
На гэта нямала адказаў, вось толькі яны патрабуюць і працягу, які заключаецца ў пытанні: а дзе ты будзеш патрэбны пасля атрымання прафесіі? Аргументаваны адказ быў атрыманы, дзякуючы раённаму прафарыентацыйнаму мерапрыемству «Прафесія.by: цэнім мір, ствараем будучае».
На самым пачатку сёлетняга «абітурыенцкага» сезона чарговае прафарыентацыйнае мерапрыемства «Прафесія.by: цэнім мір, ствараем будучае», на якое былі запрошаны вучні 10-х і 11-х класаў школ раёна, можна назваць не толькі актуальным, а і даволі аператыўным, таму што праводзілася літаральна ў самым пачатку года. Як паведаміў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік, падобны форум праводзіцца ў другі раз, таму былі ўлічаны просьбы і заўвагі, атрыманыя падчас папярэдняга, леташняга правядзення. У выніку сёлетняя работа была арганізавана па некалькіх насычаных тэорыяй і практыкай накірунках.
— Мы запрасілі да ўдзелу яшчэ больш гасцей з арганізацый і прадпрыемстваў раёна, а яшчэ падрыхтавалі спікераў, якія падзеляцца парадамі для выпускнікоў,— анансаваў Аляксандр Канстанцінавіч.
І яго абяцанні рэалізаваліся ў поўнай меры. На дэманстрацыйных лакацыях свае пляцоўкі падрыхтавалі звыш 20 арганізацый і прадпрыемстваў. Старшакласнікі, якія былі запрошаны на праф-арыентацыйнае мерапрыемства, маглі азнаёміцца з дасягненнямі і вынікамі прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу ААТ «Мурава», «Жураўлінае», «Ружаны-Агра», «Агра-Калядзічы», «Велікасельскае Агра», «Пружанскі райаграсэрвіс».

Святлана Ляўковіч, спецыяліст па кадрах ААТ «Агра-Калядзічы»:
— Нам зараз вельмі патрэбны спецыялісты зааветпрофілю, з нагоды чаго прапануем будучым выпускнікам школ заключыць мэтавыя дагаворы з накіраваннем на навучанне ў ССНУ і ВНУ. А самае галоўнае тое, што мы ахвотна прымем на працу дыпламаваных спецыялістаў. А якія ўмовы іх чакаюць у «Агра-Калядзічы», бачна па тым стэндзе і тлумачальных буклетах, што ўручаем кожнаму, хто звяртаецца да нас.
Сваю лепту ўнеслі ў напаўненне лакацый «прамысловікі»: ільнозавод, малочны камбінат, электрасеткі, раён газазабеспячэння, лясгас. Многія прадпрыемствы праводзяць мадэрнізацыю вытворчасці, асвойваюць новыя накірункі дзейнасці і павялічваюць асартымент прадукцыі. Таму і ў гэтым сектары патрэбны працоўныя і інжынерныя кадры.
Марына Кабрынец, спецыяліст па кадрах ААТ «Пружанскі малочны
камбінат»:
— У нашай галіне выкарыстоўваецца асаблівы падыход, які не прадугледжвае мэтавых накіраванняў, але дае цвёрдую гарантыю працаўладкавання. У прыватнасці, арыентуем будучых выпускнікоў школ на паступленне ў Слуцкі і Пінскі аграрныя каледжы, дзе рыхтуюць работнікаў тэхналагічнага звяна для малочных прадпрыемстваў. Падчас вучобы запрашаем на практыку, у тым ліку і пераддыпломную з дапамогай у падрыхтоўцы праектаў-дыпломаў. А пад фінал навучання адпраўляем заяўкі на размеркаванне ўжо вызначаных спецыялістаў. Падобнае практыкуем і з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.
Не менш цікавую інфармацыю таксама падрыхтавалі камунальшчыкі, страхавыя работнікі Белдзяржстраху, бюджэтныя арганізацыі і супрацоўнікі сілавых структур. Увогуле, атрымалася насычаная і шмат у чым інтэрактыўная праграма першай часткі прафарыентацыйнага мерапрыемства, якая, безумоўна, пакінула адпаведныя ўражанні ва ўдзельнікаў. І, верагодна, шмат каго прымусіла задумацца над сваімі планамі «прафесійнага росту».
Другая частка форуму была прысвечана больш шчыльнаму знаёмству з прапановамі розных галін эканомікі Пружаншчыны. Яе асноўную задачу вызначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.
— Усе прысутныя ў зале выдатна ведаюць пра навучальныя магутнасці нашай рэспублікі: дзе і на каго можна вучыцца, як паступаць і што прапануюць ССНУ і ВНУ,— зазначыў Руслан Ва-сільевіч.— А мы ў дадатак жадаем паказаць, дзе потым можна працаваць, рэалізоўваць прафесійныя амбіцыі, мары, планы. Дык чаму ж не сумясціць вашы і нашы веды такім чынам, каб вы, старшакласнікі, паступалі не проста туды, дзе атрымалася, а мэтанакіравана атрымлівалі спецыяльнасць з магчымасцю працаўладкавацца на малой радзіме?

Сапраўды, падобныя магчымасці дарагога вартыя, таму што там, дзе нарадзіўся і маеш сямейныя карані, прасцей вырашаць многія бытавыя пытанні. А працоўныя рукі на Пружаншчыне вельмі патрэбны, што пацвярджалі і шматлікія спікеры — прадстаўнікі розных арганізацый раёна — сельскагаспадарчых, медыцынскіх, прамысловых і бюджэтных сектараў. Кожны выступоўца, акрамя інфармацыйных звестак, называў кантакты, па якіх можна атрымаць больш поўную і канкрэтную інфармацыю.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік