Двухбаковая сустрэча ў Пекіне Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна доўжылася ў тры разы даўжэй, чым было запланавана, паведамляе БЕЛТА.
Пасля завяршэння перагавораў лідары краін абмяняліся падарункамі, пасля чаго прадоўжылі размову за рабочым абедам.
Аляксандр Лукашэнка падарыў Сі Цзіньпіну некалькі мастацкіх вырабаў, якія сімвалізуюць Беларусь і беларуска-кітайскую дружбу. Сярод падарункаў — мастацка-дэкаратыўнае пано «Беларусь мая», на якім паказана прыгажосць беларускай прыроды і ўтульныя дамы на фоне дуброў і азёр. У ніжняй частцы пано размешчаны калоссе, кветкі лёну і валошкі, якія сімвалізуюць прыгажосць і багацце беларускай нацыі.
Сімвалічна і скульптурная кампазіцыя «Беларуска-кітайская дружба. Адзін пояс — адзін шлях». У ёй знайшлі адлюстраванне як гісторыя, так і сучаснасць — ад каравана вярблюдаў да высакаскорасных паяздоў. А сімвалічны зямны шар утрымліваюць разам «Рукі дружбы».

Акрамя мастацкіх вырабаў, кіраўнік дзяржавы падарыў кітайскаму калегу эксклюзіўны набор шакаладных цукерак і кошык беларускіх прадуктаў. «Гэта прадукты, падобныя на тыя, што мы пастаўляем у Кітай. Але ўжо апошнія навінкі», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Адным з падарункаў Аляксандру Лукашэнку ад Сі Цзіньпіна стала шаўковая карціна з кітайскімі горнымі пейзажамі.
«А я толькі хацеў сказаць, каб Кітай падарыў нам карціну для Палаца Незалежнасці, якая ў цэнтры будзе стаяць. Вось гэта будзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, убачыўшы падарунак.

Мяркуючы па рэакцыі Сі Цзіньпіна, магчыма, Палац Незалежнасці ўпрыгожыць не толькі гэта карціна. «Які памер, які пейзаж?» — адразу пацікавіўся кітайскі лідар.
«Каб там душа была кітайская», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Дамовіліся», — адказаў Сі Цзіньпін.

У агульнай колькасці Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін размаўлялі больш як тры гадзіны. Прэзідэнт пацвердзіў, што Беларусь была, ёсць і будзе надзейным партнёрам для Кітая. А Старшыня КНР заявіў пра гатоўнасць і далей умацоўваць стратэгічнае ўзаемадзеянне з Беларуссю.
