Перагорнутая старонка 2024 года пайшла ў гісторыю. Зараз разам з нашымі чытачамі калектыў рэдакцыі раённай газеты будзе ўпісваць новыя радкі ў кнігу жыцця Пружанскага раёна, Брэсцкай вобласці і Рэспублікі Беларусь.
Дзякуй усім, хто выпісвае, чытае, любіць нашу газету, стараецца з яе дапамогай быць у курсе ўсіх падзей, дапамагае разам рыхтаваць цікавыя матэрыялы, вызначаць праблемы і разам старацца вырашыць іх. Мы ж не падвядзём, а будзем удасканальваць сваю работу, дызайн друкаванай версіі газеты «Раённыя будні» і ідэйны змест публікацый.
З пачатку лютага газета будзе вярстацца ў новай, дасканалай праграме, а гэта значыць, павялічыцца якасць тэкстаў, фатаграфій, загалоўкаў. Ды і самі шрыфты пастараемся па памеры зрабіць даступнымі для ўсіх. Чытаць нас будзе зручна, а галоўнае, цікава.
Нягледзячы на некаторыя ўдасканаленні ў плане дызайну, газета застанецца пазнавальнай, змястоўнай, прыцягальнай.
Па пажаданні большай часткі нашых падпісчыкаў рэклама, віншаванні, асобныя матэрыялы, звязаныя з медыцынскімі тэрмінамі, тэхнічнымі характарыстыкамі, заканадаўчымі актамі, рэпартажамі са спартыўных мерапрыемстваў, маладзёжнай палітыкі будуць публікавацца на рускай мове. Тым больш, што ў выхадных дадзеных, якія публікуюцца ўнізе на апошняй старонцы, гаворыцца, што газета выходзіць па серадах і суботах, на беларускай і рускай мовах. Таму нам трэба ўлічваць інтарэсы і тых, хто недастаткова разумее беларускую мову. Такіх чытачоў і падпісчыкаў у нас таксама нямала.
Мы пастараемся не расчараваць і тых, хто ўпершыню падпісаўся на газету. Спадзяюся, што ў далейшым гэтыя першачытачы «раёнкі» стануць добрымі сябрамі і памочнікамі ў рэалізацыі нашых задумак, ідэй.
З верасня 2024 года ў дзвух школах — Ліноўскай і Ружанскай — пачалі дзейнічаць клубы юных журналістаў. Рэдакцыя наладзіла з імі цеснае супрацоўніцтва, матэрыялы юных журналістаў публікаваліся і далей будуць публікавацца на старонках газеты. Спадзяюся, што да журналісцкай дзейнасці падключацца іншыя навучальныя ўстановы. Дарэчы, нядрэнная сувязь пачала наладжвацца з літаратурным гуртком, які дзейнічае ў аграрна-тэхнічным каледжы. Не сумняваюся, што некаторыя юныя аўтары пажадаюць звязаць сваё прафесійнае жыццё з журналістыкай, стануць нам зменай.
Напрыканцы 2024 года рэдакцыя аб’явіла конкурс на лепшы верш, прысвечаны 85-годдзю Пружанскага раёна. Было даслана шмат вершаваных радкоў. Лепшыя з іх будуць апублікаваны на старонках «раёнкі».
Наперадзе важная для краіны электаральная кампанія — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На старонках друкаванай версіі, а таксама сайце, у месенджарах, сацыяльных сетках «Раённыя будні» будуць падрабязна інфармаваць сваіх чытачоў аб ходзе кампаніі. Вы першымі ўбачыце праўдзівую, правераную, не фейкавую інфармацыю.
Пачнём новы 2025 год разам з газетай «Раённыя будні»!
Віктар Ільюшчанка
