У вёсцы Бярэзніца адбылося мерапрыемства па адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар падпольнай камсамольскай арганізацыі, якая дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Апроч мясцовых жыхароў удзел у мерапрыемстве прынялі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Ружаны-Агра» Таццяна Аўдзейчык і галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце гэтага ж прадпрыемства Наталля Юрэня.
З уступнай прамовай у пачатку падзеі выступіў Аляксандр Момлік, які адзначыў, што мерапрыемства носіць важны характар.
— У гэтым годзе мы адзначылі 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта не толькі радасная, але і вельмі смутная дата, яе цана — жыцці мільёнаў людзей. Памяць у першую чаргу патрэбна жывым. Мы абавязаны перадаваць гісторыю нашай краіны з пакалення ў пакаленне. У сваю чаргу, выказваю падзяку арганізацыям, якія садзейнічаюць і аказваюць дапамогу ў захаванні памяці аб гісторыі вёсак Пружанскага раёна і жыхарах, якія аддалі сваё жыццё за наша мірнае неба, — адзначыў Аляксандр Канстанцінавіч.

Наталля Юрэня адзначыла, што прадпрыемства стрымала сваё абяцанне і дапамагло зрабіць новую мемарыяльную дошку.
Права адкрыць яе было дадзена Аляксандру Момліку і Ларысе Пашкевіч, мясцовай жыхарцы, якая была галоўным ініцыятарам з’яўлення памятнага аб’екта ў абноўленым выглядзе.
— Чакала гэтага дня каля пяці гадоў. Вельмі задаволеная, што зараз тут усталявана новая дошка, якая сведчыць аб актыўным удзеле ў Вялікай Айчыннай вайне падпольнай камсамольскай арганізацыі з ліку жыхароў вёскі Бярэзніцы. Нізкі паклон усім, хто здабываў гэтую вялікую перамогу. І няхай тыя сумныя старонкі гісторыі больш ніколі не паўторацца на нашай зямлі, — сказала Ларыса Васільеўна.
Захаваць памяць тых жудасных старонак гісторыі вельмі важна, а перадаць яе наступнаму пакаленню — гэта крок да захавання міру на нашай зямлі.
Руслан Басак.
Фота аўтара
