
Кожную вясну і лета наш горад змяняецца: зелянгас высаджвае яркія кветкі, камунальныя службы прыводзяць у парадак паркі і скверы, а берагі вадаёмаў рыхтуюць да сезону адпачынку. Але праходзіць усяго некалькі дзён пасля чарговых выхадных, і ўся прыгажосць губляецца ў смецці, зламаных лаўках і вырваных кветках. Гэтая карцінка нагадвае ўсім вядомы плакат: «Перш чым кінуць смецце — спачатку рохкні».
Мне здаецца, што падобныя плакаты трэба развесіць каля кожнай урны, на ўсіх слупах каля прыпынкаў, у парках і месцах масавага адпачынку. Тое, што людзі спакойна пакідаюць за сабой бруд і сляды п’янай весялосці, гаворыць аб поўнай іх дэградацыі. Асабліва здзіўляе сітуацыя на пружанскім возеры па вул. Пушкіна. Пасля пікнікоў бераг абсыпаны бутэлькамі, пакетамі, слоікамі, цыгарэтнымі бычкамі… Пры гэтым смеццевыя кантэйнеры знаходзяцца літаральна ў двух кроках, каля кожнай лаўкі. Але не, прасцей кінуць пад ногі, чым данесці. А калі ўрна перапоўненая? Значыць, можна пакінуць адходы побач, бо работнікі камунальнай службы ўсё роўна прыбяруць, а каб забраць з сабою, думка ў галаву не прыходзіць. Вось з такімі перакананнямі і адпачываюць «нашы», прычым усюды: паркі, скверы, пляжы, лясы…
Але горш за ўсё — гэта свядомае шкодніцтва. Лаўкі не ламаюцца самі — іх ламаюць. Клумбы не вытоптваюцца выпадкова — іх топчуць наўмысна. Кантэйнеры не падаюць у раку па сваёй волі — іх туды выкідваюць, каб схаваць сляды ўкрадзеных кветак. Як змагацца вось з такім варварствам, таксама не зразумела. Можа, людзям чагосьці не хапае, або так яны выпускаюць пар у парыве злосці, ці няма сродкаў набыць тую самую кветку, ці купіць насенне і пасеяць самім расаду? Але не. Гледзячы з якім размахам многія адпачываюць, усяго хапае, аж занадта. Навошта ж намагацца, калі ўсё можна здабыць шляхам найменшага супраціўлення, пры гэтым нічога не рабіць і нічога ў гэта не ўкладваць.
Выснова простая — прыбраць усе лаўкі ў месцах адпачынку, засыпаць гравіем клумбы і зусім нічога не высаджваць. Тады хоць не будзе крыўдна тым, хто ўсё гэта вырошчвае і стараецца для іншых. А навошта рабіць горад утульным, калі ўсё зручнае і прыгожае аказваецца непатрэбным. Некаторыя ўчынкі нашых «паважаных» грамадзян не паддаюцца ніякай логіцы і нармальнаму ўспрыманню. Здаецца, самы дзейсны сродак — усюды, дзе толькі магчыма, усталяваць камеры і караць рублём, проста павялічыць у разы штрафы за пакінутае смецце і вандалізм. Тады адзін-другі выкладзе капеечку са сваёй кішэні, глядзіш, і трэцяму не павадна будзе.
Але галоўнае — змяніць стаўленне да вышэй пералічаных дзеянняў. Пакуль некаторыя ўпэўнены, што нехта павінен за імі прыбіраць, нічога не зменіцца. Горад — гэта мы! А калі ўсім усё роўна, то хутка жыць будзем на звалцы, бо яна вырасце прама пад нашымі вокнамі. Так-так, гэта не ўтопія, а магчымы заўтрашні дзень.
Ганьба вам, свінні, у чалавечым абліччы! Так, менавіта так, і ніякіх далікатных фармулёвак. Можа быць, хтосьці пазнае сябе ў гэтых істотах, і хаця б крыху стане сорамна. Так што, задумайцеся, «спадары», якім будзе наша заўтра? Выбар за вамі!
Ульяна Рысь
Фота аўтара
