Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыехаў у «Мінск-Арэну», дзе праходзіла маштабнае спартыўна-забаўляльнае шоу «Час нашых перамог», перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы разам з 7 тысячамі гледачоў назіраў за яркім, маляўнічым паказам.
Асноўная ідэя мерапрыемства — яднанне і аб’яднанне. На гэтым будавалася і канцэпцыя шоу, якая непасрэдна пераклікаецца з назвай — «Час нашых перамог». Праграма была падзелена на 12 тэматычных блокаў — па аналогіі з цыферблатам: «Час марыць», «Час любіць», «Час ствараць», «Час сябраваць». Заключным блокам стаў «Час нашых перамог».
У праграме — выступленні вядомых беларускіх спартсменаў і артыстаў, а таксама гасцей з Расіі і Кітая. Гэта першы праект такога маштабу. Арганізатары называюць яго часткова эксперыментальным. Менавіта таму на яго нельга было набыць білеты. На спартыўна-забаўляльнае шоу запрасілі ў асноўным студэнцкую і рабочую моладзь. Але калі ўсё атрымаецца так, як задумваецца, «Час нашых перамог» атрымае працяг і яго змогуць убачыць больш беларусаў.