Яно ўвасабляе імкненне паклікаць вясну, радасць ад таго, што перажылі халодны перыяд, і гатоўнасць сустракаць новы працоўны сезон. Гэта, можна сказаць, апошні зімовы адпачынак, таму што надалей ужо вольнага часу будзе значна менш. Таму на мінулым тыдні на Пружаншчыне адзначылі Масленіцу шчыра, ад душы і весела.



Святочная праграма ў нядзелю была арганізавана ў лепшых традыцыях і на гарадской плошчы: гэта і цудоўныя выступленні самадзейных артыстаў, і слуп з падарункамі, і смачныя пачастункі. Асабліва радаваў кааператыўны і прыватны гандаль, які прапаноўваў смачныя далікатэсы. Іх можна было ўжыць тут жа, пад адкрытым небам за падрыхтаванымі столікамі. Каму ж хацелася патанцаваць і паслухаць добрыя песні, тыя размясціліся ля сцэны ў імправізаваным амфітэатры. Гучнымі апладысментамі гледачы дзякавалі за тыя выступленні, якія падрыхтавалі вакальныя гурты «Шчырым сэрцам», «Надзея», «Акцэнт», «Добры настрой», народны фальклорны гурт «Бабіна лета», дуэт «Гармонік», а таксама салісткі Ірына Лапаценка і Вольга Грышкевіч.

І настолькі выступоўцы запальвалі залу, што адныя падпявалі, а іншыя пускаліся ў скокі. А некаторыя адважыліся паказаць свой спрыт і творчую натуру ў розных конкурсах, за што атрымлівалі каштоўныя прызы.

Варта дадаць, што вельмі запатрабаванай стала дзіцячая пляцоўка, дзе работнікі культуры арганізавалі розныя конкурсы і забавы для маленькіх пружанцаў. Загадкі, забаўляльныя выпрабаванні ды яшчэ і з прызамі прыцягвалі сюды нямала дзятвы, таксама ствараючы і для іх святочны настрой. А тыя, хто старэйшыя, маглі паспрабаваць сваю моц у спаборніцтвах па армрэслінгу на спецыяльна выстаўленай пляцоўцы, на якой таксама збіралася нямала жадаючых.
Нягледзячы на розныя прыцягальныя лакацыі, цэнтрам увагі ўсё-такі застаўся масленічны слуп з невядомымі падарункамі. На самым версе размясціліся нумаркі, атрымальнік якіх мог бы на сцэне памяняць на неверагодны падарунак. Мог бы, але асілкаў на гэты раз не знайшлося. Было больш за дзясятак спроб, але нікому не скарылася гэта выпрабаванне. Таму і засталіся гледачы ў няведанні, што ж там былі за прызы?
Толькі ж ніхто не расчараваўся, дзякуючы ўсёабдымнай святочнай атмасферы. Больш за тое, раз-пораз з неба ўсміхалася сонейка, каб гараджане сапраўды адчулі, што вясновая цеплыня не за гарамі. І варта дадаць, што паводле сцвярджэнняў навукоўцаў, пералётныя птушкі ўжо вылецелі з выраю і хутка напоўняць наш край веснавым шчабятаннем.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
Больше фото тут
