Четверг, 16 июля 2026

Ікона свяціцеля Мікалая вярнулася ў Смаляніцкі храм

432

Гэта падзея адбылася ў дзень свяціцеля Мікалая падчас прастольнага свята ў в. Смаляніца. Менавіта ў гонар святога Мікалая Цудатворцы асвечаны мясцовы храм, таму нядзіўна, што на святочнае богаслужэнне ў гэты майскі дзень тут сабралася асабліва шмат вернікаў.

Пасля богаслужэння, традыцыйнага асвячэння вады (некалі з гэтай мэтай смаляніцкія вернікі ішлі да святой крыніцы) і хрэснага ходу ў царкоўным двары наладзілі святочную трапезу. Невялікі канцэрт для прысутных падрыхтавалі работнікі Навасёлкаўскага СДК і Хараўскога СКБ. Але самым яркім момантам нечакана стаў зварот да землякоў жыхара Пружан і мясцовага ўраджэнца Уладзіміра Грышкевіча.

Уладзімір Васільевіч узгадаў пачатак 1960-х гадоў, калі ішло масавае закрыццё храмаў: хрушчоўская антырэлігійная кампанія ставіла сваёй мэтай поўнасцю пазбавіцца ад «перажыткаў мінулага» на шляху да будаўніцтва камунізму. Сярод знятых з уліку ў першую хвалю ганенняў апынулася і Мікалаеўская царква ў Смаляніцы: апошнія богаслужэнні і абрады правялі тут у 1961 годзе.
Але гэта на паперы выглядала так проста: зачынілі дзверы храма — і нібыта адразу ўсе адмовіліся ад веры. Насамрэч падчас падобнага закрыцця кіпелі эмоцыі, разгортваліся самыя разнастайныя баталіі, пра якія ўзгадваюць старажылы. Што тычыцца Смаляніцы, тут таксама аказалася свая гісторыя.

Уладзімір Грышкевіч расказаў, што царкоўным старастам быў яго дзядуля Сава Макаравіч.
— Калі спатрэбілася адчыніць дзверы, каб вывезці царкоўную маёмасць, дзеда, у якога захоўваўся ключ ад храма, ледзь не пад канвоем прывезлі да царквы. Цяжка было чалавеку, які шчыра верыў у Бога, глядзець, як выносяць царкоўнае начынне, руйнуюць іканастас, зрываюць званы. Паціху ён узяў ікону свяціцеля Мікалая Цудатворцы, сунуў пад адзенне. Калі выйшаў з царквы, прыхаваў яе ў гаі, а ноччу вярнуўся з ліхтарыкам, перанёс да сябе…

Шмат гадоў ікона вісела над ложкам Савы Грышкевіча спачатку ў роднай Смаляніцы, пазней у Пружанах. Ён перадаў яе сыну Васілю, у сям‘і якога жыў, а той — свайму сыну Уладзіміру. Як напамін пра пакаленні продкаў — жыхароў Смаляніцы і Навасёлак, якіх хрысцілі, вянчалі, адпявалі ў Свята-Мікалаеўскім храме. Пра родную вёску, па якой Сава Макаравіч пасля пераезду ў райцэнтр сумаваў бязмерна. Пра карані свае.

—А зараз настаў час, калі святы абраз варта вярнуць на яго законнае месца, — кажа Уладзімір Грышкевіч. — Няхай лік святога Мікалая Цудатворцы зноў асвятляе наш адноўлены храм.
Дарэчы, значны ўклад у яго адкрыццё ў 2008 годзе ўнёс хрэсны Уладзіміра Грышкевіча — ветэран Вялікай Айчыннай вайны і стараста вёскі Мікалай Максімавіч Грышкевіч.

Прымаючы ікону, настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма іерэй Сергій Худзяеў выціраў слёзы. Ды і ў многіх прысутных вочы былі, што называецца, «на мокрым месцы» пасля шчырага аповеду земляка.
—Гэта і ёсць наша памяць, наша жывая вера, — падкрэсліў айцец Сергій. — І сеючы яе зярняткі, малітвамі мы мацуем сваё жыццё, родную Беларусь.


Ірына СЯДОВА