
22 сакавіка — Дзень памяці ахвяраў Хатынскай трагедыі. У гэты дзень у 1943 годзе была спалена вёска Хатынь. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, самаму малодшаму было ўсяго 7 тыдняў…
У чорным спісе вёсак, якія раздзялілі лёс Хатыні, было нямала і населеных пунктаў Пружаншчыны. Над цэлымі вёскамі ўзнімаліся ў неба клубы чорнага дыму. Большасць жыхароў гэтых населеных пунктаў была расстраляна або спалена. Не пазбег горкай долі і хутар Юзэфін.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на гэтым хутары жыў будучы мастак Фёдар Усік. Жахі вайны пакінулі настолькі моцны след у сэрцы і памяці, што амаль усе яго творы — гэта карціны-ўспаміны пра вайну.
Першая работа мастака на ваенную тэматыку — «Чадзельскі бой». «Бой быў страшны: зямлю трэсла ад выбухаў, гучных стрэлаў, скрыгату гусеніц танкаў, высока ў неба ўздымаўся чорны дым» — гэтыя ўспаміны і ляглі ў аснову яго галоўнага твора.

На выставе «Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання» ў палацыку экспануюцца дзве работы мастака: «Апошні бой партызана Арлова» і «Маці, якая смуткуе». Назвы гавораць самі за сябе…
Першы твор паказвае непахісную мужнасць партызана і цынічную жорсткасць немцаў. У карціне супрацьпастаўлены дзве сілы гісторыі: з аднаго боку — нявінныя ахвяры вайны, з другога — бязлітасна-жорсткі фашызм.
На другой карціне адлюстраваны ўвесь трагізм вайны. Вось яе цана? — загінуўшы чалавек і маці, якая тужыць па ім. Усяго адна фігура, але ў гэтай нешматслоўнасці ўся праўда жыцця, дзе адны паміраюць, а другія застаюцца ў жывых, але са загубленымі лёсамі і з болем страты…
Невыпадкова ў якасці галоўнага колеру гэтых карцін выбраны чорны. Гэта і непамерныя страты і нечалавечы боль, глухая безнадзейнасць і імкненне да жыцця, смерць і змаганне…
Ніколі нельга забываць пра самую страшную катастрофу чалавецтва — вайну, якой заўсёды супрацьпастаўляецца жыццё…
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»
