Суббота, 26 апреля 2025

«Карункі маіх пачуццяў»

305

Пад такой назвай у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»
адкрылася выстава выцінанак народнага майстра Беларусі
Наталлі Кулецкай.

Наталля Кулецкая —таленавітая беларуская майстрыха, якая ўнесла значны ўклад у развіццё і папулярызацыю мастацтва выцінанкі. Яе работы ўражваюць тонкасцю выканання, багаццем узораў і глыбінёй нацыянальнага каларыту. Дзякуючы свайму майстэрству і адданасці традыцыі, яна стала адным з галоўных захавальнікаў гэтага ўнікальнага віду дэкаратыўнага мастацтва.

Шлях Наталлі Кулецкай у свет выцінанкі пачаўся ў 2002 годзе, калі яна, працуючы выхавацелем у дзіцячым садку горада Косава Івацэвіцкага раёна, прайшла курсы павышэння кваліфікацыі ў Брэсце. Там жанчына ўпершыню пазнаёмілася з гэтым відам мастацтва і была настолькі ўражана яго выразнасцю, што вырашыла прысвяціць ажурнаму ўзору сваю творчасць. Першыя спробы былі няўдалымі, але настойлівасць прывяла яе да поспеху.

З цягам часу работы Наталлі атрымалі шырокую вядомасць. У 2019 годзе яна стала лаўрэатам Гран-пры міжнароднага фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску, прадставіўшы калекцыю «Народныя танцы».

Сёння Наталля Міхайлаўна стварае разнастайныя вырабы: фіранкі на вокны, карункі для ўпрыгожвання паліц, рамак з фатаграфіямі, абразоў, настольныя вырабы, сурвэткі, ручнікі, жаночыя ўпрыгожванні, бірулькі на ключы, магніты, паштоўкі, сувеніры. Актыўна прымае ўдзел у розных конкурсах і выставах.

Нягледзячы на насычаную творчую дзейнасць, Наталля Кулецкая працягвае працаваць педагогам-дэфектолагам у Косаўскім дзіцячым садку. Яна актыўна ўкараняе выцінанку ў адукацыйны працэс, распрацоўваючы аўтарскія праграмы для дзяцей. Адным з яе значных дасягненняў стаў электронны дапаможнік, створаны на аснове казкі «Як курачка пеўня ратавала». Ён атрымаў высокую адзнаку на рэспубліканскім конкурсе «Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі».

На выставе «Карункі маіх пачуццяў» прадстаўлена 60 работ майстрыхі. Асаблівае месца займае серыя работ «Мая Беларусь», якая прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Спяшайцеся дакрануцца да прыгожага, наведаўшы выставу да 24 красавіка.

Марына Каўтунюк

галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы
«Пружанскі палацык»