Суббота, 12 октября 2024

Інавацыйнасць, інвестыцыі, імпартазамяшчэнне — стрыжні работы ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў»

528

Наш завод радыёдэталяў — адно з вядучых прадпрыемстваў Пружан. А яшчэ ў апошнія гады марка «ПЗР» стала набываць уласцівасці брэнду. Сапраўды, сёння прадукцыя акцыянернага таварыства актыўна разыходзіцца па ўсіх прамысловых кутках Беларусі. Уклад завадчан ёсць у выпуску аўтамабіляў, трактарнай тэхнікі і нават бытавых устройстваў.

Гэта спрыяе штогадоваму нарошчванню вытворчасці, а значыць, і развіццю самога прадпрыемства. Кожны год растуць паказчыкі, што напрамую ўплывае на дабрабыт калектыву ў цэлым і кожнага работніка нашага завода.

Што прыўнёс у гісторыю ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» бягучы год?

10 гадоў таму Яўген Халецкі (на здымку справа) прыйшоў працаваць на завод інжынерам-канструктарам. Тады малады спецыяліст асвойваў «азы» прафесіі з дапамогай старэйшых калег. За мінулы час спецыяліст прыняў удзел у распрацоўцы шэрага эксклю-зіўных інавацыйных дэталяў, быў занесены на раённую Дошку гонару. І «кар’ерна» вырас да намесніка галоўнага інжынера. А цяпер вучыць маладога інжынера-канструктара Антона Слабаду, які прыйшоў напрыканцы мінулага года.

Зараз айчынная машынабудаўнічая вытворчасць, у тым ліку і наша прадпрыемства, рэалізуе «канцэпцыю трох І» — інавацыйнасць, інвестыцыі, імпартазамяшчэнне, разам з гэтым на кожным этапе надаючы вялікую ўвагу якасці вырабляемай прадукцыі, падтрыманню яе канкурэнтаздольнасці.

На заводзе ёсць свае спецыялісты, якія могуць рамантаваць станочнае абсталяванне непасрэдна на прадпрыемстве. Такім майстэрствам валодаюць таксама электраманцёр Генадзь Варыцкі, токар Рычард Вольскі, электраманцёр Ілья Якутчык і інжынер энергетычнай службы Сяргей Субачаў. Хутка яшчэ адзін агрэгат уступіць у работу.

Зразумела, што сёння нам даводзіцца працаваць ва ўмовах санкцыйнага ціску, з-за чаго паўстала вострая неабходнасць у асваенні імпартазамяшчальных камплектуючых для жгутоў аўтатрактарнай і бытавой тэхнікі, якія раней закупляліся ў еўрапейскіх вытворцаў. У сувязі з чым і з мэтай павелічэння долі прысутнасці ААТ «ПЗР» у гэтым сегменце, а таксама росту паставак імпартазамяшчальнай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю, быў распрацаваны і рэалізуецца з 2024 года інвестыцыйны праект «Тэхпераўзбраенне інструментальнага ўчастка з набыццём інавацыйнага абсталявання для арганізацыі вытворчасці прэс-формаў іншым арганізацыям і забеспячэнне засваення імпартазамяшчальнай прадукцыі: гнездавых і штыравых калодак і іншых злучальных прылад жгутоў для аўтатрактарнай і бытавой тэхнікі».

Участак вязання жгутоў — адзін з самых вялікіх на прадпрыемстве. І па колькасці людзей, і па аб’ёму вытворчасці. Усе работнікі ўчастка трымаюць марку, у чым пераконваюць начальнік падраздзялення Вера Пілюцік і інжынер-тэхнолаг Людміла Навумчык.

Яшчэ летась ААТ «ПЗР» па выніках праведзеных працэдур закупак было заключана 7 дамоў на выраб прэс-формаў на асваенне новых вырабаў. А на сённяшні дзень у рамках рэалізацыі праекта асвоены выпуск 6 новых вырабаў, на стадыі ўкаранення яшчэ 10 найменняў. У выніку мы паставілі на паток выраб камплектуючых для зборкі, у дадатак сталі выпускаць новыя жгуты, паралельна павялічваючы наменклатуру ўжо выпускаемых. Яшчэ 72 новыя жгуты зараз пастаўляем на ААТ «МТЗ». Варта дадаць, што будучы беларускі электрамабіль таксама будзе ў нейкай долі сабраны рукамі пружанскіх завадчан, таму што ў рамках развіцця супрацоўніцтва з Аб’яднаным інстытутам машынабудавання НАН Беларусі заключаны дагавор на пастаўку некаторых камплектаў для інавацыйнай распрацоўкі.

Наколькі запатрабавана прадукцыя завода ў рэспубліцы і за яе межамі? Безумоўна, сёння няправільна выпускаць тое, што не цікавіць пакупніка. Над вывучэннем попыту шчыра працуе наш вытворча-камерцыйны аддзел, вынікам дзейнасці якога стаў факт, што суадносіны запасаў гатовай прадукцыі на складзе да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці не перавышаюць 30%. У дадатак рэалізуюцца мерапрыемствы па пошуку новых спажыўцоў з мэтай павелічэння экспарту, дамагаемся павышэння экспартных аб’ёмаў — з 3,1% у 2023 годзе да 7,2% за перыяд студзень-чэрвень 2024 года.

Работнікі ўчастка шліфоўкі цэха № 3 адказваюць за дакладнасць вырабляемых дэталяў. Кантроль чарговага вырабу праводзяць інжынер-тэхнолаг Аляксандр Волчык і шліфоўшчык Цімафей Краўчук.

На кожным прадпрыемстве ёсць свае лідары — асобныя работнікі і цэлыя падраздзяленні. Гэта ж можна сказаць і пра ААТ «ПЗР». Вось толькі вызначыць асобныя прозвішчы складана з-за таго, што нічога не ўдалося б рэалізаваць, калі б не патэнцыял калектыву завода, яго адносіны да сваіх працоўных абавязкаў. Што ў спалучэнні з усебаковай падтрымкай з боку кіраўніцтва прадпрыемства і прыносіць станоўчы плён. Напрыклад, у нас заўсёды вітаецца рашэнне аб павышэнні сваёй кваліфікацыі прама на вытворчасці са здачай адпаведных іспытаў або без адрыву ад вытворчасці — у вышэйшых навучальных установах. На заводзе беражліва адносяцца да набытага вопыту і маладых работнікаў замацоўваем за вопытнымі спецыялістамі, каб маглі пераймаць іх веды і навыкі. Усё разам падтрымлівае спадзяванні аб перспектывах на наступныя дзесяцігоддзі. Галоўнае, каб нам хапала сіл, энергіі і жадання імкнуцца да новых вяршынь.

Рэгулярна новае абсталяванне асвойваецца на ўчастку ліцця цэха № 1, таму тут працуюць работнікі высокай кваліфікацыі, у тым ліку інжынер-тэхнолаг Дзмітрый Севасцьянчук, наладчык Максім Маханько і ліцейшчыца Іна Бармута.

З нагоды прафесійнага свята — Дня машынабудаўніка — зычым не страчваць набыты высокі прафесіяналізм, велізарны навуковы і тэхнічны патэнцыял, быць адданымі любімай справе. Сардэчна дзякую ўсім работнікам і ветэранам завода за добрасумленную працу, жадаю моцнага здароўя і дабрабыту.

Андрэй Каласей, дырэктар ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў»