Суббота, 11 апреля 2026

Лепшыя разьбяры з усёй Беларусі працуюць у Пружанах над стварэннем алеі драўляных фігур з постацямі гістарычных асоб (+фота і відэарэпартаж)

331

З вечара мінулай нядзелі на «пятачку» каля візітнай карткі Пружан — скульптуры на зліцці рэчак Муха і Вец — праходзіць плэнер рэзчыкаў па дрэве. Абяцаюць, што да моманту выхаду газеты за 1 ліпеня, калі паспрыяе надвор‘е, скульптуры ўжо ўстановяць. Але, калі мы пабывалі тут, работы былі ў самым разгары.

Гудуць бензапілы, у паветра ляціць жоўтымі іскрамі пілавінне. Паступова кавалкі дрэва набываюць абрысы. І вось ужо нібы гарэза-вецер расправіў пышныя спадніцы сярэднявечных дам, прымусіў мужчын прытрымаць капелюшы… Нават не верыцца, што грубым інструментам з бесформеннай драўлянай калоды можна стварыць падобны цуд літаральна на вачах. Але пакуль гэта — толькі «чарнавік», на змену пілам павінны прыйсці больш далікатныя інструменты для «чыставой» апрацоўкі.

Каб на беразе Мухаўца ўвасобіліся постаці гістарычных асоб, з‘ехаліся майстры-разьбяры з усёй Беларусі. Мікалай Скляр выразае фігуру Ганны Ягелонкі. Так, той самай каралевы Ганны, якая ў 1588 годзе падаравала Пружанам Магдэбургскае права, пацверджанае і засведчанае яе яснавяльможным пляменнікам каралём Сігізмундам III. Менавіта пры Ганне Ягелонцы, дачцэ Боны Сфорцы, і пачаўся адлік «гарадскога» статусу нашага райцэнтра, а таксама ў памяць пра міланскае паходжанне роду Сфорца з‘явіўся герб са змяёй з дзіцём у пашчы.

Вядомы гродзенскі скульптар не ў першы раз прымае ўдзел у плэнерах на Пружаншчыне. Адна з яго работ — выява «імпала», прывіда, які прадказаў будучыню разьбяра Міколы Тарасюка, устаноўленага ў вёсцы Стойлы. На гэты раз Мікалай Сцяпанавіч працуе не па ўяўленні, а па партрэце, але, спадзяёмся, каралева ў выкананні сапраўднага майстра атрымаецца больш прыгожай, чым была насамрэч.

Івянецкі майстар Мікалай Задрэйка працуе над фігурай Валенція Швыкоўскага. Гэтае прозвішча на слыху ва ўсіх пружанцаў, але «ў твар» пана Швыкоўскага ніхто не ведаў. І вось не так даўно быў знойдзены фотапартрэт, на якім, мяркуецца, адлюстраваны легендарны ўладальнік маёнтка Пружанскі ключ, пры якім будаваўся наш знакаміты палацык.

А вось партрэт Юзафа Ігнацы Крашэўскага, напэўна, бачылі ўсе. Выява менавіта гэтага знакамітага пісьменніка ХІХ стагоддзя, які нарадзіўся і пэўны час жыў у радавым маёнтку Доўгае, змешчана на будынку каля гасцініцы «Мухавец». Мы адразу пазналі яго і ў дрэве: піла гомельскага разьбяра Валерыя Казлоўскага мудрагелістымі засечкамі хутка надавала аб‘ём шыкоўнай барадзе літаратара. Ці справа тут усё ж у таленце народнага майстра Беларусі, які здольны з першых штрыхоў зрабіць фігуру пазнавальнай?

Не ўпершыню прымае ўдзел у плэнерах у нашым раёне і баранавіцкі разьбяр Сяргей Козел. Цяпер ён стварае памятны знак у гонар Аўгустына Пацэвіча, вядомага ў Пружанах урача, імя якога ў даваенны час насіла вуліца Савецкая.

Сярод трох жаночых фігур, увасобленых у дрэве, будзе і сама каралева Бона Сфорца, якой Пружаны належалі з першай чвэрці да паловы XVI стагоддзя. Вельмі дарэчы яе постаць з‘явіцца тут, амаль у тым месцы, дзе некалі знаходзіўся каралеўскі двор. Кажуць, што Пружаны нагадвалі Боне Сфорцы родны Мілан. Ці ведае пра гэта мінскі рэзчык па дрэве Аляксандр Жураўлевіч, які ўвасабляе ў дрэве каралеўскую асобу? Так! Звычайна ўсе майстры, калі бяруцца за падобную працу, імкнуцца больш даведацца пра гісторыю мясцовасці, асоб, чые выявы нараджаюцца пад іх пілой і разцом.

Каго мы яшчэ пакінулі за кадрам? Тую, з каго, напэўна, трэба было пачынаць храналагічна, — Ганну Сямёнаўну Кобрынскую, якая пайшла з жыцця ў 1519 годзе. Сястра князя Івана Кобрынскага не заснавала Пружаны, дэ-факта не валодала імі. Але чамусьці кранае душу няшчасны лёс дзяўчыны, якая стала заложніцай у мужчынскіх палітычных гульнях (раю: пачытайце пра яе ў кнізе Людмілы Урублеўскай «Рыцары і дамы Беларусі»). Мне здаецца, Святаславу Няхайчыку ўдаецца перадаць трагізм асобы апошняй правіцельніцы Кобрынскага княства, у якое ўваходзілі Пружаны (у той час яны яшчэ мелі назву Дабучын). Святаслаў прызнаецца, што ў першы ж дзень плэнеру паспеў абысці пружанскія вуліцы, захапіцца эклектычнай архітэктурай нашага горада. Мінчанін упершыню тут і кажа, што эмоцыі ад таго, што ўбачыў, зашкальваюць.

Адначасова работнікі «Камунальніка» добраўпарадкоўваюць тэрыторыю незвычайнай алеі, рыхтуюць падмурак пад камень, што ўстановяць у гонар юбілейнай даты нашага горада. Тут будзе закладзена і капсула часу. Адкрыцце новага сквера запланавана на 7 ліпеня.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_294180013 і https://ok.ru/group/50400804208776/album/963751727496