
Стараста вёсак Бельчыцы і Баравікі Таццяна Бабыла на гэтай грамадскай пасадзе каля васьмі гадоў. Хоць вёскі і маленькія, але ў іх таксама жывуць людзі, якім патрэбны дапамога і падтрымка, увага і добрае слова.
Таццяна Яўгенаўна трапіла ў аг. Руднікі па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. Ёй вельмі захацелася змяніць родны Бярозаўскі раён на што-небудзь новенькае, але тады маладая дзяўчына і не думала, што затрымаецца ў гэтых краях на ўсё жыццё. Спачатку працавала па спецыяльнасці бібліятэкарам, а пасля рэарганізацыі структуры — кіраўніком гуртка сольных спеваў, а крыху пазней вакальнага гурта «Раніца», яки функцыянуе і дагэтуль.
— Зараз я сумяшчаю работу бібліятэкара з загадчыцай сельскага клуба. Мая правая рука — тэхработніца Святлана Якутчык, ва ўсім мне дапамагае, падтрымлівае любыя ініцыятывы. Усе клумбы вакол клуба, высаджаныя туі, велізарная колькасць кветак у чыгунках — усё гэта дзякуючы маёй памочніцы. Хоць людзей вельмі мала ў вёсках, але ўсё роўна хочацца, каб было чысценька, дагледжана і прыгожа. Так здарылася, што 18 гадоў таму не стала мужа, а дочкі са сваімі сем’ямі жывуць далёка, таму ўвесь свой час я прысвячаю выбранай справе.
Для жыхароў маленькіх вёсак стараста — гэта галоўны сябар і памочнік. Па любых пытаннях яны адразу тэлефануюць сваёй выратавальніцы. З набліжэннем халоднага сезона, яна вырашае пытанні з прывозам дроў або брыкету, таксама кантралюе своечасовую замену асвятляльных прыбораў і г.д. А вясной клопатаў становіцца яшчэ больш: падрыхтоўка спісаў на пасадку бульбы, выдзяленне зямлі, бесперабойная падача вады, электрычнасці ў выпадку адключэння і многія іншыя. Адным словам, усе гаспадарчыя пытанні вырашае стараста, паколькі яна знаходзіцца на месцы, тут жа прымае рашэнні і далей паведамляе ў сельвыканкам.

А яшчэ Таццяна Яўгенаўна — выдатны арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў. Раз у год у адным з падшэфных населеных пунктаў праводзіцца Дзень вёскі — свята, якога з нецярпеннем чакаюць яго жыхары. Са сваім калектывам «Раніца» яна рыхтуе вялікі канцэрт і заўсёды прыязджае з падарункамі. У маленькіх вёсках жыхароў на пальцах пералічыць: Баравікі — 6 чалавек, у Бельчыцах — 26, але для іх такая ўвага дарагога каштуе.
У 2012 годзе Таццяна арганізавала аматарскае аб’яднанне «Жансавет», якое злучыла людзей розных пакаленняў. Раз у месяц жанчыны вёсак збіраюцца, каб абмеркаваць бягучыя пытанні, разам адзначыць каляндарныя святы. Вялікай папулярнасцю ў вясковым клубе карыстаюцца літаратурна-музычныя вечары духоўнай накіраванасці. Сумесна з настаяцелем царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы аг. Руднікі іерэем Анатолем Кавальскім Таццяна рыхтуе праграму сустрэчы, якая, як правіла, прысвечана хрысціянскім святам, жыціям святых. Пад чароўную музыку песнапенняў за кубкам гарбаты людзі раяцца, задаюць пытанні і проста адпачываюць душой.
У ведамстве старасты таксама знаходзіцца брацкая магіла ў Рудніках — помнік воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усе пытанні, якія датычацца добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі, таксама вырашае Таццяна. Мясцовыя жыхары з задавальненнем адгукаюцца на любыя яе просьбы і заўжды прыходзяць на дапамогу.
За 37 гадоў жыцця на Пружаншчыне Таццяна Яўгенаўна даўно стала сваёй: заўсёды выслухае, дапаможа, падкажа, да ўсіх ставіцца з разуменнем і клопатам. Ніхто не застаецца без віншаванняў на дні нараджэння і святы, а хто зусім не можа да царквы дайсці, таму і вербачку пасвеціць, і пасхальныя кулічы. Вось і цягнуцца да яе людзі, а яшчэ кажуць — наша Танечка.
З вялікай павагай стараста адносіцца да гісторыі роднага краю. У бібліятэцы яна стварыла альбом — своеасаблівы летапіс вёсак у выразках з публікацый нашай газеты, пачынаючы з 1988 года. З задавальненнем іх перагортвае, успамінае важныя падзеі мінулага і тых, каго ўжо няма побач. Асабліва ганарыцца тым, што для нашчадкаў застанецца памяць.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік