Четверг, 12 ноября 2026

Лукашэнка: мясцовай вертыкалі хопіць лунаць у воблаках і чакаць указанняў з цэнтра

265

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад урада нагружаць і спаганяць па поўнай з улад у раёнах. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па праекце закона аб удасканаленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Пачніце нарэшце нагружаць і спаганяць па поўнай з вертыкалі ўлады, асабліва старшынь райвыканкамаў. Хопіць мясцовай вертыкалі лунаць у воблаках і чакаць указанняў з цэнтра. Усе ўказанні раздадзены”, – запатрабаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі не замацаваць у раёнах людзей шляхам стварэння вытворчасцей і пераразмеркавання рэсурсаў, то можна праваліць усю эканамічную работу ў цэлым па краіне. “Спыніце адток спецыялістаў у абласныя гарады і сталіцу. Праз прадастаўленне жылля, размеркаванне спецыялістаў ВНУ, ільготы і іншае – гэта вашы пытанні”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што перад кіраўнікамі на месцах дакладна абазначаны абсалютна зямныя задачы: адзін-два новыя інвестпраекты на пяцігодку ў кожным раёне, два самыя слабыя сельгаспрадпрыемствы – персанальна за кожным старшынёй райвыканкама, адраджэнне райаграсэрвісу і перасовачных механізаваных калон, падваенне тэмпаў меліярацыі, вырашэнне пытання з пустуючымі дамамі і зямельнымі ўчасткамі.

“Якіх пры гэтым не хапае ў вас паўнамоцтваў для эфектыўнага вырашэння названых праблем? Уносьце прапановы, калі не хапае. І не трэба ламаць сацыяльна-эканамічную палітыку. Губернатар, упаўнаважаныя і памочнікі, за вамі – дапамога і кантроль”, – адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што генеральная задача ўлады – забяспечыць спакой грамадства, абараніць людзей і мінімізаваць уплыў рабаўніцкіх санкцый на працоўныя калектывы.

“Радуе, што людзі самі адэкватна разумеюць сітуацыю, падтрымліваюць наш мірны курс на развіццё і, у рэшце рэшт, трымаюцца за работу. Разумеюць, што можа адбыцца”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.