І калектыў Пружанскага палацыка падрыхтаваўся да яе на 100 працэнтаў.

Магчыма, вы не верыце, што экспанаты далёкай мінуўшчыны могуць ажываць, як гэта паказана ў кінафільме «Ноч у музеі». Дарма, у чым пераканаліся наведвальнікі нашага музея-сядзібы падчас аднайменнай акцыі, якая прайшла ў адзін з вечараў мінулага тыдня.
Варта адзначыць, што падобныя мерапрыемствы ўжо даўно сталі традыцыйнымі. Вось толькі кожны год праграма іх адрозніваецца, прапануюцца навінкі. І сёлета, як расказала дырэктар установы Ангеліна Маруфенка, не стала выключэннем.
— На гэты раз сцэнарый поўнасцю прысвечаны прыгожай, пяшчотнай, разам з тым дужай і нават мужнай палове чалавецтва. Мы пастараліся ў пастаноўках адлюстраваць усе грані жаночага характару.

Таму ўдзельнікам акцыі былі прапанаваны відовішчы і інтэрактыўныя пляцоўкі менавіта па абранай тэматыцы.
Першай наведвальнікаў вячэрняга музея захапляла студыя моды «Таямніца» Калядзіцкага СДК. Кіраўнікі Людміла Кудрэйка і Алена Сівачэнка разам з юнымі мадэльерамі гэтага аматарскага аб’яднання прадэманстравалі спачатку касцюміраваную пастаноўку, а потым правялі паказ створаных сваімі рукамі ўбораў.
Не пакінуў нікога раўнадушным сваім выступленнем і дырыжор пружанскага аркестра Яраслаў Топчый, які віртуозна выканаў на духавым інструменце вядомыя музычныя кампазіцыі.

Далей экскурсанты падзяліліся «па інтарэсах». Адныя прынялі ўдзел у забаўляльнай віктарыне «Натхняючы эпохі», у блоках якой гледачам было прапанавана адгадаць самыя розныя праявы жаночай творчасці — у вершах, песнях, кінастужках і знакамітых выказваннях. За што напрыканцы самыя актыўныя атрымалі памятныя падарункі. А другая частка размясцілася на другім паверсе сядзібы, у выставачнай зале. Там былі арганізаваны майстар-класы: па вырабе саламяных цацак, пашыву народных рэчаў або з вучобай акварэльнаму скетчынгу. У чым з задавальненнем паспрабавалі свае сілы не толькі дзеці, але і дарослыя.

А закончылася «Ноч у музеі» экскурсіяй па залах палацыка, якую правяла… сама гаспадыня гэтага маёнтка Гермінія Швыкоўская. Шляхцянка нібыта сышла з палотнаў, дзе яна была адлюстравана, менавіта для таго, каб сустрэць сваіх гасцей і паказаць, якім чынам уладкаваны яе дом. І з гэтай роляй на «выдатна» справілася малодшы навуковы супрацоўнік Валерыя Ліневіч.
Пасля мерапрыемства госці разыходзіліся натхнёныя, абмяркоўваючы ўбачанае, пачутае і нават зробленае сваімі рукамі. А ў пакоях, дзе згасла святло, напэўна, таксама ішлі размовы. Сярод ажыўшых экспанатаў, якіх, безумоўна, пацешыла такая ўвага.
Алег Сідарэнка
(тэкст і фота)
