Фінальнай падзеяй другога дня спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» стала інтэрактыўная тэатральная пастаноўка «Выдно пана па чоботах», якая прайшла на галоўнай сцэне свята. Арганізавала відовішча мастацкая галерэя «АртХаос», якая з’яўляецца саарганізатарам «вытокаўскіх» мерапрыемстваў. Спектакль паводле гогалеўскага «Рэвізора» быў насычаны элементамі беларускіх абрадаў, дапоўнены прэзентацыяй калекцый адзення ад беларускіх дызайнераў і вытворцаў.
Асноўную частку пастаноўкі паказалі гледачам акцёры сталічнага Тэатра юнага гледача. Дзея разгарнулася ў правінцыйным гарадку Пружаны, куды прыехаў… модны крытык. Такому госцю кіраўніцтва і жыхары горада вырашылі паказаць сваю прыхільнасць да сучасных трэндаў моды, уразіць яго сваімі ведамі. Што ўсё-такі выдатна атрымалася, ды настолькі, што потым і сам «крытык» прызнаўся ў сваёй некампетэнтнасці.
Гульня акцёраў была захапляльнай і суправаджалася шчырымі апладысментамі. Пры гэтым кожны акт спектакля гарманічна дапаўняўся моднымі паказамі, у выніку дэманстрацыя навінак беларускага легпрама ў рамках акцыі «Роднае — моднае» ўразіла ўсіх.
Варта сказаць, што паказ калекцый закранаў усе ўзросты і гендарную прыналежнасць. Першымі на сцэну выйшлі мадэлі ў касцюмах дзелавога стылю. Тут пераважалі чорныя і белыя колеры, спалучэнне якіх было прадумана настолькі, што ў такіх калекцыях можна было выбраць варыянт даспадобы і прадстаўнікам моладзі. Спартыўныя камплекты ад вытворцы IRОS таксама не пакінулі нікога раўнадушным. Для заняткаў у спартзале ці на свежым паветры, у цёплае ці халоднае надвор’е — для любых умоў і прыхільнасцей.
Тое ж самае можна сказаць і пра адзенне для дзяцей, якое вырабляе кампанія «ФРАНТішка». Пераважная большасць мадэляў — гатовыя рашэнні для наведвання школы, таму што поўнасцю адпавядалі патрабаванням дзелавога стылю. Хаця дапаўняліся калекцыі і больш вольнымі мадэлямі, якія можна апрануць на маладзёжныя вечарыны.
Гледачам было прадэманстравана адзенне, якое прапануюць такія брэнды, як Маrk Formelle, Real Age, Fasion Centre, Белбрэнд Аўдыт, а таксама дызайнеры Надзея Лунёва, Марына Баніфацьева, Вера Комік і іншыя. На сцэну выходзілі мадэлі ў вячэрніх і вясельных сукенках, уборах з элементамі беларускіх арнаментаў, дамы пажылога ўзросту дэманстравалі стыльныя касцюмы. Асабліва захапляльным стаў паказ льнянога адзення, якім таксама выдзяляецца айчынны легпрам.
Трэба адзначыць, што кожны выхад мадэляў суправаджаўся ўспышкамі фотакамер, і не толькі журналісцкіх. Магчыма, на пружанскіх вуліцах таксама з’явяцца такія ўзоры, якія захапілі мясцовых моднікаў і модніц.
Тэатралізаваная пастаноўка доўжылася крыху больш за гадзіну, але час праляцеў вельмі незаўважна, таму што акцёрскай гульні ўдалося ўтрымаць увагу гледачоў. Настолькі, што пасля заканчэння відовішча не ўсе паверылі ў фінал і сталі пакідаць глядацкую зону галоўнай сцэны фестывалю. Хутчэй за ўсё, потым сведкі відовішча яшчэ не адну гадзіну абмяркоўвалі ўбачанае.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з «Вытокаў» глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302969448 і https://ok.ru/budni/album/979734712200