Среда, 15 января 2025

Любяць працу і аддаюць ёй часцінку душы работнікі ААТ «Ружаны-Агра» Аляксандр Макарэвіч і Аляксей Юрэня

186

Людзі, чэсныя, працавітыя, адкрытыя душой, — заклад поспеху ў сельскай гаспадарцы. Менавіта такімі працаўнікамі і славіцца ААТ «Ружаны-Агра».

Хоць колькі купі трактароў і аўтамабіляў, але калі на іх няма каму працаваць або за руль сядае гультай, то якой аддачы ад тэхнікі тады чакаць? Можна сказаць, выкінутыя на вецер грошы. А вось калі за справу бярэцца чалавек, які з дзяцінства марыў круціць абаранку, наогул з тэхнікай на ты, даглядае яе, як сваю любімую жонку, тады абавязкова будзе рэзультат. І кіраўніцтва любой гаспадаркі будзе спакойнае і ўпэўненае, што ўсё будзе зроблена своечасова і якасна, у любы дзень тыдня. Прыкладам такой надзейнасці і працавітасці, аптымізму з’яўляюцца вадзіцель Аляксандр Макарэвіч і трактарыст-машыніст Аляксей Юрэня.

Абодва карэнныя жыхары, Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся ў Ружанах, Аляксей Іванавіч — у Калазубах. Што такое сельская праца, ведалі не па чутках. Але не пабаяліся аддаць роднай зямлі значную частку свайго жыцця. І самае галоўнае — нават думкі іншай не дапускаюць, што пражыць можна было б інакш. А хто ж тады будзе вазіць арганіку і кармы, іншыя грузы, займацца ўборкай на малочнатаварных комплексах?! Такія вось адказныя работнікі працуюць у ААТ «Ружаны-Агра».

Вадзіцель Аляксандр Макарэвіч упэўнены, што яго працоўная дарога яшчэ не зайшла ў тупік.

Вадзіцельскае пасведчанне Аляксандр Макарэвіч атрымаў у навучальна-вытворчым камбінаце, які дзейнічаў у пасёлку. Пасля сканчэння школы ў 1978 годзе ўладкаваўся ў тагачасны саўгас «Ружанскі» аўтаслесарам, а праз некалькі месяцаў, калі споўнілася 18 гадоў, збылася мара — на аўтамабілі ГАЗ-51 пачаў намотваць кіламетры свайго працоўнага стажу. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся ў родную гаспадарку і па сённяшні дзень верны абранай прафесіі. Давялося і на ЗІЛе паганяць, на КАЗе-608 («Калхідзе») нават у Калінінград трапіў. Быў час, калі і на аўтобусе ездзіў. Усяго хапала, але самае важнае, што не здрадзіў справе, гатовы нават у выхадныя дні працаваць. Чаму б і не? Ёсць сілы і жаданне, значыць, трэба прыносіць карысць і сабе, і людзям. Тры гады назад атрымаў новы МАЗ-6501, цяпер толькі круці абаранку айчыннай тэхнікі і радуйся кожнаму новаму дню, які абавязкова прынясе нешта новае і прыемнае. І нават тая акалічнасць, што падчас уборачнай кампаніі ў сем гадзін раніцы ўжо ў гаражы і ў столькі ж вечара дома, не засмучае вадзіцеля. Сам жа абраў працоўны шлях, ніхто не прымушаў сілаю.

Дый наогул скардзіцца на жыццё Аляксандр Уладзіміравіч і не збіраецца. На працы паважаюць, дома чакае жонка Наталля Мікалаеўна са смачнымі абедамі і вячэрамі. Дачка Алеся падарыла трох унукаў Ігара, Ганну і Соф’ю. Ёсць пра каго клапаціцца, аддаваць часцінку сябе і верыць у шчаслівую будучыню як сваю, так і сваіх родных.

Трактарыст-машыніст Аляксей Юрэня зазначае: калі працуеш — значыць, жывеш, іншага не дадзена.

Нечым падобны шлях у прафесію і ў Аляксея Юрэні. Скончыў дзесяцігодку ў Варанілавічах, тут жа ў навучальна-вытворчым камбінаце адвучыўся на трактарыста-машыніста. Першае месца працы ў 1980 годзе — тагачасны калгас «1 Мая», дзе пачынаў паляводам, потым давялося папрацаваць і ў будаўнічай брыгадзе. Аддаўшы доўг Радзіме, вярнуўся дадому, і пацяклі працоўныя будні, напоўненыя асэнсаваннем таго, што ты на сваім месцы, працуеш на роднай зямлі.

