Адзначаючы 30-гадовы юбілей з таго часу, як у нашай краіне быў заснаваны інстытут прэзідэнцтва, мы звярнуліся да пружанцаў з адным пытаннем: «Як, на вашу думку, змянілася жыццё за гэты час?»
Алена Чэрнік, прадавец магазіна ААТ «Жураўлінае»:
— Паглядзіце навокал, які маляўнічы сёння наш горад. А як шыкоўна выглядаюць аграгарадкі! Мы жывём зараз у выключна сытым, камфортным і прыгожым свеце. І так да гэтага прывыклі, што часам і не заўважаем вялікіх змен да лепшага.
Я вельмі добра памятаю пачатак дзевяностых і тую краіну, якая вісела над прорвай эканамічнага крызісу… Тады ў мяне нарадзілася дачка, і мне не было чым яе карміць у поўным сэнсе гэтага слова. Пустыя паліцы магазінаў, пустыя кашалькі, ашчадныя кніжкі, усе зберажэнні з якіх зніклі, ледзь працуючыя прадпрыемствы… А зараз паглядзіце як мы жывём. Сапраўды добра, а не на словах. Не лянуйся, працуй, і ў цябе ўсё будзе.
І менавіта сёння нам важна і неабходна захаваць Беларусь у такім выглядзе, у якім яна прыйшла да юбілейнай даты — 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва!
Дзяніс Цямчык, дырэктар Шчарчоўскай сярэдняй школы
— Мне не давялося застаць тыя часы, калі ў нашай краіне ўвялі пасаду Прэзідэнта. Але магу сведчыць толькі па расказах сваіх бацькоў, бабулі, дзядулі, што ў тыя часы жыццё было вельмі цяжкім. Чуў ад іх, што месяцамі не плацілі зарплату, многія прадпрыемствы не працавалі, калі і з’яўлялася ў кішэні нейкая капейка, то і за яе ў магазіне нельга было набыць годны тавар. Сельгаспрадпрыемствы ў асноўным, як кажуць, дыхалі на ладан. Моладзь не магла сябе рэалізаваць. Нехта паехаў шукаць лепшай долі за мяжу, а хтосьці падаўся ў крымінал. Цяпер жа моладзі можна рэалізавацца ў любой прафесіі, можна вучыцца, прафесійна расці, рабіць кар’еру. Гэта вельмі радуе.
Дзякуючы палітыцы кіраўніцтва краіны, нашаму Прэзідэнту, мы жывём у квітнеючай, незалежнай краіне, якая прагрэсіруе і развіваецца.
Таццяна Карэтка, намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна:
— Дзякуючы сацыяльнай палітыцы кіраўніцтва рэспублікі, нашай сям’і ў свой час выдалі крэдыт на будаўніцтва жылля пад самы мізерны працэнт. Дзе ёсць яшчэ такі клопат аб сем’ях, дзецях, састарэлых, як не ў нашай любімай Беларусі?
За спакойнае, мірнае жыццё мы абавязаны толькі нашаму Прэзідэнту. Паглядзіце на нашы прыгожыя гарады, вёскі, чысціню і парадак на іх тэрыторыях — душа радуецца. Кожны чалавек, калі не гультай, мае магчымасць жыць заможна, мець машыну, і не адну, кватэру, дом. Жыві і радуйся жыццю!
Ангеліна Маруфенка, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык»:
— Пасля шакіруючых падзей 1991 года, калі распаўся Савецкі Саюз, мы пакрыху пачалі ўзнаўляцца. І дзякуючы выбарам у 1994 годзе, зрабілі правільны вектар развіцця — ісці да новых гарызонтаў і магчымасцяў. Мы змаглі захаваць савецкую спадчыну ў эканоміцы і прамысловасці. І не толькі захаваць, але і прымножыць.
Вось ужо 80 гадоў мы жывём пад мірным небам Беларусі. Наша краіна квітнее і развіваецца. Толькі разам, адным цэлым мы зможам і далей мацаваць мір і дабрабыт роднай краіны.
Думкамі цікавіўся Віктар Ільюшчанка