
Параўнальна новы мікрараён, што праз дарогу ад крамы «Палявы», адрозніваецца сваёй прывабнасцю і прыгожым знешнім выглядам. Усё гэта выдатна, калі б не адно «але», пра якое раскажам далей…
Паблізу скрыжавання вул. Ракасоўскага і вул. Завод-скай разліваецца вялізная лужына, якая ў халодны сезон рэдка перасыхае. Паглыбленне, якое ўтварылася ў асеўшым асфальце, не дае ёй сцякаць. Вось і празвалі вадзіцелі гэтае месца — акіянам. Так і кажуць паміж сабой — праз акіян паедзем або ў аб’езд?

Як аказалася, праблема існуе ўжо даўно, але самую вастрыню яна набывае тады, калі ноччу падмарозіць, ды яшчэ і прыцярушыць сняжком. А раніцай, раз’язджаючыся з сустрэчным аўтамабілем, на гэтым злашчасным месцы адзін з іх сышоў у занос, і гэта пры хуткасці прыкладна 30 км/гадзіну. Добра, што на пераходзе нікога ў гэты момант не было, і яшчэ адной «сустрэчкі», на шчасце, таксама не аказалася. Вадзіцель абышоўся лёгкім спалохам і нецэнзурнай лаянкай, а пазней патэлефанаваў у нашу рэдакцыю з просьбай разабрацца ў сітуацыі. А калі б апынулася ўсё з дакладнасцю наадварот, што тады?
Па адказ на гэтае пытанне мы звярнуліся ў КУВП «Камунальнік». Нам растлумачылі, што месца ўтварэння лужыны ўжо абследавана, і спусціць зараз з яе ваду проста немагчыма, ды і ўмовы надвор’я зусім неспрыяльныя. У любым выпадку, праблема ўзята на кантроль. Для якаснага рамонту гэтага ўчастка дарогі патрэбны цёплы сезон, на «хуткую руку» тут не атрымаецца. З прыходам сухога яснага надвор’я пытанне будзе вырашана.
А яшчэ турбуюць ямы пры павароце з вул. Інтэрнацыянальнай на Ружанскую трасу Р-85 у раёне АЗС «Слаўнафта», прытым з абодвух бакоў. Паўтараецца ўсё тая ж сітуацыя: няроўнасці, лужыны, заносы, незадаволенасць вадзіцеляў… Аднак, на мінулым тыдні, у прамежку паміж радыёзаводам і паваротам з лужынамі, назіралася спецыялізаваная тэхніка, рабіўся ямачны рамонт. Вырашыць і гэтую праблему дарожнікі абяцаюць у бліжэйшы час.
Таму заклікаем вадзіцеляў набрацца цярпення і, па магчымасці, змяніць маршрут руху ці паехаць у аб’езд. А калі па-іншаму не атрымліваецца — павысіць увагу і быць асцярожным. У сваю чаргу, застаецца толькі чакаць вясны, добрага настрою і роўных дарог.
P.S. Пакуль рыхтаваўся матэрыял у нумар, ямы на павароце скрыжавання вул. Інтэрнацыянальнай і трасы Р-85 ужо падсыпалі гранулятам. Хоць гэта і часовая мера, аднак хоць на нейкі час можна быць спакойнымі.
Ульяна Рысь. Фота аўтара