Среда, 19 августа 2026

Мы імкнемся жыць у здаровым горадзе!

909

У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі прайшло пасяджэнне міжведамаснага Савета па рэалізацыі Комплекснага плана асноўных мерапрыемстваў прафілактычнага праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі» на тэрыторыі Пружанскага раёна.

Падчас мерапрыемства інструктар-валеолаг Пружанскай РЦГіЭ Кацярына Каляда далажыла прысутным аб праведзенай рабоце за пяцігадовы перыяд у рамках праекта «Пружаны — здаровы горад» і аб дасягнутых поспехах па праекту «Клепачы — здаровы аграгарадок» у перыяд 2023-2024 гадоў. Таксама члены міжведамаснага Савета абмеркавалі і прынялі шэраг рашэнняў, якія абазначылі далейшае развіццё праекта на тэрыторыі Пружанскага раёна.

Важным момантам стала перадача галоўным санітарным урачом раёна Кацярынай Папко намесніку старшыні райвыканкама Руслану Супрыновічу прыза за другое месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшае інфармацыйнае суправаджэнне дзяржаўнага прафілактычнага праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі» сярод населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва ад 10001 да 60000 чалавек». Нагадаем, што ўзнагароду прадстаўнікі РЦГіЭ атрымалі на мінулым тыдні на Міжнародным медыцынскім форуме «Ахова здароўя Беларусі-2025».

Акрамя гэтага, былі ўручаны заахвочвальныя дыпломы ўдзельнікам абласнога конкурсу на лепшае слайд-шоу «Я жыву ў здаровым гора-дзе!». Так, узнагарода абласнога ўзроўню дасталася вучаніцы СШ № 1 імя ЧБВА Аляксандры Маркевіч. Дыпломы ад Пружанскага райвыканкама атрымалі Дзмітрый Каваленка з СШ №3 (на здымку), Міхаіл Салапонаў з СШ №4 і гімназістка Ангеліна Русак.

Няма сумненняў, што праект «Здаровыя гарады і пасёлкі» будзе і надалей садзейнічаць развіццю Пружаншчыны, умацаванню здароўя яе жыхароў і стварэнню ўмоў для актыўнага, паўнацэннага і гарманічнага жыцця кожнага чалавека.

Руслан Басак. Фота аўтара