Среда, 15 января 2025

Малады спецыяліст Параслянскай СШ Вікторыя Дзенісевіч: прыемна ісці на работу, ведаючы, што цябе там чакаюць

445

Працягваем знаёміцца з моладдзю, якая прыехала на работу ў наш горад і раён, і даведваемся, як іх сустрэлі ў новым калектыве і як пра іх клапоцяцца на першым працоўным месцы. На гэты раз мы завіталі ў Параслянскую сярэднюю школу.

Вікторыя Дзенісевіч родам з нашага горада, і ёй усяго 18 год. Юная дзяўчына сёлета скончыла Ваўкавыскі педагагічны каледж па спецыяльнасці «Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва» і была накіравана на сваё першае рабочае месца ў Параслянскую сярэднюю школу на пасаду педагога-арганізатара.

— Мне заўсёды падабалася гэтая прафесія, менавіта таму яе і выбрала. Сустрэлі ў школе мяне добра, і гэтая цеплыня адчуваецца дагэтуль. Мае старэйшыя калегі заўсёды гатовы прыйсці мне на дапамогу, калі гэта спатрэбіцца. Прыемна, калі ад цябе не адварочваюцца, а, наадварот, гатовы ў любы час працягнуць руку дапамогі, гэта станоўча ўплывае на маю працу. Ды і прыемна ісці на работу, ведаючы, што цябе там чакаюць, — падкрэсліла Вікторыя Аляксандраўна.

Вядома, не пакінулі мы без увагі пытанні і пра тое, якія льготы былі дадзены для маладога спецыяліста з боку навучальнай установы.

— Мая абавязковая адпрацоўка складае два гады, штомесяц атрымліваю надбаўку, устаноўленую для маладога спецыяліста ў памеры 30% ад акладу, існуе і дадатковая выплата за работу ў сельскай мясцовасці. Таксама па прыбыцці на першае працоўнае месца арганізацыя выплаціла мне яшчэ пяць базавых велічынь. Цешыць, што ў калектыўным дагаворы прапісаны і дадатковыя выплаты за ўдзел у розных конкурсах і мерапрыемствах. Наша ўстанова таксама гатова была аплачваць некаторую частку сумы за наём жылля, але ў ім я пакуль не маю патрэбы, бо пражываю з бацькамі ў Пружанах.

Падчас нашай размовы малады педагог не раз адзначала сваё задавальненне, што патрапіла на работу менавіта ў гэтую навучальную ўстанову.

— Радасць у маёй рабоце прыносіць яшчэ і тое, што дапамогу аказваюць не толькі настаўнікі, але і вучні, а гэта многага вартае. Тут і навучэнцы добрыя, і калектыў згуртаваны, таму ісці на работу адно задавальненне! Ёсць немалая верагоднасць, што застануся тут і пасля адпрацоўкі.


На нашы пытанні адказвае Вольга Матвіенка, дырэктар ДУА «Параслянская сярэдняя школа».

— Назавіце, калі ласка прывілеі маладых спецыялістаў, якія працуюць у Вашай навучальнай установе.

— У нашым калектыўным дагаворы прадугледжаны розныя дадатковыя выплаты, у тым ліку і для маладых работнікаў. Акрамя таго, што яны атрымліваюць надбаўку як малады спецыяліст у памеры 30 працэнтаў на працягу трох гадоў, таксама па прыходзе на працу ім выдзяляецца аднаразовая грашовая дапамога. Варта адзначыць, што ў цяперашні момант сістэма стымулявання ў нашай установе вельмі шырокая, што дазваляе дадаткова матэрыяльна падтрымліваць педагогаў, якія праяўляюць ініцыятыву і ўдзельнічаюць у розных конкурсах. А калі займаюць прызавыя месцы, то прадугледжана яшчэ і выплата за дасягненне добрых вынікаў. Таму лічу, што ў нас створаны добрыя ўмовы для таго, каб работнікі прымалі актыўны ўдзел не толькі ў навучальным працэсе.

— Што ў Вашай арганізацыі робіцца для таго, каб малады спецыяліст застаўся на дадзеным месцы і пасля абавязковай адпрацоўкі?

— Шчыра кажучы, унутры нашага дружнага калектыву да маладых работнікаў ставімся як да сваіх дзяцей, з такой жа любоўю і дабрынёй. Па прыходзе на працу за імі адразу ж замацоўваецца настаўнік, які поўнасцю спрыяе іх адаптацыі на месцы, дапамагаючы ва ўсіх складаных сітуацыях. Прыцягваем маладога чалавека і да ўдзелу ў мерапрыемствах са школьным калектывам. Бо менавіта ў іх новы работнік знаёміцца бліжэй са сваімі калегамі і становіцца больш адкрытым. Адным з апошніх мерапрыемстваў, якое было накіравана на згуртаванне калектыву і ў якім брала ўдзел наша Вікторыя Аляксандраўна, — была паездка ў Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Мы выдатна правялі час і яшчэ больш зблізіліся.

Руслан Басак

Фота Кацярыны Масік