Понедельник, 9 декабря 2024

Майстрыха-самавучка Ала Жукоўская з Клепачоў: у рукадзеллі — творчасць, аддушына і глыбокі сэнс

696

З Алай Жукоўскай мы пазнаёміліся ў аг. Клепачы на яе працоўным месцы ў мясцовай амбулаторыі, дзе яна працуе фельчарам амаль 35 гадоў. Шчырая, адкрытая, з неверагоднай усмешкай, размова з якой атрымалася доўгай і цікавай.

Працягнулася знаёмства з майстрыхай у яе дома. Ала Уладзіміраўна бярэцца за любую справу лёгка і нязмушана. Звычайная вышыўка крыжыкам у яе руках ператвараецца ў сапраўдны шэдэўр, якіх раней мы і не бачылі. А ўсё пачалося каля 15 гадоў таму з выставы вырабаў рамеснікаў у мясцовым Доме культуры. Яе так захапілі работы вышывальшчыц, што яна тут жа вырашыла паспрабаваць — і ў яе ўсё атрымалася. І не проста атрымалася, а пераўзышло ўсе чаканні.

— Спачатку гэта былі простыя карціны: вочы, пейзажы, кветкі. Але, калі я зразумела, што магу больш і лепей, спыніцца было немагчыма. Я вышывала ноччу і днём, седзячы недзе ў чарзе, дзе шмат святла, бывала, нават у машыне, па-рознаму. Калі пачынаеш працу, цябе проста падхоплівае і нясе, і пакуль не скончыш, не супакоішся. У мяне так было з усімі работамі. Здаралася, што ўсё перарабіла, сілы ўжо пакідалі, але не, доўга і ўпарта выцягваеш нітачкі і пачынаеш спачатку, пакуль не даб’ешся патрэбнага адцення або спалучэння колераў. Безумоўна, патрэбна сіла волі і вялізнае цярпенне, але табой рухае нешта невытлумачальнае. Так было і з карцінай Саўрасава «Гракі прыляцелі». На выгляд яна не асабліва прывабная, там няма ярка выяўленых мастацкіх дэталяў, яркіх фарбаў, усё шэрае і амаль аднатоннае. Але вельмі захацелася яе вышыць, я доўга падбірала ніткі, прымяняла спалучэнне крыжа і паўкрыжа, але потым усё пайшло і пайшло. Цяпер я задаволена вынікам, усё ж такі класіка, — усміхаецца майстар.

Для Алы Жукоўскай рукадзелле — гэта і творчасць, і аддушына, і глыбокі сэнс. Сем гадоў таму яе жыццё падзялілася на «да» і «пасля», калі цяжкая хвароба прымусіла зірнуць на свет па-іншаму. Але і ў гэтай гісторыі маладая жанчына ўзяла верх над усімі нягодамі, не зламалася і выйшла пераможцай. Жыццё сапраўды вартае таго, каб за яго пазмагацца, і ў Алы ўсё атрымалася. У далейшым гэта знайшло адлюстраванне і ў вышыўцы. Як кажа сама майстрыха, рукі самі пачалі рабіць тое, што душы было патрэбна. Так паступова ў яе працах з’явіліся біблейскія матывы. На той момант яна была далёкая ад гэтай тэмы, але лёс распарадзіўся інакш і падштурхнуў да чагосьці новага і нязведанага.

— Першая хрысціянская карціна «Маці Божая з малым» з’явілася як бы сама па сабе. Вось аднойчы я села з наборам для вышыўкі і зразумела, што хачу зрабіць вобраз, аблічча святога, і пачала працаваць. Наогул, усе палотны шыюцца ў дзве ніткі, шляхам змешвання адценняў, а вобразы даюцца яшчэ складаней. Там шмат нюансаў, і каб атрымаўся выразны погляд, трэба доўга падбіраць патрэбны колер і правільна камбінаваць ніці. Я пачынаю вышываць заўсёды знізу ўверх, справа налева, мне так зручней, тады карцінка вымалёўваецца адразу і цалкам, — расказвае Ала. — Другая карціна, таксама Маці Божая, але абедзве атрымаліся зусім розныя. Калі я потым прыгледзелася, то зразумела, што адна каталіцкая, а другая праваслаўная, вось так атрымалася. Вобраз Мікалая Цудатворца з’явіўся ў сне, і я адразу ўзялася за карпатлівую працу. У маім жыцці ўсё не проста так, вось зараз, што адчуваю, тое і раблю. Нейкая сіла вядзе мяне, і я ёй падпарадкоўваюся. Нарэшце навучылася слухаць сябе, напэўна, таму і жыву.

На адну сярэднюю карціну з абліччамі святых ідзе прыкладна паўгода бесперапыннай працы, а выява Мікалая Цудатворца стваралася больш за 8 месяцаў. Гэта ж якое жаданне і ўпартасць патрэбны, каб вырабляць такія шэдэўры! Але, на шчасце, яна не адна. Побач з Алай Уладзіміраўнай заўсёды знаходзіцца яе муж, Іван Іванавіч, як кажуць — і ў горы, і ў радасці. Ён падтрымлівае ўсе яе ініцыятывы, падбірае рамкі для палотнаў, дапамагае па дому, вядзе дапаможную гаспадарку. Яны разам выгадавалі дачку Аню і зараз імкнуцца ва ўсім быць для яе добрым прыкладам.

Цяпер Ала працуе над вобразам Хрыста, які папрасіў у яе настаяцель храма прыпадобнага Сергія Раданежскага ў Клепачах айцец Аляксандр. Дарэчы, гэта першая яе карціна, якая будзе проста падорана, бо ўсе астатнія палотны не пакідалі сцены дома і не прадаюцца. Як кажа муж Алы, занадта шмат часу і сіл укладзена ў гэтае рамяство, каб за грошы з ім расставацца, самае каштоўнае павінна быць заўсёды побач. І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Выдатную майстрыху, гэтую дзіўную жанчыну можна слухаць гадзінамі. У ёй спалучаецца вялізарная сіла і моц, неверагодная энергетыка і суцэльны пазітыў. Здаецца, менавіта такім светлым людзям і даюцца выпрабаванні, каб адкрыліся новыя грані і прага да жыцця стала яшчэ мацнейшай, а душа і сэрца яшчэ шчаслівей.

Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік