Суббота, 12 октября 2024

Куды падзець смецце?

485

Пытанне рытарычнае, паколькі магчымасцяў утылізаваць адходы сваёй жыцця-дзейнасці вялікае мноства. Аднак гэта тэма працягвае нерваваць насельніцтва і зноў усплывае ў лістах чытачоў. Зусім нядаўна на старонках «раёнкі» мы асвятлялі праблему кантэйнернай пляцоўкі па вул. 8 Сакавіка, якую самі людзі ператварылі ў сапраўдную звалку. Цяпер пытанне датычыцца закрыцця міні-палігонаў і графіка руху смеццявозаў у аддаленых вёсках.

З 1 ліпеня 2021 года ў Беларусі, згодна з новым заканадаўствам, закрыты ўсе міні-палігоны цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА). Яны падлягаюць рэкультывацыі, і выкід смецця ў гэтых месцах строга забаронены. Цяпер і ў нашым раёне рэкультываваны ўсе міні-палігоны, апошнія з іх — у г.п. Шарашэва і аг. Кабылаўка ў верасні мінулага года.

Прычын новаўвядзенняў дзве: першая — неабходна вярнуць зямлю, на якой смеццязвалкі размешчаны, у гаспадарчы абарот, другая — перапрацоўка смецця. Вопыт іншых краін падказвае, што трэба максімальна выкарыстоўваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы ў карысных мэтах.

Буйнагабарытнае смецце жыхары раёна могуць вывозіць на палігоны ЦБА, размешчаныя ў пас. Інтэрнацыянальным і ў г.п. Ружаны, самастойна і цалкам бясплатна. Звычайныя бытавыя адходы ў летні перыяд смеццявозы забіраюць адзін раз у тыдзень, у зімовы — два разы на месяц, у гарадской мяжы — кожны дзень. Інфармацыя аб зменах графіка адразу паступае ў сельвыканкамы, вывешваецца на дошцы аб’яў і дубліруецца на сайце і сацыяльных сетках КУВП «Камунальнік».

Што датычыцца адходаў з саду і агарода (яблыкі, грушы, слівы, гнілая бульба, бацвінне і г.д.), то ў добрых гаспадароў павінны быць кампоставыя ямы, куды і адпраўляюцца лішкі агародніцтва.

З большага можна спальваць расліннае смецце, дошкі, дровы, галінкі… А калі неабходна пазбавіцца ад таго, што не гарыць, у выключным выпадку, калі няма ніякай магчымасці вывезці самастойна, можна зрабіць заяўку ў камунальную службу раёна. Адходы, якія збіраюцца ад грамадзян па заяўным прынцыпе (старая бытавая тэхніка, мэбля, будаўнічае смецце і інш.), у вас забяруць работнікі ЖКГ на працягу двух-трох дзён.

Каб вывучыць пытанне аб неабходнасці будаўніцтва кантэйнерных пляцовак у вёсках, летась па просьбе жыхароў у аг. Роўбіцк устанавілі такую пляцоўку з пяці вялізных бакаў. У выніку за кароткі час месца збору смецця, як заўсёды, ператварылася ў звалку з усімі наступствамі. Жывёлы расцягвалі смецце, якое ляжала вакол, па ўсіх вуліцах, людзі пачалі скардзіцца, а камунальнікі проста не спраўляліся з чарговым патокам чалавечага бескультур’я, і пляцоўку, вядома, закрылі.

Так што, паважаныя грамадзяне, перш чым крытыкаваць улады за розныя нязручнасці, пачніце з сябе, са сваёй хаты, двара, вуліцы. Нават кінутая на прыпынку грамадскага транспарту цыгарэта побач са скрыняй гаворыць аб узроўні вашага выхавання. А магчымасцяў для ўтылізацыі смецця вялікае мноства, галоўнае своечасова ўключыць галаву і задумацца, каму мы робім горш сваёй абыякавасцю да жыцця.

Ульяна Рысь