
Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч сустракалася з калектывам установы аховы здароўя «Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Магілеўцы».
Як зазначыў Міхаіл Грышкевіч, гэта сустрэча была першая за ўвесь час кіравання ім Пружанскім раёнам. Дадам, Міхаіл Міхайлавіч мэтанакіравана стараецца пабываць ва ўсіх працоўных калектывах Пружанскага раёна, усяму свой час. Для медперсаналу бальніцы такі час якраз і настаў напрыканцы мінулага працоўнага тыдня.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяна Гаманчук прадставіла і іншых удзельнікаў сустрэчы, а гэта пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Семаковіч.
Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа Аляксандр Вярбіцкі расказаў аб ходзе расследавання злачынстваў фашыстаў і іх памагатых падчас акупацыі нашай краіны ў 1941-1944 гг. На нашай беларускай зямлі ёсць яшчэ мноства месцаў масавага пахавання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Пошукі і расследаванне працягваюцца і па гэты дзень. Усё занатоўваецца, фіксуецца, не застанецца ніводнай безыменнай магілы.
Аб кіберзлачыннасці і наступствах ад гэтага расказаў Аляксандр Семаковіч, прывёўшы мноства прыкладаў, калі беларусы, асабліва людзі сталага ўзросту, пад уздзеяннем нейкага гіпнозу добраахвотна расстаюцца са сваімі грашыма. Пад уздзеянне кіберзлачынцаў сталі пападаць і дзеці. Аляксандр Анатольевіч заклікаў тых, хто сабраўся на сустрэчы, быць асцярожнымі падчас званкоў з незнаёмых нумароў, асабліва, калі гэта робіцца праз месенджары, сацыяльныя сеткі, не здзяйсняць пакупкі на незнаёмых сайтах, асабліва не рабіць перадаплату за віртуальны тавар. Праваахоўныя органы, супрацоўнікі банкаў, сувязі ніколі не будуць тэлефанаваць праз гэтыя сеткі. Трэба кантраляваць занятак сваіх дзяцей, з кім кантактуюць у інтэрнэце, якія сайты наведваюць. Неабходна з імі праводзіць гутаркі і растлумачваць аб наступствах скачвання розных гульняў і іншага хламу з інтэрнэту.
Міхаіл Грышкевіч коратка расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Пружанскага раёна, што атрымалася зрабіць за гэты невялічкі час, якія планы наперадзе. Адной з самых цікавых частак такіх сустрэч з’яўляюцца зносіны кіраўніка раёна з аўдыторыяй — пытанні і адказы на іх. Пры такім жывым дыялогу вырашаюцца многія праблемныя пытанні, якія турбуюць суразмоўцаў з дзвюх бакоў. Супрацоўнікаў медустановы вёскі Магілёўцы хвалявалі пытанні добраўпарадкавання праезных частак, тратуараў, захавання хуткаснага рэжыму транзітных буйнагабарытных машын, якасці пітной вады, абсталявання дзіцячай пляцоўкі, рэжыму работы грамадскага транспарту, падвозу супрацоўнікаў бальніцы і многае іншае. На ўсе пытанні былі дадзены адказы. Якія праблемы магчыма ліквідаваць аператыўна, то так яно і будзе зроблена, перспектыўныя ж дачакаюцца свайго часу. Самае галоўнае, што ўсё магчыма зрабіць, вырашыць, пераадолець. Няма нявырашанага, было б жаданне і фінансавыя магчымасці. Многія дзякавалі Міхаілу Грышкевічу, а таксама старшыні райсавета дэпутатаў Мікалаю Кудраўцу за дапамогу ў вырашэнні ранейшых праблем.
Віктар Ільюшчанка
