Среда, 11 ноября 2026

Гаспадыні вытворчасці

586

Роля жанчыны ў сучасным грамадстве ужо даўно пераўзышла межы толькі ахоўніцы сямейнага ачага. Сёння прадстаўніц прыгожай паловы можна сустрэць за рулём грузавіка і нават каля магутнага канвеера. Яркім пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў». Як расказвае дырэктар прадпрыемства Андрэй Каласей, з агульнай колькасці завадчан дзве трэці — жанчыны. З улікам тых пасад, што яны займаюць, называць іх «слабым полам» несправядліва. Больш таго, сёння без жаночых рук нельга ўявіць завод радыёдэталяў увогуле.
— Начальнікі аддзелаў, бухгалтэрыі, цэхаў — на кіруючых пасадах нашы жанчыны спраўна выконваюць працоўныя абавязкі, на іх можна спадзявацца ў любых справах, нават самых складаных,— зазначае Андрэй Васільевіч.— Шчыра прызнаюся, што практычна ўсе інавацыйныя праекты рэалізуюцца на прадпрыемстве толькі дзякуючы іх скрупулёзнасці і ўседлівасці.
Сярод жанчын ААТ «ПЗР» ёсць маладыя дзяўчаты, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях. Ёсць тыя, хто адпрацаваў тут ужо 20, 30 і нават больш за 40 гадоў. У каго на прадпрыемстве склаліся сямейныя саюзы, нехта стаў шматдзетнай маці. І на ўсіх жыццёвых этапах, як і ў кар’ерным росце, іх падтрымлівае родны завод.

Мамін прыклад
Любая маці жадае свайму дзіцяці лепшага жыцця. Так атрымалася і ў Жанны Чабак, якая працуе кладаўшчыком на ПЗР з 1989 года. Калі ж надышоў час выбіраць працоўнае месца дачцэ Дашы, то матуля параіла роднае прадпрыемства. Вось і атрымалася, што ўжо больш за 10 гадоў яны ідуць на завод разам. І хаця Дар’я працуе майстрам механа-зборачнага цэха, і цяпер звяртаецца па маміны парады, у якіх толькі адна карысць.

Знак якасці
Жгуты для аўтатрактарнай тэхнікі, бытавых прыбораў, што вяжуцца на ААТ «ПЗР», ужо даўно займелі станоўчыя водгукі ад спажыўцоў. Магчыма, таму што ад першай ніткі і да гатовай да адгрузкі прадукцыя праходзіць толькі праз жаночыя рукі. Увесь калектыў участка вырабу жгутоў, як зазначаюць начальнік Вера Пілюцік і майстар Сняжана Ляўчук, сваёй працай пацвярджае, што Год беларускай жанчыны ў нашай краіне сёлета абвешчаны заслужана.

У надзейных руках
Хімія — навука дакладная, а гальванапластыка, якая заснавана толькі на хімічных працэсах, увогуле не дапускае адступленняў ці пралікаў. З чым і звязана тое, што кіруе ўчасткам гальванапакрыцця Наталля Дземідзюк. Некалі дзяўчына прыйшла сюды па размеркаванні і ўжо 10 гадоў лічыць гэта працоўнае месца адзіным для сябе.
Завод і для лабаранта Алы Міранюк — значная частка яе жыцця. Больш за 35 гадоў таму штодня яна прыходзіць на прадпрыемства, каб адказна і прафесійна выконваць свае абавязкі. У многім дзякуючы і яе надзейным рукам заводская прадукцыя карыстаецца попытам.

Праца на заводзе для Ганны Шумскай пачалася са спецыяльнасці вязальшчыка жгутоў. За кароткі час жанчына паказала грунтоўную прафесійную падрыхтоўку і неўзабаве ўзначаліла механазборачны цэх № 1. Сапраўды, калі шматдзетная маці здолела справіцца з выхаваннем трох гарэз, то і кіраванне такім падраздзяленнем ёй па сілах. Што і даказвае Ганна Мікалаеўна, кантралюючы работу калектыву амаль у тры дзясяткі работнікаў.
Адна з іх свідравальшчык Галіна Ліцкевіч, якая працуе на ПЗР ужо 43 гады. Яна зазначае, што здаўна ў заводскім калектыве пераважала жаночая палова, таму што рэпутацыя прадпрыемства ў любыя часы была ў прыярытэце. А там дзе за справу бярэцца «слабы пол», усё атрымаецца годна. Што пацвярджаюць і ўласныя ўзнагароды Галіны Яўгенаўны, стос якіх сёлета папоўніўся ганаровай граматай упраўляючай кампаніі холдынга «Аўтакампаненты» ААТ «Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання».

Дакладна і… крэатыўна
Гэта яскрава апісвае жыццёвыя прынцыпы эканаміста Маргарыты Максімовіч. На працы яна аперыруе з лічбамі, будуе прагнозы, разлічвае выгоды. Усё дакладна, без допускаў і паслабленняў. Дома ў яе — трое сыноў, якіх і кантраляваць трэба строга, і правільна выхоўваць. А ў вольны час Маргарыта Анатольеўна — актрыса драматычнага калектыву «Сейбіты», удзельнічае ў тэатральных пастаноўках, бліжэйшая з якіх пройдзе ў Палацы культуры 23 кастрычніка. Энергіі гэтай жанчыны хапае на ўсё, больш таго, як яна сцвярджае, крэатыўнасць характару і дакладнасць у абавязках не перашкаджае адно аднаму, а толькі дапаўняе.

Фінансы і без рамансаў
І хаця жанчыны — істоты выключна эмацыянальныя, але ж з фінансамі яны працуюць абсалютна прагматычна.
З-за чаго на заводзе радыёдэталяў калектыў бухгалтэрыі — чыста жаночы. Як зазначае галоўны бухгалтар Таццяна Каралюк, за час сваёй работы ёй даводзілася працаваць з мужчынамі-фінансістамі, вось толькі доўга яны ў гэтай сферы не затрымліваліся. Таму ўжо не адзін год яна абапіраецца на сваіх памочніц — бухгалтараў Наталлю Васілеўскую, Алену Антановіч, Алену Ашмянка, Святлану Курыловіч і намесніка Святлану Шчаглову.

Планы вытворчыя
Лепш за ўсё планаваць атрымліваецца менавіта ў жанчын. Ці то ў жыцці, ці то на вытворчасці. Пралічаць кожны крок, знойдуць магчымасці і спадзяванні, там дзе не ўбачыць мужчынскі погляд. Так кіраўніцтва адгукаецца аб рабоце планава-эканамічнага аддзела завода, у якім працуюць начальнік Таццяна Найбіч, эканамісты Ірына Шмыгоўская, Вольга Якубовіч.

Старонку падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА (тэкст і фота)