
А зыходзячы з гэтага, павінны з веданнем справы, душой і ашчаднасцю адносіцца да таго, што перадалі дзяды і прадзеды. Яны беражліва ставіліся да кожнага кавалачка зямлі, гэтак жа і мы павінны карыстацца прыроднымі рэсурсамі, думаючы наперад: у такім цудоўным куточку жыць нашым дзецям і ўнукам. Гэтаму ў тым ліку спрыяе і меліярацыя, як комплекс мерапрыемстваў па карэнным паляпшэнні зямель. У Беларусі, на тэрыторыі якой знаходзіцца шмат балот, меліярацыйныя землі займаюць каля 3 млн га (амаль 37% усіх сельскагаспадарчых угоддзяў).
Дадзены від работ трымаецца на асаблівым дзяржаўным кантролі Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Ён рэгулярна праводзіць нарады па гэтым пытанні, указваючы на неабходнасць кардынальнага змянення тактыкі, жорсткага кантролю за выкарыстаннем меліярацыйных зямель і недапушчальнасці безгаспадарчых адносін да адноўленых участкаў.

чысткай канала на аб’екце «Вярхоўе ракі Ясельда».
На Пружаншчыне ўжо многа гадоў будаўніцтвам, рэканструкцыяй і капітальным рамонтам меліярацыйных сістэм займаецца УП «Пружанскае ПМС». Таксама аказвае будаўнічыя паслугі, не на апошнім месцы земляробства і добраўпарадкаванне. І гэта не ўвесь пералік таго, чым займаецца прадпрыемства. Галоўнае, што яго працаўнікі робяць усё адказна, на сумленне, адразу бачны прафесіяналы сваёй справы. Гэтыя людзі не выпадковыя ў меліярацыі, падчас размовы з імі бачны запал у вачах і непадробнае жаданне зрабіць усё магчымае, каб родная старонка з кожным годам больш квітнела.

З задавальненнем карэспандэнты «раёнкі» наведаліся ў чарговы раз у Пружанскае ПМС, каб зарадзіцца энергіяй дружнага і зладжанага калектыву, на свае вочы пабачыць вынікі карпатлівай працы і, канечне, павіншаваць работнікаў з прафесійным святам, якое яны адзначаць у гэтую нядзелю. А яшчэ пагутарыць з дырэктарам прадпрыемства Аляксеем Шахновічам, бо хто, калі ні ён, дасканала валодае інфармацыяй, што было зроблена за мінулы год і якія планы на сёлетні, хоча працвітання сваім людзям, пражывае з імі шчаслівыя мінуты працоўнага жыцця.
— Аляксей Аляксеевіч, што знаходзіцца ў падведамаснасці прадпрыемства ці хапае сіл у нашых меліяратараў на гэтыя маштабы?
— Пачнём з працаўнікоў. Штат у нас невялікі, усяго 73 чалавекі. Але гэта людзі, якія не баяцца ніякіх цяжкасцей. Многія ўжо адпрацавалі па 20 гадоў і больш, таму ведаюць цану сваёй рабоце, гараць справай і перадаюць з задавальненнем свой вопыт маладым спецыялістам. Што да плошчаў, то ў Пружанскім раёне амаль 49 тысяч га меліярацыйных зямель, гэта 43% усіх сельскагаспадарчых угоддзяў. Аб’ём сур’ёзны, але вочы баяцца, а рукі робяць. На абслугоўванні прадпрыемства яшчэ знаходзяцца меліярацыйныя сістэмы (35), аўтамабільныя масты (31), агараджальныя дамбы (20 км), тысячы кіламетраў закрытай і адкрытай сеткі. І гэта толькі вяршыня айсберга. Галоўнае — мы накіраваны толькі на рэзультат, намагаемся рабіць усё на выдатна, з навуковым падыходам.

— Дарэчы, пра людзей. Каб чалавек працаваў на аддачу, яго патрэбна заахвоціць…
— Не без гэтага. Добрае слова — адно, але і грашовы складнік не на апошнім месцы. Напрыклад, у мінулым годзе заработная плата склала 2500 рублёў, канкрэтна механізатары, бульдазерысты, экскаватаршчыкі перасягаюць планку ў 3000. Сёлета дадзеную лічбу змаглі павялічыць. Значыць, можна прагназаваць, што людзі застануцца задаволенымі сваім фінансавым становішчам, а, магчыма, з часам прыйдуць і новыя працаўнікі. Дарэчы, ёсць вакантныя месцы, таму шчыра запрашаем.
— А што яшчэ Пружанскае ПМС можа прапанаваць тым, хто прыйшоў працаваць сюды?
— Напрыклад, маладым спецыялістам дапаможам з жыллём, калі ёсць такая патрэба, выплацім пад’ёмныя і будзем даплачваць у першыя гады працы. Заўсёды прапануем білеты на культурныя мерапрыемствы, створаны добрыя бытавыя ўмовы. Маецца свая сталовая, па патрэбе абеды дастаўляюцца двума аўтамабілямі прама на аб’екты.
— Чым застаўся адметным 2025 год і што робіцца ў бягучым?
— Летась асвоілі 1234 га зямель пасля рэканструкцыі меліярацыйных сістэм, а яшчэ 683 га — пасля культуртэхнічнай меліярацыі. З фінансавай пазіцыі гэта 8,4 мільёна рублёў у аб’ёме выкананых работ (130% да 2024 года). Сёлета гэта агульная плошча ў 1840 га, патрэбна асвоіць 10 мільёнаў рублёў. Сумы, як бачыце, немалыя, але і аб’ёмы работ таксама ўражваюць. Стараемся ўсё выконваць своечасова, а недзе і з апярэджаннем графіка. Цяпер вось актыўна праводзім абкошванне каналаў у сельгаставарыствах раёна. Робім гэта па графіку, які зацверджаны на абласным узроўні і раённым упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні.
— Калі хочаш якасна выканаць работу, то патрэбна і адпаведная тэхніка, калі гаварыць канкрэтна пра меліярацыю.
— Бясспрэчна. За апошнія дзесяць гадоў на 100% абнавілі парк экскаватараў. Не так даўно набылі энерганасычаны трактар «Беларус-3522». Заўсёды ў спраўным стане падтрымліваем астатнюю тэхніку. Бо без машын немагчыма якасна і ў тэрмін правесці вызначаную работу. І з запаснымі часткамі таксама праблем не маем, яны дастаўляюцца своечасова, бо прастой любой адзінкі тэхнікі дарагога каштуе, зрывае планы і павышае нагрузку на іншых працаўнікоў.

— А ўвогуле, Аляксей Аляксеевіч, што такое для Вас меліярацыя?
— Гэта неад’емная частка майго жыцця. Калі ты бачыш вынік сваёй працы (чыстыя і роўныя каналы, расчышчаныя землі, якія гатовы да выкарыстання, рэканструяваныя сістэмы), тады разумееш значнасць меліярацыі для сваёй краіны. А яшчэ з’яўляецца жаданне зрабіць больш магчымага, каб вока радавалася прыгожымі беларускімі прасторамі.
— Чаго б Вы пажадалі сваім працаўнікам напярэдадні прафесійнага свята?
— З нагоды Дня меліяратара жадаю жыцця, якое падобнае на казачнае поле цудаў, на якім адсутнічае пустазелле крыўды, хвароб і няўдач, а пышным цветам буяе любоў, прыгажосць, здароўе і шчасце. Няхай працуецца з задавальненнем, лёгка дыхаецца на добраўпарадкаванай вамі зямлі! Жадаю прафесійнага прызнання, стабільнасці ва ўсім і гонару за справу, якую абралі.
Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
