Понедельник, 8 июня 2026

Урачыстасць з нагоды Дня настаўніка адбылася ў Палацы культуры (+многа фота)

745

Дзень настаўніка —асаблівае свята. Усе мы родам з дзяцінства, з таго дзіўнага часу, калі ўсё было ўпершыню: новыя сябры, школьны званок, класны ўрок і першы настаўнік. І ўсе наступныя гады юнацтва таксама звязаны з роднай школай. З кожным класам мы разумнелі, раслі, і побач з намі заўсёды былі нашы настаўнікі. І колькі б гадоў ні прайшло — дзесяць, трыццаць, пяцьдзесят, мы іх памятаем, любім і паважаем.

На мінулым тыдні традыцыйная ўрачыстасць з нагоды Дня настаўніка адбылася ў Палацы культуры. У гэты дзень педагогі Пружаншчыны, ветэраны педагагічнай працы, ганаровыя госці атрымлівалі віншаванні не толькі ад кіраўніцтва раёна, але і ад сваіх вучняў. Святочную праграму адкрылі навучэнцы ДШМ імя Рыгора Шырмы пастаноўкай «Чароўная грацыя».

Цёплыя і шчырыя словы віншаванняў для ўсіх прысутных выказаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, пасля ўручыў граматы і лісты падзякі лепшым педагогам раёна.

— Настаўнік — прафесія асаблівая, якая патрабуе ад чалавека поўнай аддачы сваёй справе, умення быць сабраным, адказным за падрастаючае пакаленне, якое, без сумненняў, любы педагог шчыра любіць і паважае. Мяняецца час, а разам з ім мяняюцца нашы дзеці. Настаўнікі таксама прыстасоўваюцца, шукаюць новыя метады і формы работы і, мяркуючы па выніках перамог у розных конкурсах і алімпіядах, у вас гэта выдатна атрымліваецца, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч. — У любой прафесійнай дзейнасці ёсць зваротная сувязь. Але ў гэтай сферы аддача наступае не хутка. Часта толькі пасля працяглага расстання са школьнымі ці інстытуцкімі выкладчыкамі пачынаеш разумець, колькі добрага і вечнага пасеялі яны ў сваіх вучнях і студэнтах.

Словы шчырай падзякі педагогам раёна таксама выказаў старшыня раённага Савета дупутатаў Мікалай Кудравец і ўручыў граматы і лісты падзякі.

— Гэты святочны дзень — прафесійнае свята ўсіх настаўнікаў, выкладчыкаў і работнікаў сферы адукацыі, у якім адзначаюцца роля і заслугі педагогаў у працэсе якаснай адукацыі на ўсіх узроўнях, а таксама ваш неацэнны ўклад у развіццё грамадства. І колькі б ні гаварылі аб вашых поспехах, усяго не пералічыць, бо настаўнік — гэта не проста чалавек, які дае веды, ён носьбіт духоўнасці і маральнай чысціні. Педагогі выконваюць асаблівую грамадзянскую місію — выхаванне маладога пакалення. Ваш вопыт і мудрасць, пераемнасць традыцый і наватарства ляжаць у аснове развіцця ўсёй краіны. Вы ствараеце будучыню не толькі ўсёй дзяржавы, але і нацыі ў цэлым, — адзначыў Мікалай Пятровіч.

Да віншаванняў далучылася старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Ірына Казарэз і таксама адзначыла ганаровымі граматамі лепшых педагогаў раёна.

— Ролю настаўніка немагчыма пераацаніць, бо менавіта педагог закладвае ў дзіця не толькі неабходныя веды, але і натхненне, матывацыю, жаданне ставіць мэты і дасягаць іх. У іх руках не толькі асобныя вучні, але і лёс усёй краіны. Кім яны стануць, якімі вырастуць і які шлях абяруць, шмат у чым залежыць ад педагога. Сёння на беларускім настаўніку ляжыць вялікая адказнасць. Ён і педагог, і выхавальнік, старэйшы таварыш і добры сябар, — падкрэсліла Ірына Анатольеўна.Святочнае мерапрыемства працягвалася больш за дзве гадзіны. Але і гэтага часу было мала, каб усё пра іх расказаць, і ўсё для іх праспяваць. Цудоўны музычны падарунак зрабілі педагогам запрошаныя артысты беларускай эстрады Мікіта Фаміных і Улад Сазонаў.

Аддаваць пахвалу ў адрас настаўніцтва можна бясконца і, гледзячы ў гэтыя добрыя шчырыя вочы, хочацца яшчэ і яшчэ раз сказаць вам: «Дзякуй! Вы не проста даяце веды, а ствараеце вакол сябе вялікі свет надзей, чаканняў і планаў. Ад першага ўрока і да апошняга школьнага званка вы заўсёды побач са сваімі вучнямі. Няхай светлых імгненняў у жыцці будзе болей, а кожны новы дзень прыносіць толькі шчасце і радасць, зарад бадзёрасці і пазітыву».

Ірына Велясевіч. Фота аўтара

Глядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_304399725 і https://ok.ru/budni/album/983943873416