
Да працы патрэбна прывучаць з самага дзяцінства. Канечне, у першую чаргу, сваім прыкладам, каб дзеці бачылі і ведалі, што булкі на дрэвах не растуць і рублі самі ў кішэні не з’яўляюцца, іх трэба зарабіць. Хочаш добра жыць і смачна есці? Калі ласка, прыкладзі намаганні, а недзе і папрацуй да сёмага поту. І нічога страшнага няма, калі потым будуць гудзець ногі, балець рукі і ныць спіна. Гэта перакрые адчуванне асабістай значнасці, прыналежнасці да людзей працы. Салідарны з вышэйсказаным і маладыя людзі з сэрвісных студэнцкіх атрадаў, якія штогод арганізуюцца па ўсёй нашай краіне.
І сапраўды, калі ёсць магчымасць зарабіць капейку, то чаму б не скарыстацца такой магчымасцю, а не ляжаць цэлымі днямі на канапе і глядзець у столь? Скарысталіся прапановай сёлета праверыць свае сілы ў рабоце і сем навучэнцаў 3-га курса УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж», яшчэ і бацькам жыццё з фінансавага боку крыху аблегчыць. А ўладкаваліся ў ААТ «Жураўлінае», дзверы якога заўсёды адкрыты для тых, хто хоча працаваць, вучыцца новаму, быць часткай, хоць часова, дружнага калектыву гаспадаркі. Адзін студатрадавец, атрымаўшы пасведчанне трактарыста-машыніста, папоўніў рады механізатараў сельгаставарыства. Астатнія бравыя хлопцы ўладкаваліся слесарамі на механізаваны двор «Клепачы». І разам робяць добрую справу для сябе — за заробленыя грошы можна апрануцца, купіць нешта для вучобы, і для ААТ «Жураўлінае» — у сельскай гаспадарцы ніколі лішніх рук не бывае.
Працаваць пачалі з 19 мая і развітаюцца з таварыствам 12 ліпеня. За гэты час пад кіраўніцтвам загадчыка рамонтна-механічных майстэрняў Валерыя Карпеша хлопцы пастараюцца пачарпнуць веды для абранай прафесіі, бо па сканчэнні каледжа стануць дыпламаванымі механікамі. І хто ведае, можа, некаторыя з іх апынуцца зноў у ААТ «Жураўлінае»? Працягласць працоўнага дня ў кожнага, згодна з узростам, і абед па раскладзе, які дае гаспадарка за 1 рубель і 50 капеек! Дзе яшчэ паясі за такія «непамерна вялікія» грошы? Заробак таксама годны. І галава не баліць над тым, як дабрацца да месца працы, бо сельгаставарыства само даставіць, як робіць і са сваімі работнікамі. Калі не з Пружаншчыны родам, калі ласка, засяляйся ў гасцінічны комплекс у в. Мокрае. І цяпер паспрабуйце аспрэчыць той факт, што ў нашай краіне ўсё створана для камфорнай занятасці моладзі і працаваць у сельскай гаспадарцы не толькі можна, але і трэба.
Што атрымліваецца? Усё-такі нашы хлопцы і дзяўчаты — малайцы, не баяцца ніякай работы, могуць і венік з лапатай у рукі ўзяць, і рамонтам тэхнікі заняцца, і на трактары папрацаваць на палетку. З такой моладдзю, пэўна, не прападзе наша краіна.
Вадзім Раўнейка
На здымках:Першыя крокі ў ролі трактарыста-машыніста Вадзіма Клімука
Фота Кацярыны Масік