І памочнікам на камбайне быў, потым і сам кіраваў «Нівай», затым — «Донам». Гэта падчас жніва. А так першы трактар — гусенічны «ХТЗ Т-74». Якой толькі тэхнікі за столькі гадоў не прайшло праз рукі Аляксея Іванавіча! Усё больш трапляліся пагрузчыкі розных мадыфікацый. Але ўсё з цягам часу прыходзіць у непрыдатнасць. Не таму, што гаспадар нядбайны, а любы агрэгат мае свой рэсурс і супраць гэтага не папрэш. Паспеў спісаць «Амкадор 342», шэсць гадоў таму далі такі ж. На ім цяпер і шчыруе на МТК «Далкі». З чым ні звярніся да Аляксея Юрэні, усё будзе выканана на выдатна, без усялякіх пярэчанняў.

Калі чалавек ведае, чаго хоча, тады ўсё ў яго атрымаецца і на працы, і ў сям’і. Ды яшчэ калі жонка Раіса Андронаўна ва ўсім падтрымлівае, з’яўляецца сапраўднай захавальніцай сямейнага ачагу… Як вам? Паставілі на ногі сваіх шасцёра дзяцей Вадзіма, Руслана, Святлану, Ганну, Таісію і Лілію! Нізкі паклон такім людзям! А калі сіл і пяшчоты хапае? Правільна, трэба любоўю падзяліцца з дзецьмі, якія па нейкай прычыне засталіся без бацькоўскай ласкі. Дзіву даешся, калі даведваешся, што Аляксей Іванавіч і Раіса Андронаўна не проста адважыліся ўзяць дванаццаць дзяцей (!) з прытулку, а далі ім годнае выхаванне, акружылі клопатам, падарылі шчаслівае дзяцінства і юнацтва. Каб вам заўсёды свяціла ласкавае сонейка, дні былі толькі светлымі, душа спакойная. Дабрабыту ў дом! Цяпер у сям’і дзетак паменшала, усяго толькі пяць — Дар’я, Ілья, Васіліса, Максім і Кацярына, якія вучацца ў Ружанскай сярэдняй школе імя Казіміра Марача. Дзесяць разоў у сям’і Юрэняў святкавалі з’яўленне на свет унукаў. Чаго яшчэ чакаць? Па словах Аляксея Іванавіча, праўнукаў! Чаго і шчыра жадаем, дачакацца і не адзін раз.

Душэўным людзям ніколі не шкада цёплых слоў. А за столькі гадоў працы ў сельскай гаспадарцы ў адрас Аляксандра Макарэвіча і Аляксея Юрэні гучалі не толькі падзякі за шчырую працу, было шмат узнагарод і ад гаспадаркі, ад раёна і вобласці. З апошніх сёлетняя Грамата Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу Аляксея Іванавіча і 1-ае месца ў раёне за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў у 2024 годзе сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў з ёмістасцю кузава менш за 30 кубічных метраў у Аляксандра Уладзіміравіча. Былі, канечне, і каштоўныя падарункі: тэлевізары, мікрахвалёўкі, халадзільнікі, казаны. Будзе што паказаць нашчадкам і расказаць аб тым, як трэба працаваць, каб займець павагу.

Абодва мужчыны, як і іх жонкі, ужо на пенсіі. Але нават не падыходзь да іх з пытаннем: можа, ужо пара адпачыць? Адзінагалосны адказ: тут выхадныя не ведаеш, як збыць, а то цэлымі днямі ля жонкі круціся. Не, работа дома робіцца, усё ў парадку і пад наглядам. Але як жа ты кінеш працу, якой аддаў больш за сорак гадоў? І тут справа нават не ў грошах, хаця яны ніколі лішнімі не бываюць. Гэта ўжо неад’емная часцінка цябе, ты адчуваеш прыналежнасць да дружнай сям’і сельскіх працаўнікоў. На такіх людзях і свет трымаецца.

Звычайныя людзі. А колькі цеплыні і дабра нясуць у сабе. Цяжка працуюць і, як ні дзіўна, бачаць у гэтым сэнс жыцця, іншага і не хочуць. Здароўя вам, Аляксандр Уладзіміравіч і Аляксей Іванавіч, на доўгія гады, каб жылося ў радасць!

Вадзім Раўнейка

Фота Руслана Басака