Працоўнае жыццё патрэбна пачынаць з запалам у вачах, з верай у тое, што ўсё атрымаецца найлепшым чынам. Немалаважным фактарам з’яўляецца і тое, куды ты ўпершыню ўладкоўваешся на працу.
Маладосць — гэта пара ў жыцці, калі хочацца горы звярнуць, паказаць сябе ва ўсёй красе, адразу ж заявіць свету: я ўсё змагу, абы толькі падвярнулася магчымасць. І ў гэтым нічога дрэннага няма, бо менавіта такія маладыя людзі і дамагаюцца рэзультату, становяцца гонарам сваёй краіны. Адно толькі але… Першы калектыў павінен цябе ветліва сустрэць, падтрымаць, наставіць на правільны шлях, даць магчымасць самарэалізавацца. Калі так, то ААТ «Агра-Калядзічы» — якраз такая арганізацыя.

І прымуць, і дапамогуць, дадуць годную заработную плату. Што яшчэ трэба для маладога чалавека, які толькі пачынае працоўную дзейнасць? Вось і Яўген Зеляняк вырашыў не шукаць шчасця на чужыне, а быць карысным тут, на малой радзіме. Тым больш што і нарадзіўся ў аг. Руднікі, усё знаёмае і роднае.
Да гэтага пасля сканчэння Мокраўскай СШ адвучыўся ў Бярозаўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў, дзе атрымаў спецыяльнасць «абліцоўшчык-плітачнік», а таксама паралельна і вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «С». Будаваць — справа добрая, але для Яўгена заўсёды быў прыкладам у працы бацька Уладзімір Яўгенавіч, які ў ААТ «Агра-Калядзічы» і сёння працуе вадзіцелем на МАЗе і хутка будзе адзначаць паважаны працоўны юбілей — сорак год стажу. Дык чаму б не пайсці па слядах бацькі, не стварыць дынастыю і яшчэ раз не ўславіць работу сельскага працаўніка?
І быў не так даўно 2021 год, калі Яўген уладкаваўся ў сельгаставарыства, стаў шчыраваць на роднай зямлі нароўні з вопытнымі вадзіцелямі. А вось вам і моладзь, не зялёная, а самая што ні на ёсць сур’ёзная, старанная, якая ведае, чаго хоча і як разлічыць свае сілы. Таму ўжо падчас жніва-2024 стала зразумела, што Яўген свайго не ўпусціць, заявіць пра сябе. Як вынік, першая ўзнагарода — дыплом ІІІ ступені сярод маладых вадзіцеляў ва ўзросце да 31 года на адвозцы зерня ад камбайнаў ад Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. Не падвёў МАЗ 551605275, таму і здолеў хлопец перавезці 2823,2 умоўныя тоны. І не ўтойвае ні ад каго, што было цяжка, бо інакш і быць не можа: толькі шчырай і сумленнай працай можна дамагчыся поспеху.
Па-за жнівом, канечне, лягчэй. Але ўсё роўна працоўныя будні ніхто не адмяняў, трэба ж нарыхтаваць кармоў для жывёлы дый арганічныя ўгнаенні вывезці на палеткі. Пакуль што адпачынак толькі ў нядзелю, але ж ведаў жа Яўген, што лёгка не будзе, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Дый бяды той, галоўнае — пры любімай справе і са спакойнай душой за будучыню.
Кожны з нас шукае сэнс жыцця. Нехта яго так і не знаходзіць, марна траціць час на пошукі, замест таго каб заняцца карыснымі справамі. Але з кожнай новай сустрэчай упэўніваешся: людзей справы ў Беларусі ўсё-такі намнога больш.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
