
Традыцыйна на добраахвотнай аснове работнікі арганізацый рознай формы ўласнасці, прадстаўнікі грамадскіх суполак і проста жадаючыя прыбрацца вакол свайго месца жыхарства выйшлі на добраўпарадкаванне грамадскіх мясцін. Гэта практыка вядзецца, бадай, больш за 100 гадоў і, мяркуючы па далучэнні да чарговай акцыі моладзі, будзе працягвацца і ў будучым. І гэта прыемна, бо, папрацаваўшы некалькі гадзін на ўборцы роднага горада, пасёлка, аграгарадка ці вёскі, мы разам на працягу года будзем захапляцца чысцінёй нашых вуліц, паркаў і вадаёмаў.
Сапраўды, хараство, створанае нашымі рукамі, будзе прызначана для ўсіх без абмежаванняў. Матулі з каляскамі будуць прагульвацца па добраўпарадкаваных парках, пасажыры палюбуюцца свежымі аўтобуснымі павільёнамі, старыя адпачнуць на прывабных лаўках.

У бягучым годзе навесці такі парадак на Пружаншчыне выказала жаданне больш за 14 тысяч жыхароў раёна. Дзякуючы такой масавасці быў зроблены велізарны фронт работ. Трэба адзначыць, што традыцыя апошніх гадоў, калі ўвага падчас суботніка надаецца не толькі райцэнтру і прылеглым тэрыторыям, але і аддаленым вёскам, працягвалася і сёлета: брыгады па навядзенні парадку, сфарміраваныя з работнікаў гарадскіх і сельскіх арганізацый, шчыравалі ў Шарашэва, Ружанах, Клепачах, Лыскава, Хараве… І работы па абнаўленні нашага краю былі самыя розныя — ад фарбавання архітэктурных элементаў да высечкі зараснікаў.
Ад душы працавалі практычна ўсе — газавікі, энергетыкі, паштавікі, будаўнікі, сувязісты і меліяратары, калектывы Белдзяржстраху, аўтамабільных, дарожных і сацыяльных арганізацый, гандлю, сельгаспрадпрыемстваў і таксама рэдакцыі. Медыкі Пружанскай ЦРБ разам з калегамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі вырашылі азеляніць пустыя ўчасткі райцэнтра і высадзілі больш за паўтысячы розных дрэваў.

Работнікі сферы адукацыі навялі парадак у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Дубок», які зусім хутка адкрые дзверы перад летнімі зменамі. Дзякуючы ўкладу педагогаў раёна летнік сустрэне дзятву ў поўнай гатоўнасці, а канікулы пакінуць толькі прыемныя ўражанні.
Разам з цывільнымі на грамадскую працу выйшлі і вайскоўцы, у прыватнасці ваенна-служачыя 210-га авіяцыйнага палігона правялі добраўпарадкаванне помнікаў паблізу ад сваёй часці. Не адсталі ад іх пружанскія выратавальнікі і супрацоўнікі іншых сілавых структур. Пералічыць усіх вельмі складана, таму што шэраг удзельнікаў суботніка былі вымушаны з-за прафесійных акалічнасцяў правесці гэтую акцыю на працоўных месцах.
Да слова, на рэспубліканскім суботніку жыхарамі Пружаншчыны было зароблена больш за 50 тысяч рублёў, пры гэтым грашовыя сродкі будуць накіраваны на стварэнне пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі,які зараз будуецца і іншыя суправаджальныя работы. Тут варта ўспомніць грамадскую будоўлю Нацыянальнай бібліятэкі, якая зараз стала сапраўдным алмазам не толькі знешне, але і па сэнсе, аб’яднаўшы агульныя намаганні і паказаўшы, да чаго можа прывесці супольная праца.
Рэспубліканскі суботнік — гэта маштабная акцыя па добраўпарадкаванні. Але не варта лічыць, што яна «аднаразовая». Навядзенне парадку будзе працягвацца і далей. Ужо зараз камунальшчыкі рыхтуюць газоны і клумбы да высадкі кветак, выстаўляюць на свае законныя месцы малыя архітэктурныя ўпрыгожванні. Наваколле будзе станавіцца толькі прыгажэйшым, а значыць, суботнік працягваецца. Так, ён ужо не будзе настолькі маштабным, больш мясцовым і нават асабістым. Напрыклад, не прайшоў міма кінутага смецця, а прыбраў яго? Вось і працягнуў суботнік. Тым больш, што такога ўдзелу ў навядзенні парадку не варта саромецца, так будуць рабіць сотні людзей. А да такой суполкі можна далучацца з гонарам.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
Больше фото тут
