практычна тое ж самае. Таму самы просты выхад з сітуацыі — рыхтавацца да застолля загадзя.
Можа быць, з часам пры рэальнай неабходнасці нешта зменіцца і гандлёвых кропак, якія належаць ААТ «Жураўлінае», стане больш. А нашым грамадзянам трэба проста набрацца цярпення і навучыцца банальна паважаць адзін аднаго, тады і свет навокал стане дабрэйшым і абавязкова адкажа ўзаемнасцю.
Ульяна Рысь. Фота аўтара