Пятница, 7 ноября 2025

Корманарыхтоўка ў ААТ «Агра-Калядзічы».

626

Што нам спякота, што нам дожджык праліўны… Калі трэба своечасова нарыхтаваць кармоў для жывёлагадоўлі, каб потым не часаць патыліцу і думаць, чым накарміць кароў і цялушак? Ды і пра надоі не лішняе падумаць. Так вось і праходзіць дзень за днём у нашых сельскіх працаўнікоў. І пра выхадныя думаць няма часу. Трэба ўсё паспець, нягледзячы ні на надвор’е, ні на стому. Бо чужы дзядзька за цябе нічога не зробіць. Гэта добра разумеюць нашы аграрыі, іх не трэба падштурхоўваць да работы, як заўсёды, паказваюць сваю працавітасць і непадробную любоў да справы.

У ліку самых адказных і сумленных, канечне, і працаўнікі з ААТ «Агра-Калядзічы». Нароўні з астатнімі прыступілі да другога ўкосу. Пры плане ў 1560 га на пятніцу бягучага тыдня ўжо скасілі травы на 54%. Усё робіцца аператыўна, але без лішняй паспешлівасці. Калі ўчора правялі касьбу, то ўжо на сёння прыступаюць да складвання ў валкі, ідзе працэс падвяльвання. Тут вельмі важна ўлічыць вільготнасць травяных кармоў, якая павінна быць у межах 55 %, астатняе прыходзіцца на сухое рэчыва. Дадзеная акалічнасць напрамую ўплывае на наступны працэс — закладку ў траншэі сенажу, якому цяпер удзяляецца пярвічная ўвага. І канечне, не забываюць у сельгаставарыстве і пра кансерванты, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння захаванасці кармоў і папярэджання страт пажыўных рэчываў, ствараюць неспрыяльныя ўмовы для развіцця шкоднай мікрафлоры. Накармі жывёлу абы-чым, і адразу ж нажывеш сабе праблем: і стан здароўя пагоршыцца, і надоямі ўжо ніяк не пахвалішся. Гаспадарка на канец тыдня ўжо нарыхтавала 9092 тон сенажу (33% да плана).

Добра, што падабралася дружная каманда працаўнікоў у ААТ «Агра-Калядзічы». Кожны на сваім месцы. Тыя ж вадзіцелі і трактарысты-машыністы, адным словам, прафесіяналы ў сваёй справе. Яны табе і якасна правядуць касьбу, і звалкуюць у адно імгненне, і без прамаруджвання даставяць кармы ў траншэі, дзе тэхналагічна ўтрамбуюць. Таму і ганарыцца кіраўніцтва гаспадаркі сваімі людзьмі, верыць у іх, бачыць у кожным перспектыву і на годным узроўні аплачвае цяжкую працу на зямлі.

Для некага, можа, час і праходзіць марудна, ажно хочацца яго падпіхнуць. Толькі не для сельскіх працаўнікоў, для якіх, бывае, светлавога дня не хапае, каб ахапіць усе работы. Таму ў чарговы раз выказаем шчырую падзяку за іх такую важную для ўсіх нас працу.

Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік